26 красавiка 2024, Пятніца, 18:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША рыхтуюць новы ўдар па дзяржбанках РФ

3
ЗША рыхтуюць новы ўдар па дзяржбанках РФ

Амерыканскія сенатары падрыхтавалі магутны ўдар па расейскай банкаўскай сістэме.

Разам з санкцыямі супраць расейскай дзяржаўнай запазычанасці, якія абяцаюць Расеі ўцёкі замежных інвестараў і абвал рубля, амерыканскія сенатары падрыхтавалі магутны ўдар па расейскай банкаўскай сістэме, паведамляе finanz.ru.

Практычна не заўважанае становішча ў праекце закона аб пашырэнні санкцыйнага рэжыму прадугледжвае новыя жорсткія абмежаванні ў дачыненні да найбуйнейшых дзяржбанкаў РФ.

Менавіта яны могуць абярнуцца для расейскай эканомікі больш адчувальнай шкодай, чым заклік абмежаваць укладанні ў дзяржаблігацыі, што ўстрывожыў інвестараў, папярэджвае Barclays.

«Самы рэзкі варыянт санкцый у дачыненні да транзакцый з расейскімі банкамі, у рамках якога пад санкцыі падпалі б усе дзяржбанкі, меў бы істотныя наступствы для ўсёй расейскай эканомікі, што магло б быць нават больш хваравітым, чым меры ў дачыненні да суверэннай запазычанасці», - кажа эканамістка Barclays Capital у Лондане Ліза Ярмоленка.

Як паведамляе Bloomberg, у адным з палажэнняў амерыканскага законапраекта прапануецца «забараніць усе аперацыі з усёй маёмасцю або долямі ў маёмасцi адной або некалькіх расейскіх фінансавых арганізацый».

Сярод іх названы Сбербанк, ВТБ і Газпромбанк і Россельхозбанк, якія займаюць першыя чатыры месцы па суме актываў у банкаўскай сістэме РФ.

Тыя ж санкцыі прапануецца распаўсюдзіць на Промсвязьбанк, нацыяналізаваны ў снежні мінулага года і пераўтвораны ў банк для абслугоўвання дзяржабаронзаказу.

У спісе таксама фігуруе Банк Масквы, які быў аб'яднаны з ВТБ у 2016 годзе, і Внешэкономбанк - дзяржкарпарацыя развіцця, з дапамогай якой Крэмль разлічвае фінансаваць новыя мегабудоўлі, уключаныя ў травеньскі ўказ Уладзіміра Пуціна аб паскарэнні эканомікі.

«На гэты момант гэтыя прапановы носяць вельмі шырокі характар і, хутчэй за ўсё, павінны быць удакладнены, улічваючы патэнцыйныя наступствы», - разважае Ярмоленка.

Тым не менш «дакумент відавочна сведчыць пра цвёрды намер пайсці далей, чым раней, каб нанесці шкоду Расеі», дадае яна.

Мэта праекта складаецца ў тым, каб «уводзіць зруйнавальныя санкцыі і іншыя меры ў дачыненні да пуцінскай Расеі, пакуль той не спыніць умешвацца ў электаральны працэс ЗША», не спыніць кібератакі і не адмовіцца ад удзелу РФ у справах Украіны, заявіў рэспубліканец ад Паўднёвай Караліны Ліндсі Грэм на мінулым тыдні.

Сенатар-дэмакрат ад Нью-Джэрсі Боб Менендэс сказаў, што новая ініцыятыва з'яўляецца «наступным крокам у закручванні гаек у дачыненні да Крамля» з тым, каб Пуцін зразумеў, што «ЗША больш не будуць мірыцца з яго паводзінамі».

Той факт, што дэмакраты і рэспубліканцы ў кангрэсе выступаюць «ва ўнісон», сігналізуе, што новы законапраект з вялікай імавернасцю будзе прыняты, кажа стратэг Danske Bank Уладзімір Міклашэўскі.

«Рынак амаль на 100 адсоткаў упэўнены, што санкцыі супраць расейскай дзяржаўнай запазычанасці - гэта пытанне найбліжэйшых месяцаў», - адзначае ён.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках