4 траўня 2024, Субота, 6:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус прапанаваў замежнікам скінуцца на жыллё сваёй мары

1
Беларус прапанаваў замежнікам скінуцца на жыллё сваёй мары

Наш суайчыннік распрацаваў арыгінальную схему, заснаваную на гасціннасці.

Нестандартны спосаб пакрыць выдаткі на набыццё і рамонт кватэры ў Менску прыдумаў жыхар нашай краіны Аляксандр Дэрыба. Ён прапанаваў замежнікам скінуцца на сваё новае жыллё ў абмен на магчымасць у будучыні правесці ў яго ў гасцях бясплатна да трох дзён, піша belmir.by.

«Беларусь - надзвычай прыгожая. Менск - прыгожы, архітэктурна цікавы і зялёны. Людзі тут выдатныя, прыемныя і прыгожыя. Вы ўбачыце гэта самі, калі прыедзеце. А калі зробіце гэта, у вас будзе месца, дзе спыніцца, - у цэнтры сталіцы, на плошчы Перамогі. Таму што я гатовы падзяліцца домам маёй мары. Апартаменты амаль гатовыя. Для маёй сям'і. Для мяне. І для вас».

Так коратка прэзентаваў Аляксандр сваю кампанію збору сродкаў на краўдфандынгавым сайце Indiegogo.

Як паведамляецца ў апісанні, ён разам з жонкай і двума дзецьмі жыў раней у прыгарадзе Менска. А цяпер прадае гэтую нерухомасць і пераязджае ў кватэру ў гістарычным цэнтры сталіцы.

Дамова аб продажы старога жылля ўжо падпісаная і дамова па куплі новага - таксама, тлумачыць аўтар абвесткі. Але трэба аплаціць розніцу, на якую ўзяты крэдыт, - блізу 20 тысяч даляраў.

Акрамя таго, трэба зрабіць рамонт. Гэта яшчэ прыкладна 20 тысяч. Прычым гаворка ідзе пра мінімум. Угода будзе закрытая ў жніўні, а заедзе сям'я ў кватэру на плошчы Перамогі ў лістападзе-снежні.

«Што атрымліваеце вы? Любы, хто дапаможа, па-за залежнасці ад аб'ёму дапамогі, зможа бясплатна пажыць з намі ў нашай кватэры ў цэнтры Менска да трох дзён падчас свайго візіту ў краіну, пачынаючы з 2019 года. У выпадку, калі яе не займае нехта іншы з тых, хто падтрымаў. Калі ж яна будзе занятая, усё роўна змагу бясплатна паказаць вам горад», - абяцае Аляксандр.

Ён раскрывае магчымыя рызыкі. Калі не будзе сабраная ўся жаданая сума, то, магчыма, у кватэры не ўдасца завяршыць рамонт. У гэтым выпадку гасцям давядзецца мірыцца з «негламурнымі апартаментамі».

Таксама, магчыма, давядзецца чакаць чаргі, пакуль не з'едуць папярэднія госці. Але можна ж і ўсё спланаваць загадзя, тлумачыць ён.

Аўтар абвесткі яшчэ і яшчэ раз рэкламуе краіну, у якой жыве. «Яна зялёная, у ёй шмат азёр. Лясы. Рэкі. Гісторыя. І дарэчы, тут пройдуць у 2019 годзе II Еўрапейскія гульні», - адзначае ён.

«Вы можаце сустрэць у нас прыгожых лэдзі або джэнтльменаў. Дарэчы, начное жыццё Менска надзвычай прыгожае. Ну, у самым горшым выпадку, завязу вас на рыбалку», - жартуе Аляксандр.

Ён нагадвае, што цяпер для наведвання Беларусі неабавязковая віза. І прыкладае time-lapse відэа з прыгожымі відамі сталіцы, а таксама пару фотаздымкаў, на якіх выяўленая плошча Перамогі і праспект Пераможцаў.

Мэта кампаніі на Indiegogo - сабраць 40 тысяч даляраў. Пакуль ідэю не падтрымаў ні адзін чалавек, але наперадзе яшчэ два месяцы. Пры гэтым нават калі акумуляваная сума будзе меншай, чым заяўленая, грошы ўсё роўна паступяць аўтару абвесткі, сказана ў апісанні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках