Reuters: «Газпрам» замарозіў праграмы замежных пазык
1- 6.08.2018, 21:38
- 10,232
Пастанова прынятая на фоне судовых спрэчак з «Нафтагазам» і абвостраных стасункаў Расеі і Захаду.
Кампанія «Газпрам» прыпыніла сваю праграму замежных запазычанняў праз судовую спрэчку з украінскім «Нафтагазам» па пастаўках газу. Пра гэта агенцтву Reuters распавялі тры банкаўскія крыніцы, паведамляе РБК.
У чэрвені Камерцыйны суд Лондана дазволіў замарозіць актывы «Газпрама» ў Вялікабрытаніі ў рамках развязання Стакгольмскага арбітражу ў спрэчцы з «Нафтагазам», згодна з якім расейская кампанія абавязаная выплаціць украінскай кампаніі $2,6 млрд.
Як паведамляюць суразмоўцы Reuters, пастанова лонданскага суду, магчыма, напалохала заходнія банкі, якія традыцыйна працуюць з «Газпрамам», бо яно павышае імавернасць таго, што любыя новыя сродкі, якія кампанія можа заняць праз Лондан, таксама могуць быць замарожаны. У сувязі з гэтым, на думку суразмоўцаў выдання, «Газпрам» пачаў сутыкацца з больш дарагімі пазыкамі.
Чарговую сустрэчу з інвестарамі, якая планавалася ў сярэдзіне чэрвеня, «Газпрам» скасаваў, распавёў агенцтву адзін з банкіраў, які ўдзельнічаў у гэтых перамовах. Гэта адбылося за некалькі дзён да пастановы суда Лондана аб замарозцы актываў.
З ягоных слоў, пастанова аб прыпыненні праграмы замежных запазычанняў «Газпрам» прыняў на фоне адносін, якія абвастрыліся паміж Масквой і Захадам праз санкцыі ЗША супраць расейскіх бізнэсоўцаў і атручвання ў Вялікабрытаніі экс-супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. Два іншых неназваных лонданскіх банкіры заявілі, што сваёй пастановай прыпыніць запазычанні «Газпрам» заняў асцярожную пазіцыю напярэдадні пастановы суда Лондана.
Адна з крыніц таксама распавяла, што «Газпрам» планаваў восенню выпуск еўрааблігацый у еўра і японскай ене, але і гэтыя планы зайшлі ў тупік. Гэты ж суразмоўца дадаў, што адзін з банкаў, які працуе з «Газпрамам», прыпыніў вылучэнне пазыкі расейскай кампаніі, пакуль сітуацыя вакол яго фінансаў на Захадзе не стане больш зразумелай.
«Наколькі я разумею, закрануты разлікі з замежнымі банкамі, якія здзяйсняюцца праз Лондан», - прыводзіць Reuters словы іншага суразмоўцы. Яшчэ адна крыніца, спасылаючыся на банкіра, які працуе з «Газпрамам», сказаў, што кампанія спыніла праводзіць плацяжы праз банкі ў Вялікабрытаніі. У той жа час пастанова лонданскага суда не перашкаджае «Газпраму» абслугоўваць непагашаныя запазычанасці, сказаў Reuters адвакат, знаёмы з судовым працэсам.