4 траўня 2024, Субота, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці стане Вугоршчына вялікім газавым вузлом у Цэнтральнай Еўропе?

3
Ці стане Вугоршчына вялікім газавым вузлом у Цэнтральнай Еўропе?

У Вугоршчыне мяркуюць, што эра манаполіі «Газпрома» ў рэгіёне падышла да канца.

Некалькі гадоў таму ў румынскай частцы Чорнага мора было выяўлена вялікае газавае радовішча, піша «Нямецкая хваля». Паводле папярэдніх падлікаў, яго запасы складаюць як мінімум 40 млрд кубамэтраў газу, аднак могуць дасягаць і 200 млрд кубамэтраў. Гэтага дастаткова, каб з лішкам задаволіць патрэбы Румыніі на наступныя некалькі дзесяцігоддзяў. Акрамя таго, газ можна будзе нават экспартаваць.

Здабыты ў Чорным моры газ плануюць транспартаваць у еўрапейскія краіны па новым трубаправодзе BRUA, які, згодна з першапачатковым планам, павінен меўся звязаць Балгарыю, Румынію, Вугоршчыну і Аўстрыю. BRUA, будаўніцтва якога ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), мерацца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе.

Вугоршчына імкнецца да лідэрства ў энэргетычным сэктары рэгіёну

У той жа час рэалізацыя праекта ўскладняецца тым, што дзяржавы, якія бяруць у ім удзел, кіруюцца рознымі, часам процілеглымі матывамі. З аднаго боку, заходнееўрапейскія краіны, у тым ліку Аўстрыя, мерацца дыверсіфікаваць пастаўкі газу і тым самым знізіць сваю энэргетычную залежнасць ад Расеі. З імі супрацоўнічаюць амэрыканская кампанія Exxon і аўстрыйскі канцэрн OMV, якія займаюцца выведкай радовішчаў у Чорным моры.

У сваю чаргу Вугоршчына імкнецца заняць вядучыя пазіцыі ў энэргетычным сэктары Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы. У ліпені 2017 года ўлады ў Будапэшце абвясцілі, што газаправод BRUA дойдзе толькі да Вугоршчыны і не перасячэ мяжу Аўстрыі. Раней меркавалася, што канчатковым пунктам трубаправода мае стаць аўстрыйскі горад Баўмгартэн, дзе знаходзіцца найважнейшы газаразмеркавальны цэнтр у Цэнтральнай Еўропе.

У Вугоршчыне, аднак, сцвярджаюць, што далейшае транспартаванне газу можна цалкам забяспечыць і праз тэрыторыю Славаччыны. Шмат якія экспэрты мяркуюць, што такім чынам Будапэшт спрабуе скласці Вене канкурэнцыю і сыграць ключавую ролю ў транзіце блакітнага паліва ў такія краіны, як Славаччына, Сербія, Харватыя і Украіна.

У лютым 2018 года прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан абвясціў аб "заканчэнні эры расейскай газавай манаполіі": з ягоных слоў, Вугоршчына ладзіцца на працягу 15 гадоў штогод закупляць у Румыніі больш за 4 млрд кубамэтраў газу. Такім чынам, ужо ў 2021-22 гадах румынскі газ будзе забяспечваць больш за палову патрэб Вугоршчыны ў імпарце блакітнага паліва. У выніку Вугоршчына і ўвесь рэгіён у цэлым апынецца ў значна больш выгадным геастратэгічным становішчы, чым раней, падкрэсліў Орбан.

Румынія робіць больш жорсткім закон аб падаткаабкладанні здабыўных кампаній

Што ж да Румыніі, то тут не сціхаюць спрэчкі на тэму нядбайнасці і карупцыі ў тым, што тычыцца выдачы ліцэнзій газаздабыўным канцэрнам. Раней адпаведныя дазволы можна было атрымаць параўнальна танна - гэта азначае, што фактычна Бухарэст самахоць пазбаўляў сябе значных сродкаў.

Становішча маюць змяніць заканадаўчыя папраўкі, ухваленыя на пачатку ліпеня румынскім парламентам. Згодна з новымі правіламі, якія яшчэ не ўвайшлі ў дзеянне, падатак на здабычу газу будзе складаць 13 адсоткаў ад яго кошту. Да таго ж закон прадугледжвае змену ўзроўню падаткаабкладання здабыўных кампаній у залежнасці ад змены рынкавых коштаў, а таксама ўвядзенне падатку на дадатковыя даходы кампаній.

Між тым румынскія апазіцыйныя палітыкі раскрытыкавалі прынятыя папраўкі. На іхні погляд, большасць іншых газаздабыўных краін абкладаюць энэргетычныя канцэрны значна больш высокімі мытамі і падаткамі.

Вугоршчына не адварочваецца ад Расеі

Як бы тое ні было, вугорскія экспэрты мяркуюць, што ў спрэчцы вакол чарнаморскага газу Будапэшт будзе і далей граць ключавую ролю. Эканаміст Андраш Дэак адзначае, што Вугоршчына ўпершыню за 60 гадоў зможа імпартаваць газ не з Расеі. "Не скарыстацца такой магчымасцю было б вельмі недарэчы", - упэўнены экспэрт.

У той жа час адкрытымі застаюцца пытанні аб тым, якім чынам урад Орбана зможа гарантаваць бесперашкодны транзіт газу за прымальную плату праз тэрыторыю Вугоршчыны, а таксама ці зможа ён выкарыстоўваць румынскі газ у якасці казырнай карты падчас перамоў з Масквой.

Што ж да заяў прэм'ера Орбана аб зніжэнні залежнасці Вугоршчыны ад расейскага газу, то гэта зусім не кажа аб змене яго палітычнага курсу. Са слоў Дэака, Орбан па-ранейшаму сімпатызуе Крамлю.

"На гэты момант у палітычным плане Расея грае для Орбана не такую важную ролю, бо пазіцыі Ангелы Мэркель (Angela Merkel) саслаблі, і Вугоршчына больш не з'яўляецца такім выгнанцам (у ЕЗ - рэдакцыя), як пару гадоў таму, - тлумачыць экспэрт. - Акрамя таго, Вугоршчына робіць стаўку на ўмацаванне стасункаў з ЗША, дзе прэзідэнт - Дональд Трамп. У той жа час Будапэшт пакуль не развітваецца з Масквой, а толькі злёгку ад яе дыстанцуецца".

Такога меркавання пільнуецца і палітолаг, спецыяліст у галіне вугорска-расейскіх дачыненняў Петэр Крэка. Паводле ягоных слоў, у гэты момант Віктар Орбан спрабуе наладзіць стасункі з ЗША і краінамі Заходняй Еўропы. Таму, тлумачыць Крэка, Орбану вельмі важна паказаць - як сваім уласным грамадзянам, так і міжнароднай аўдыторыі, - што ён не залежыць ад прэзідэнта Пуціна.

Што ж да спрэчкі вакол газавага радовішча ў Чорным моры, то, з’яўляючыся краінай з абмежаванымі рэсурсамі, Вугоршчына імкнецца стаць свайго кшталту энэргетычным вузлом у рэгіёне. "Такім чынам Орбан хоча павялічыць і свой рэгіянальны ўплыў - нават калі ў канкрэтным выпадку гэта наўпрост не звязана з экспартам ягонац ідэалогіі ў краіны Паўднёва-Усходняй Еўропы", - падрахаваў вынік экспэрт.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках