«Рэпарцёры без межаў» занепакоеныя бяспекай Наталлі Радзінай і супрацоўнікаў «Хартыі-97»
3- 27.07.2018, 12:04
- 24,757
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» выступіла з заявай.
У заяве арганізацыі гаворыцца:
– «Рэпарцёры без межаў» вельмі занепакоеныя пагрозамі забойства, атрыманымі вядомай беларускай журналісткай Наталляй Радзінай, якая жыве ў выгнанні ў Польшчы, і заклікаюць польскія ўлады ўжыць усе захады, неабходныя для яе абароны.
22 ліпеня журналістка атрымала недвухсэнсоўны ліст з пагрозамі.
Радзіна з'яўляецца рэдактаркай Charter97.org, навіннага сайта, які вельмі крытычна ставіцца да аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэта асноўная крыніца навінаў і інфармацыі ў Беларусі, якая блакуецца са студзеня гэтага года.
«Відавочна, што гэтыя пагрозы зыходзяць ад Беларусі, – сказала Радзіна “Рэпарцёрам без межаў”. – Улады, мабыць, чакалі, што мы спынім працу пасля таго, як “Хартыя-97” была заблакаваная. Але мы не спыняліся ні на адзін дзень, таму цяпер яны пагражаюць пакласці канец іншымі сродкамі. (...) Але мы будзем прадаўжаць працаваць таксама, як заўсёды».
«Гэтыя смяротныя пагрозы журналістцы, якая жыве ў выгнанні ў краіне ЕЗ, павінны быць успрынятыя вельмі сур'ёзна», – сказала Паліна Адэс-Мевел, кіраўніца ЕЗ-балканскага сектару «Рэпарцёраў без межаў». «Мы просім польскія ўлады публічна асудзіць іх, выявіць вінаватых і зрабіць усё, што неабходна для абароны Наталлі Радзінай і ейных супрацоўнікаў».
Радзіна знайшла прытулак у Еўразвязе ў сакавіку 2011 года, пасля арышту ў снежні 2010 года і двухмесячнага зняволення ў беларускім КДБ. Заснавальнік «Хартыі-97» Алег Бябенін быў знойдзены павешаным пад Менскам у верасні 2010 года.
Польшча займае 58-е месца з 180 краінаў у Індэксе свабоды друку «Рэпарцёраў без межаў» 2018 года. Беларусь займае 155-е месца.