4 траўня 2024, Субота, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія ўладальнікі замежных футбольных клубаў фундуюць пратэсты ў Македоніі

Расейскія ўладальнікі замежных футбольных клубаў фундуюць пратэсты ў Македоніі
ФОТА: AFP

Грошы атрымалі не толькі мясцовыя палітыкі, але і сябры нацыяналістычных арганізацый.

BuzzFeed і OCCRP паведамілі навіну, якая на фоне перамоў Пуціна і Трампа прайшла незаўважанай. Македонская даследчая арганізацыя Investigative Reporting Lab Macedonia атрымала дакументы мясцовага МУС, у якіх пазначаны чалавек, што падазраецца ў фінансаванні масавых непарадкаў у сталіцы краіны Скоп'і. Іх мэта - не дапусціць ўступлення краіны ў NATO. Прозвішча бізнэсоўца вельмі добра вядомае ў футбольных колах - Іван Савідзі, піша sports.ru.

Да цяперашняга часу ўступленне ў NATO і Еўразвяз Македоніі блакуецца Грэцыяй. Рэч, вы будзеце смяяцца, у назве краіны. Слова «Македонія» ёсць у назве некалькіх грэцкіх рэгіёнаў, і Атэны асцерагаліся, што суседзі пачнуць прэтэндаваць на іх. Сёлета краіны дамовіліся, што Македонія зменіць назву і стане Паўночнай Македоніяй, аднак рэферэндум у гэтым пытанні мае прайсці толькі ўвосень. Тым не менш за 11 ліпеня лідэры краін NATO на саміце ў Брусэлі афіцыйна прапанавалі Македоніі пачаць перамовы аб уступленні ў альянс.

Іван Савідзі - уладальнік растоўскага холдынгу «Агроком», куды ўваходзіць фабрыка «Данскі тытунь». Былы дэпутат Дзяржаўнай Думы, які пачынаў рабочым на мясцовай тытунёвай фабрыцы, быў прэзідэнтам і фундатарам «Растова» і СКА, аднак поспехаў не здабыў ні водным з гэтых клубаў. Цяпер ён валодае грэцкім ПАОКам. У сакавіку сёлета Савідзі на хатнім матчы ПАОК супраць АЕКа прадпрымальнік выбег на поле з пісталетам у кабуры і пагражаў расправай арбітру. У выніку быў сарваны не толькі матч, але нават перапынены чэмпіянат Грэцыі, а ўлады выдалі ордэр на арышт Савідзі. Але ўсё абышлося - ён адплаціўся трохгадовай забаронай на наведванне футбольных матчаў і штрафам 100 тысяч еўраў.

Як высветлілі македонскія следчыя, Савідзі перадаў сама менш 300 тысяч еўраў супраціўнікам перайменавання Македоніі, то бок фактычным супраціўнікам ўступлення краіны ў супраціўнікам. Грошы атрымалі не толькі мясцовыя палітыкі, але і сябры нацыяналістычных арганізацый, а таксама групоўка фанатаў футбольнага клуба «Вардар», якія сталі галоўнымі ўдзельнікамі непарадкаў у Скоп'і пасля падпісання пагаднення паміж Македоніяй і Грэцыяй.

Прэм'ер-міністр Македоніі Зоран Заеў заявіў, што ўрад атрымаў мноства паведамленняў, што «грэцкі бізнэсовец, які спачувае інтарэсам Расеі», плаціў македонцам сумы ад 13 да 21 тысячы даляраў за «ўчыненне актаў гвалту» напярэдадні рэферэндуму аб перайменаванні краіны. Расследаванне цяпер яшчэ не закончанае.

Сябры фанацкай групоўкі «Вардара» пацвердзілі Investigative Reporting Lab атрыманне грошай ад Савідзі.

Цікава, што «Вардар» належыць іншаму растоўскаму бізнэсоўцу Сяргею Самсоненку. Ягоным асноўным актывам з'яўляецца букмэкерская кампанія «Бэтсіці». У македонскі спорт ён увайшоў як паспяховы ўладальнік мужчынскай і жаночай гандбольных камандаў «Вардар». Потым ён яшчэ узяўся і за аднайменны футбольны клуб.

Выходзіць, што два растоўскія бізнэсоўцы звязаны з непарадкамі ў Скоп'і, прычым, ясная рэч, што наўрад такое адбылося выключна з патрыятычных пачуццяў. Асабліва ўлічваючы гучную гісторыю ў Чарнагорыі. Увосень 2016 года яе ўлады паведамілі пра спробу перавароту, арганізаванага грамадзянамі Расеі і Сербіі пры ўдзеле расейскіх спецслужбаў. Вядома, афіцыйныя расейскія ўлады ўсё адмаўляюць, але чарнагорцы назвалі і прозвішча галоўнага арганізатара няўдалага забойства прэм'ера краіны Мілы Джуканавіча. Такім, паводле версіі пракуратуры, з'яўляецца былы намеснік вайсковага аташэ расейскай амбасады ў Польшчы Эдуард Шышмакоў.

Адмаўляе абвінавачванні і нават пагражае судом журналістам і Іван Савідзі. Каментары Сяргея Самсоненкі пакуль не публікаваліся. А Грэцыя тым часам паведаміла пра высылку двух расейскіх дыпламатаў, якія «дапусцілі паводзіны, накіраванае на ўмяшанне ў праблему былой югаслаўскай рэспублікі Македоніі».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках