Купалле: традыцыі і гісторыя свята
4- 6.07.2018, 15:51
- 19,170
Нашы продкі з размахам адзначалі гэтае старажытнае свята.
Купалле - гэта старажытнае паганскае свята, якое адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Пасля прыняцця хрысціянства яно часткова трансфармавалася ў царкоўнае, піша «Вокруг света».
Гісторыя свята
У дахрысціянскія часы Купаллем (Купайлам) называлі старажытнаславянскае салярнае боства, а таксама бога ўрадлівасці. Святам у яго гонар заканчваўся гадовы цыкл каляндарных святаў.
Пазней 7-га ліпеня сталі адзначаць хрысціянскае свята - Нараджэнне Іаана Прадцечы - папярэдніка Ісуса Хрыста, які прадказаў прышэсце Месіі. У выніку хрысціянскага напластавання народнае свята Купала стала называцца Івана Купала, але некаторыя паганскія абрады і песні ў гонар Сонца захаваліся.
Сёння Купалле - гэта ўсходнеславянскі эквівалент Дня Святога Іаана (Янаў дзень) і Дня летняга сонцастаяння ў астатняй частцы свету, які адзначаюць паводле юліянскага календара 24 чэрвеня.
Традыцыі і абрады
Нашы продкі святкавалі Купалле 20-22 чэрвеня (па старым стылі) у час летняга сонцастаяння: увечары, уночы і ў сам дзень Купала. Меркавалася, што ў гэты час сонца аддае ўсяму жывому больш свайго цяпла і святла, таму расліны атрымліваюць цудадзейныя ўласцівасці.
Галоўнымі персанажамі свята былі Купала і Марэна, якія ўвасаблялі мужчынскае і жаночае боства. Іх выбіралі сярод юнакоў і дзяўчат альбо выраблялі ў выглядзе іх пудзілы. Спалучэнне мужчынскай і жаночай стыхій сімвалізавала галінка вярбы - Купайліца.
Свята пачынаецца ўвечары, напярэдадні Купалля. Эпіцэнтрам гулянняў з'яўляецца купальскае вогнішча, а адным з галоўных рытуалаў - ачышчэнне агнём. Дзеці і маладзёны скачуць праз вогнішчы, каб увесь год быць здаровымі. А пары, якім удалося пераскочыць разам, вераць, што сёлета справяць вяселле. А вось падзенне ўважаецца за дрэнны знак.
Тыя ж дзяўчаты, якія яшчэ не сустрэлі свайго каханага, варожаць на яго на напярэдадні Купалля: плятуць вянкі і кідаюць іх у ваду. На другім беразе вадаёма стаяць хлопцы і дастаюць тыя вянкі, якія да іх прыплылі. Чый вянок хлопец дастане, таго дзяўчына павінна пацалаваць і быць з ім у пары падчас свята.
Калі забавы сціхаюць, людзі запальваюць ад галоўнага вогнішча свечкі на нарыхтаваных загадзя вяночках і ідуць да ракі, каб пусціць іх на ваду і ўшанаваць продкаў.