2 траўня 2024, Чацвер, 14:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінская праваслаўная царква стане найбуйнейшай у свеце

13
Украінская праваслаўная царква стане найбуйнейшай у свеце

Пасля атрымання аўтакефаліі яна абміне РПЦ па ліку вернікаў.

Зверхнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэт перакананы, што пасля атрымання аўтакефаліі, Украінская праваслаўная царква стане найбуйнейшай у свеце, пакінуўшы ззаду Маскоўскі патрыярхат. Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю агенцтву «РБК Украина».

«Яшчэ ў савецкія часы Украінская царква складала блізу 60 адсоткаў парафій ўсёй Расейскай царквы. Фактычна, Украінскі экзархат складаў больш за палову ўсяго Маскоўскага патрыярхату. Калі цяпер будзе створаная аўтакефальная Украінская царква, да яе пойдзе не менш за палову парафій, і Маскоўскі патрыярхат (МП) не будзе самым буйным у свеце. Гэта значыць, ён ужо не будзе мець такога ўплыву. І ў сусветным праваслаўі наступіць мір», - сказаў Філарэт.

Кіеўскі патрыярх выказаў гатоўнасць прыняць усіх архірэяў УПЦ МП у новую памесную царкву. «Паводле нашых падлікаў, да двух трацін епіскапату гатовыя перайсці ў адзіную царкву. Іх будзе стымуляваць тое, што прыходы МП самі пачнуць туды пераходзіць. Так што архірэі могуць застацца без парафій, і будуць вымушаныя ісці за сваёй паствай», - мяркуе Філарэт. Ён упэўнены, што Украінская царква атрымае аўтакефалію на сінодзе Канстантынопальскай царквы 9-11 кастрычніка.

Гістарычная заслуга Парашэнкі

Філарэт высока ацаніў заслугі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў барацьбе ўкраінскай царквы за атрыманне аўтакефаліі. «У гісторыю прэзідэнт Парашэнкі ўвойдзе незалежна ад таго, ці пераабяруць яго на другой тэрмін. Нельга будзе выкрасліць з гісторыі тое, што менавіта яму ўдалося дамагчыся аўтакефаліі для Украінскай царквы. Папярэднія прэзідэнты таксама гэтага хацелі, але не дасягнулі, а Парашэнка - дасягнуў», - указаў Кіеўскі патрыярх.

Ён адхіліў абвінавачванні РПЦ у тым, што Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей занадта цесна звязаны з ЗША і папам рымскім. «Гэта ўсё расейская прапаганда. Калі вы абвінавачваеце ў гэтым Сусветнага патрыярха, то паглядзіце на сябе. Вы хіба незалежныя ад расейскага прэзідэнта? Вы залежныя ад яго, слухаеце яго, а калі так, навошта вы ківаеце на іншых? ЗША зацікаўлены ў свабодзе, дэмакратыі і правах чалавека. Украіна свабодна звярнулася да Усяленскага патрыярха па выдаванне томаса. Украіна мае свабоду рэлігійнага выбару, і ЗША, вядома, падтрымліваюць гэтую свабоду», - падкрэсліў Філарэт.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках