Ці ўбачыць нарэшце ўрад пенсіянераў са свайго паверха?
7- 29.07.2018, 21:54
- 22,734
Некалькі слоў пра трагічную гісторыю ў Магілёве.
Навіна з Магілёва, дзе муж злоўленай на крадзяжы фаршу ў краме пенсіянеркі памёр ад перажытага стрэсу, амаль згубілася ў плыні паведамленняў. Між тым, яна заслугоўвае асаблівай увагі, піша «Салiдарнасць».
Магілёўскі журналіст, які стаў сведкам непрыемнай сцэны ў краме, на сваёй старонцы ў сацсетках паспрабаваў зразумець паводзіны прадаўцоў, якія занялі прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да пенсіянеркі. Маўляў, ім жа потым і прыйшлося б са сваёй кішэні аплачваць скрадзенае.
Гэтая гісторыя кажа пра тое, што для простых беларусаў наступаюць складаныя часы. Яшчэ нядаўна мы ціха жахаліся ад такіх навін з суседняй Расеі. Цяпер жа, хутчэй за ўсё, да такіх інцыдэнтаў давядзецца звыкаць і нам.
Як тут не ўспомніць сакавіцкі даклад урада, на якім кіраўнік дзяржавы паўшчуваў чыноўнікаў за тое, што «людзі пакуль не адчуваюць паляпшэнняў». Тады Аляксандр Лукашэнка асобна спыніўся на незайздросным становішчы беларускіх пенсіянераў:
- З гэтага ж паверха пенсіянеры не бачныя. Мы ж яшчэ на пенсію не выйшлі, у нас і заробкі нармальныя, таму чаго там перажываць за гэтых пенсіянераў. Вось цяпер можна сказаць: ведаеце, у свеце мруць пенсіянеры, а ў нас яшчэ выжываюць. Таксама матывацыя?
Магілёўская гісторыя кажа: ужо мруць і ў нас. Напэўна, самы час сысці з паверху і ўбачыць пенсіянераў, гатовых здароўем, а то і жыццём рызыкаваць за кавалак фаршу.