4 чэрвеня 2024, aўторак, 4:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяржант з Печаў: Так, перавышаў уладу. Гэта быў нервовы зрыў

14
Сяржант з Печаў: Так, перавышаў уладу. Гэта быў нервовы зрыў

Абвінавачаны паводле справы Коржыча распавёў аб здзеках у падраздзяленні.

У судзе паводле справы аб гібелі Коржыча скончылі дапытваць пацярпелых і сведак - на гэта сышоў месяц. У аўторак, 11 верасня, пачаўся допыт абвінавачаных, піша kp.by.

Першым паказанні дае сяржант Яўген Бараноўскі. Яго прызвалі ў Печы ў 2016 годзе, з ліпеня 2017-га ён стаў камандзірам аддзялення, атрымаў званне сяржанта.

Маладзён трымае ў руках стос лістоў з абвінавачваннем, нервова мне лісты, загінае куткі.

- У сувязі з чым вам прысвоілі воінскае званне? Вы чымсьці вызначыліся?

- Тэрмін прыйшоў, таму і прысвоілі. Нічым іншым я растлумачыць не змагу, - адказаў Бараноўскі. Пракурор эмацыйна заўважыў, што проста так воінскія званні не раздаюць.

Абвінавачаны часта адказвае на пытанні «не ведаю», «патлумачыць не магу», «не памятаю». Напрыклад, ён не ведаў пра тое, што паводле закона вайскоўцам нельга прымаць рэчы і грошы, атрымліваць іншую выгаду. Грошы, якія ён браў у некаторых жаўнераў за карыстанне смартфонамі, Бараноўскі называе не хабарамі - на ягоную думку, гэта было злоўжыванне ўладай. Са слоў Яўгена, пры ім жаўнеры мабільнікамі не карысталіся.

- Падыходзіў да мяне і шараговец Коржыч з просьбай дазволіць карыстацца тэлефонам не статутнага ўзору. 40 рублёў я прыняў, але не ў якасці хабару - гэта было злоўжыванне ўладай, - мяркуе абвінавачаны. Але патлумачыць, чаму ён уважае гэтыя эпізоды за злоўжыванне ўладай, не можа.

Атмасфера ў судзе напружаная. Абаронца Бараноўскага раз-пораз заяўляе пратэст супраць пытанняў пракурора, а дзяржабвінаваўца мяркуе, што адвакат жэстамі дапамагае свайму падабароннаму, хоць сядзіць яна спіной да клеткі.

- Ніводнага жэсту не было! Высокі суд, я прашу зрабіць заўвагу дзяржабвінаваўцу, - абураная адвакат.

«Камандзір роты патрабаваў ад мяне прадукты, а я часам прасіў у падначаленых»

Бараноўскі распавядае, што жаўнеры падыходзілі да яго і адпрошваліся, каб схадзіць у краму. Але хабараў ад іх ён не атрымліваў - з ягоных слоў, прадукты сяржанту шарагоўцы часам куплялі добраахвотна, ён ад іх нічога не патрабаваў.

- Наконт Коржыча. У нас склаліся таварыскія стасункі, патрабаваць я ад яго нічога не мог. Часам ён набываў нешта, часам я. Часам мы разам хадзілі, - успамінае Бараноўскі і нечакана дадае:

- Камандзір роты патрабаваў ад мяне прадукты. Часам, калі ў мяне не было сродкаў, я прасіў шарагоўцаў набыць. Гэта тычыцца большасці эпізодаў.

Як камандзір аддзялення, сяржант мог прызначыць падначаленым нарад па-за чаргой за нейкія парушэнні або зрабіць заўвагу. Але прымушаць шарагоўцаў адціскацца па начах або ў іншы час, не прызначаны для заняткаў фізпадрыхтоўкай або спартова-масавых мерапрыемстваў, Бараноўскі не меў права.

- Гэта было за нейкую правіну па службе. Проста так гэтага не магло быць. Папярэджваў не раз: паводзьце сябе добра, а то размовы ў страі, ну там маса была заўваг. А гэта ўжо былі крайнія захады. Уначы я падымаў толькі два разы. Калі ўжо яны давялі. Такія факты былі. Але перад гэтым я заўсёды папярэджваў. Было такое, што прыйшлі з праверкай, а яны размаўлялі. У мяне нервы не вытрымалі, ну і пачалі адціскацца ў процівагазах. Паадціскаліся не больш за хвіліну, аднаму стала дрэнна. Я ўсіх падняў, сам пайшоў з гэтым шарагоўцам да рукамыйніка.

Ён прызнае, што аднойчы наўмысна запэцкаў крэмам для абутку ўнітаз і прымусіў жаўнера яго чысціць.

- Гэта быў нервовы зрыў. Мне сказалі, што шараговец паліў у прыбіральні. Я паклікаў яго і паставіў перад фактам: альбо дакладваю камандзіру роты, альбо туалет. Ён сказаў, што лепш пачысціць туалет.

Бараноўскі кажа, што правяраў пасылкі, якія жаўнерам перадавалі бацькі, бо там маглі быць забароненыя рэчы: спіртное, мабільныя тэлефоны. У абвінавачванні ж сказана, што сяржант забіраў частку прадуктаў сабе.

- Забіраць ні ў кога не забіралі. Было такое, што прыносілі, частавалі. Я паняцця не маю, чаму пацярпелыя казалі інакш.

«Не ведаю, чаму следства зрабіла высновы, што нашы дзеянні пацягнулі самагубства Коржыча»

Сяржант каментуе выпадкі гвалту, названыя ў абвінавачванні. З усіх апісаных эпізодаў, калі Бараноўскі нібыта біў Коржыча, абвінавачаны прызнаў толькі адзін, калі ён ударыў яго два разы чаравікам па назе.

- У вобласць грудной клеткі я ніколі нікога не біў, у вобласць пляча былі такія выпадкі, але дакладна не 40 удараў, удараў 15 магло быць, дакладна не скажу. Каленам у вобласць сцягна - не памятаю такога. У вобласць шыі нікога не біў. Замахнуцца гумавай палкай мог, але не біў.

Са слоў Бараноўскага, з усімі жаўнерамі ён паводзіўся аднолькава. З Коржычам у яго былі таварыскія стасункі, ён не знаходзіўся ў прывілеяваным становішчы.

- Ён падышоў да мяне і папрасіў вызваліць яго ад нарадаў, фізічных нагрузак, прапанаваў грошы. Я зрабіў выгляд, што пагадзіўся, але грошы не атрымліваў. Калі яго выпісалі з медпункта, магчыма, нават у гэты дзень, ён да мяне звярнуўся са скаргамі на болі ў сэрцы. Я адвёў яго ў медпункт – яму памералі ціск, зрабілі кардыяграму, далі валяр'янку. У Коржыча запатрабавалі дакумент, які ў яго быў толькі дома. Я патэлефанаваў Святлане Мікалаеўне. Яна мне нічога не адказала або сувязь знікла. Потым ён мне даў нумар сястры – я дамовіўся з ёй, і цягам тыдня яму прыйшла гэтая даведка.

Бараноўскі кажа, што апошні раз гутарыў з Коржычам 17 верасня. У той дзень ён пазычыў у яго пяць рублёў і абяцаў аддаць пасля таго, як Коржыч выпішацца з медроты.

3 кастрычніка Бараноўскі знаходзіўся на палігоне.

- Калі мне сказалі, што павесіўся Коржыч, я як стаяў - так і прысеў. Я не ведаў, дзе, як, пры якіх абставінах гэта адбылося. Аб прычынах мне нічога не вядома. Я мяркую, што нашы дзеянні не маглі пацягнуць самагубства шарагоўца Коржыча. Ну так, перавышалі ўладу. Я нават не ведаю, як растлумачыць, чаму следства зрабіла такія высновы.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках