3 траўня 2024, Пятніца, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штурм паліклінікі ў Рэчыцы: лекарка ўдарыла пацыента

22
Штурм паліклінікі ў Рэчыцы: лекарка ўдарыла пацыента

Бойка адбылася ў кабінеце неўролага.

Інфармацыйны партал «Рэчыца. Без цэнзуры» выклаў фота- і відэаздымкі штурму кабінетаў цэнтральнай раённай лякарні падчас платнага праходжання камісіі. Кіроўцы, педагогі, прадаўцы, паляўнічыя павінны шмат часу траціць на чэргі, у выніку ўзнікаюць спрэчкі і канфлікты, паведамляе «Радыё Свабода».

«Дурдом» раённага значэння

12 ліпеня ў кабінеце неўролага адбылася бойка, падчас якой лекарка ўдарыла рукой пацыента, які здымаў канфлікт на відэа. Як сцвярджаюць чытачы сайта на форуме, пасля гэтага давялося выклікаць міліцыю ў будынак паліклінікі.

З паведамленняў каментатараў, адным з самых «гарачых» стаў кабінет неўролага Алены Шаўчэнкі, у чарзе да якой трэба адседзець паўдня ці нават больш. Нават сама лекарка прызналася: ёй страшна, бо ў выніку людзі могуць пайсці на штурм - пад дзвярыма ўвесь час штурханіна і лаянка.

АЛЕНА ШАЎЧЭНКА

Зрэшты, не задаволеныя сітуацыяй і самі лекары, якія прызнаюць, што такі «дурдом» мае месца толькі ў Рэчыцы. Планавую медкамісію адначасова праходзяць работнікі метызнага завода, аддзела адукацыі, а таксама аўтааматары і ахвочыя легалізаваць зброю.

«Радыё Свабода» звярнулася па тлумачэнне сітуацыі да Сяргея Тананыкіна, намесніка галоўнага лекара ў медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Рэчыцкага раёна. Ён заявіў, што гэта быў выключны выпадак, звычайна медагляд праходзяць спакайней.

«На жаль, гэта экстраардынарны выпадак, які можа ўзнікнуць дзе заўгодна, не толькі ва ўстанове аховы здароўя, і нават не столькі, - сказаў Тананыкін. - Хай міліцыя сама займаецца гэтым пытаннем, прынамсі, пакуль я не ведаю ні вынікаў гэтай справы, ні якім чынам падзеі будуць развівацца далей».

Прычыны ажыятажу

Наведвальнікі кажуць, што да саміх лекараў прэтэнзій не маюць. Наадварот, яны захопленыя вытрымкай і цярпеннем медыкаў. За вінаватых яны ўважаюць дзяржаўныя арганізацыі, якія спрабуюць адначасова ўціснуць супрацоўнікаў у адзін графік.

«Розныя прычыны, у тым ліку што тычацца графіка прадпрыемстваў, - кажа Сяргей Тананыкін. - І калі здараецца збой - з віны завода або работніка - пачынаюць ісці, калі ім зручна, ствараючы перадумовы да «перагружанасці». Гэта значыць, прыходзіць людзей больш, чым запланавана. Акрамя вытворчасцей, узгодненых графікам, звяртаюцца і тыя, каго прадугледзець нельга. Гэта і аўтакіроўцы, і аматары нашэння зброі, і супрацоўнікі аддзела адукацыі, якія карыстаюцца летнім адпачынкам. Плынь непрадказальная. Гэта стварае ажыятаж, большую колькасць людзей, чым мы меркавалі спачатку».

Неўролагам накіравалі дапамогу

Сяргей Тананыкін мяркуе, што сезонны ажыятаж пойдзе на спад сам па сабе, а каб палепшыць сітуацыю, на агляды накіравалі яшчэ аднаго спецыяліста:

«З улікам спякоты, людзі, зразумела, на нервах: дастаткова камусьці выйсці з сябе, каб стварыць канфліктную сітуацыю. Натуральна, рэагуем, спрабуем стварыць планавасць, а ўсе спрэчкі развязаць на месцы. Нягледзячы на тое, што толькі адна стаўка неўролага, дадаткова са стацыянара накіравалі туды дапамогу, каб дапамагчы ліквідаваць наплыў людзей. Справа ў тым ліку ў сезоннасці. Скажам, была ўступная кампанія, абітурыенты вымушаныя браць даведкі аб магчымасці навучання ў абранай спецыяльнасці. Нават праз гэта быў пэўны ажыятаж».

Са слоў Сяргея Тананыкіна, паліклініка медаглядаў працуе да 18.00, але некалькі дзён запар ён пад'язджаў туды бліжэй да 18.30, і ўстанова яшчэ працавала - дзверы зачыняюцца толькі пасля апошняга прынятага пацыента.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках