3 траўня 2024, Пятніца, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі ЗША адправяць расейскіх нафтавікоў у каменны век

2
Санкцыі ЗША адправяць расейскіх нафтавікоў у каменны век
ФОТА: AFP

Новыя санкцыі закрануць у тым ліку прасунутыя тэхналогіі ў сэктары нафты і газу.

Новыя санкцыі ЗША, анансаваныя Дзяржаўным дэпартаментам у сераду, якія ўваходзяць у дзеянне з 22 жніўня, стануць "горкай пілюляй" для расейскіх нафтавікоў, якія трапілі ў залежнасць ад паставак замежнага абсталявання, піша сайт finanz.ru.

Абмежавальныя захады, якія ўводзяцца праз выкарыстанне Масквой хімічнай зброі для атручвання экс-выведніка Сяргея Скрыпаля, закрануць у тым ліку "прасунутыя тэхналогіі ў сэктары нафты і газу", паведаміў Дзяржаўны дэпартамент у чацвер.

У выніку пад пагрозай апынуцца праекты перапрацоўкі і здабычы, папярэджвае дырэктар групы прыродных рэсурсаў і сыравінных тавараў Fitch Ratings Дзмітрый Марынчанка.

"Забарона на імпарт можа негатыўна адбіцца на магчымасці расейскіх кампаній працягваць мадэрнізацыю НПЗ" і развіваць нафта- і газахімію, тлумачыць Марынчанка: у гэтых галінах залежнасць ад заходніх тэхналогій даволі высокая, а замяніць іх на кітайскія і расейскія аналагі цалкам немагчыма.

"Пад пагрозай апынуцца новыя праекты ў сферы ЗПГ" і нафтаздабыча, "дзе заходняе абсталяванне выкарыстоўваецца на найбольш складаных праектах", працягвае экспэрт.

Дзейных санкцый было дастаткова, каб тэхналагічная база нафтавай галіны цалкам спынілася ў развіцці: дзель прынцыпова новых распрацовак упала з 30% у 2011 годзе да 0% - у 2016-м, кажа намеснік дырэктара Цэнтра развіцця ВШЭ Валерый Міронаў.

Сітуацыя ўжо выглядае непрымальнай, мяркуе ён: каэфіцыент здабывання нафты для распрацоўваных радовішчаў у Расеі складае ў сярэднім блізу 25%, тады як у свеце ў лідэраў - да 45%.

Галоўнай праблемай стане немагчымасць падтрымліваць здабычу на старых радовішчах, піша дырэктар энэргетычнага цэнтра пры Маскоўскай школе кіравання "Сколкава" Таццяна Мітрова: за апошнія тры гады ў краіне не было створана ніводнага флоту гідраразрыву пласта, а існы флот імкліва занепадае.

Пад 2025 год Расея можа страціць 5% ад здабычы нафты, а пад 2030-ы - блізу 10%, або 1,1 млн барэляў на дзень, прагназуе Мітрова. У грашовым вылічэнні пры бягучым нафтавым кошце гэта 28,5 млрд даляраў экспартнага даходу штогод.

Калі санкцыі закрануць увесь пералік заходніх тэхналогій і паслуг, патрэбных Расеі, то праблемы могуць узнікнуць і ў айчынных распрацоўшчыкаў, мяркуе кіраўнік кірунку "Газ і Арктыка" цэнтра энэргетыкі Сколкава Раман Самсонаў: пад абух санкцый могуць патрапіць трымальнікі патэнтаў, якія не змогуць дзяліцца інтэлектуальнай уласнасцю з РФ.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках