2 траўня 2024, Чацвер, 14:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дайце мне нітачку, за якую я змагу зачапіцца»: Споведзь шматдзетнай маці з Баранавічаў

11
«Дайце мне нітачку, за якую я змагу зачапіцца»: Споведзь шматдзетнай маці з Баранавічаў
ФОТА: ЯЎГЕН ЦІХАНОВІЧ

Улады пакінулі маці траіх дзяцей без чаргі на жыллё.

Настасся Дзмітрыева – шматдзетная маці, у яе трое дзяцей. Жанчына дамагаецца, каб ейную сям'ю паставілі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Сітуацыя парадаксальная. Калі яна з дзецьмі была прапісаная ў доме бацькі, ёй адмовілі з прычыны таго, што метраў на ўсіх ставала. А калі выпісалася - адмовілі на падставе таго, што яна «свядома пагоршыла свае жыллёвыя ўмовы», піша intex-press.by.

Прыкладна год таму жыхарка Баранавічаў Настасся Дзмітрыева стала мамай трэцім разам. З мужам яна развялася, гадуе дзяцей адна і жыве на здымнай кватэры.

Жадаючы здабыць уласнае жыллё, Настасся звярнулася ў жыллёвы аддзел гарвыканкама з просьбай паставіць ейную сям'ю на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых варункаў. Але нечакана для сябе атрымала адмову.

- Я не чакала, што мне адмовяць. І была ў шоку, калі пачула прычыну адмовы. Мне сказалі, што не паставяць на чаргу, бо ў доме бацькі, дзе я прапісаная, метраў на мяне і маіх дзяцей ставала. Але ў мяне свая сям'я, у доме бацькі я даўно не жыву. Ды і стасункі з бацькам у мяне нацягнутыя. Атрымліваецца, метрамі ў бацькоўскім доме я не карыстаюся, але цалкам залежу ад іх, – здзіўляецца Настасся.

«Чаму не магу скарыстацца льготай?»

Дом, у якім Настасся з дзецьмі была прапісаная, яе бацькі пабудавалі на льготны крэдыт - жанчына сама са шматдзетнай сям'і. Але бацькі разышліся, у доме цяпер жыве толькі бацька, з якім, са слоў Настасіі, яна практычна не мае камунікуе.

Да нядаўняга часу Настасся жыла з мужам на ягонай жылплошчы, але сямейнае жыццё не склалася, і яна з дзецьмі была вымушана ісці на здымную кватэру. Калі нарадзілася трэцяе дзіця, жанчына падумала, што гэта яе шанец абзавесціся ўласнымі квадратнымі метрамі. Бо купіць або пабудаваць жыллё самой на агульных падставах, кажа Настасся, яна ніколі не зможа. А перспектыва жыць усё жыццё і гадаваць дзяцей у здымнай кватэры яе не радуе.

– Па адукацыі я - педагог. Доўгі час працавала з дзецьмі-інвалідамі, потым у прытулку. Так ужо склалася: дзеці, якія нікому не былі патрэбныя, былі патрэбныя мне. Калі зноў вяртацца на выкладчыцкую працу, самі ведаеце, якія там заробкі - кватэру за іх не купіш, – кажа шматдзетная мама.

Наста ўжо дазналася ў банку: калі ейная сям'я не стане на ўлік маючых патрэбу, максімальны крэдыт, на які яна можа разлічваць – 25 тысяч даляраў у эквіваленце. За гэтыя грошы ў Баранавічах добрую кватэру не купіш. І плаціць штомесяц давядзецца больш за 700 рублёў. Такіх грошай у Настасіі няма.

– Я згодная, мы нараджаем дзяцей для сябе, і дзяржава не павінна іх гадаваць. Але калі шматдзетным належыць льгота, чаму я не магу ёю скарыстацца? Я ж не прашу даць мне кватэру бясплатна. Я буду працаваць і выплачваць крэдыт. Але дайце мне гэтую нітачку, за якую я змагу зачапіцца! - не хавае эмоцый Настасся.

Замкнёнае кола

Атрымаўшы адмову з гарвыканкама, Настасся напісала ў вышэйшую інстанцыю-Берасцейскі аблвыканкам. Але там ніякіх парушэнняў у дзеяннях баранавіцкіх чыноўнікаў не знайшлі.

- Я была ў роспачы, не ведала, як паступіць. Бацька не раз вымаўляў, што пераплачвае за тое, што мы прапісаны ў ягонай кватэры, і пагражаў выпісаць. І акурат, калі я атрымала адмову, ён падаў у суд, каб мяне выпісаць – - распавядае Настасся.

Паводле ейных слоў, каб не плаціць судовыя выдаткі, яна пайшла на міравое пагадненне і добраахвотна адмовілася ад прэтэнзій на квадратныя метры ў бацькавай кватэры. Выпісалася, прапісалася на 9 квадратных метрах у бабулінай кватэры, якую тая аформіла на яе. І зноў пайшла ў гарвыканкам, спадзеючыся, што цяпер яе паставяць на чаргу. Але ёй зноў адмовілі.

- Мне сказалі, што калі я пайшла на міравое пагадненне, я свядома пагоршыла свае жыллёвыя ўмовы. А значыць, на чаргу мяне не паставяць. Але як я магла іх пагоршыць, калі гэтых умоў не было? - здзіўляецца Настасся.

Што рабіць далей, шматдзетная мама не ведае. Кажа, будзе пісаць прэзідэнту.

- Ад прэзідэнта мы толькі і чуем: нараджайце, дзяржава Вам дапаможа. Я ніколі ні аб чым ні ў каго не прасіла: працавала, плаціла падаткі. Я гатовая араць, гатовая зямлю грызці дзеля таго, каб мае дзеці раслі ва ўласнай кватэры, проста пастаўце мяне на чаргу! А я ўжо буду сама шукаць варыянты, магчыма, у долевае будаўніцтва ўключуся або на другасным рынку кватэру знайду, - кажа Настасся.

Пяць гадоў без права чаргі

У Баранавіцкім гарвыканкаме Intex-press растлумачылі: калі б Настасся Дзмітрыева спачатку пракансультавалася са спецыялістамі, а потым пайшла станавіцца на чаргу, магчыма, яна была б ужо ў працэсе развязання свайго кватэрнага пытання. А так яна дапусціла некалькі памылак, праз якія ёй у выніку і адмовілі.

- Мы ўсе людзі, і стасункі з роднымі могуць складвацца не найлепшым чынам. Жанчыне трэба было проста выпісацца з дому бацькі, прапісацца ў іншым месцы, а тады ўжо звяртацца да нас. І калі ўжо быў суд, трэба было даводзіць справу да канца-хай бы яе выпісвалі паводле пастановы суда. А так як яна пайшла на міравое пагадненне, яна свядома пагоршыла свае жыллёвыя ўмовы. Для закона няма розніцы, жыве чалавек у кватэры або проста знаходзіцца там. Калі ён зарэгістраваны і квадратных метраў стае, лічыцца, што ён не мае патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў, – растлумачылі ў гарвыканкаме.

Аднак, са слоў спецыялістаў, адмова цяпер зусім не азначае, што гэтая сям'я не зможа стаць на чаргу ў прынцыпе. Паводле закону грамадзяне, якія свядома пагоршылі свае жыллёвыя ўмовы, могуць станавіцца на чаргу праз пяць гадоў пасля таго, як гэта адбылося.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках