Дзве беларускі згуляюць адна супраць аднае на турніры ў Цынцынаці
2- 12.08.2018, 11:27
- 7,824
Сасновіч і Лапко пазмагаюцца за выхад у асноўную сетку турніру.
Беларускія тэнісісткі Аляксандра Сасновіч (№36 рэйтынгу WTA) і Вера Лапко (№66 WTA) паспяхова пераадолелі стартавы раўнд кваліфікацыі турніру серыі «Прэм'ер» у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам 2 874 299 даляраў, паведамляе tut.by.
Аляксандра Сасновіч у трох сэтах падолела амерыканку Элісан Рыске (№77 WTA) - 2:6, 7:5, 6:2. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 2 хвіліны.
Вера Лапко ўзяла верх над расейкай Ганнай Блінковай (№102 WTA) - 6:3, 7:5. Матч доўжыўся 1 гадзіну 47 хвілін.
У вырашальным паядынку за выхад у асноўную сетку беларускі Лапко і Сасновіч згуляюць адна супраць аднае.
З асноўнай сеткі пачнуць выступленне ў Цынцынаці дзве беларускі. Арына Сабаленка (№39 WTA) у першым коле згуляе з брытанкай Ёхана Контай (№43 WTA), а Вікторыя Азаранка (№95 WTA) - з гішпанкай Карлай Суарэс Навара (№27 WTA).
У 2013 годзе Вікторыя Азаранка стала пераможцай турніру ў Цынцынаці, падолеўшы ў фінале амерыканку Серэну Уільямс - 2:6, 6:2, 7:6 (8:6).