2 траўня 2024, Чацвер, 11:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Лукашэнка не выканаў яшчэ адно абяцанне

13
Як Лукашэнка не выканаў яшчэ адно абяцанне
Фота: ТАСС

Гісторыя загадкавага забойства кіраўніка гарадзенскага аблвыканкама.

У Гародні застрэлілі кіраўніка аблвыканкама. Ні раней, ні пазней нічога такога не здаралася. Гэта адбылося 20 верасня 1993 года, піша Сяргей Астраўцоў для «Радыё Свабода».

Афіцыйныя СМІ паведамілі толькі, што ў Гародні адбылося жорсткае забойства чыноўніка высокага рангу, не называючы яго. Я перадаў на «Радыё Свабода» больш канкрэтныя звесткі. Можна сказаць, што гэта было журналісцкай удачай.

Аднак - хто і чаму забіў Дзмітрыя Арцыменю - дагэтуль не зразумела. Самыя гучныя забойствы застаюцца нераскрытымі. Прынамсі нам і праз дваццаць пяць гадоў невядома - хто замовіў і хто выканаў. І за што канкрэтна? Дэпутат Вярхоўнага Савета Лукашэнка абяцаў у Гародні, што калі стане прэзідэнтам, то ўсё высветліць і раскажа. Не расказваў.

Нельга сцвярджаць, зрэшты, што людзі вельмі перажывалі за саму ахвяру, чыноўнікаў звычайна не любяць. Але падзея была гучнай, гвалтоўнай, загадкавай. Амаль як гібель Машэрава. Толькі з гэтым кілерам, які з месца здарэння ўдала знік, ніхто яго не бачыў.

Усё адбылося хутка, як у кіно. Чалавек вярнуўся з лецішча і быў забіты ля брамы свайго гарадскога асабняка стрэламі ззаду. Газеты напісалі, што ў службовым сейфе была знойдзеная вялікая сума грошай у валюце, для звычайнага чытача амаль астранамічная пры заробках нярэдка пяць-дзесяць даляраў.

Адразу пасля гэтага выйшла газета «Свабода» з разгорнутым паведамленнем пра Арцыменю і тым, што яго напаткала. «Прычынай смерці мог быць жоўты фосфар», - не зусім прыязна напісаў Мікалай Грынявіцкі. Гэта быў псеўданім самога рэдактара Ігара Герменчука.

Чорным шрыфтам: «Мы атрымалі надзейныя звесткі, што старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Дзмітрый Арцыменя незадоўга да сваёй трагічнай смерці рабіў крокі, каб атрымаць дазвол на экспарт жоўтага фосфару». Далей тлумачыцца, што на мяжы быў спынены эшалон з гэтай сыравінай. Каштавала яна не менш за адзін мільён даляраў. Каму належаў фосфар, адкуль і куды ішоў - нічога высветліць не ўдалося. Гэта быў расейскі фосфар.

Аўтар пісаў, што «адзін наш высокапастаўлены Шэрлак Холмс» адразу сказаў у прыватнай гутарцы, што «забойцаў» не знойдуць. Так і выйшла. З'явілася затым таксама іншая версія: што справа была ў каляровых металах, якія з Расеі нелегальна ў вялікай колькасці вывозілі за мяжу, у тым ліку праз Беларусь.

І такія грузы таксама, бывала, арыштоўваліся ў Гарадзенскай вобласці. Больш за тое: гаварылася, што нібыта напярэдадні забойства быў званок з Піцера ад самога Сабчака, прынамсі, з яго адміністрацыі. І кіраўнік аблвыканкама быў мякка папярэджаны, што не варта ўпарціцца і перашкаджаць «новым расейцам» рабіць бізнэс.

Пасля выхаду дакументальнага фільма пра Сабчака, які зрабіла нядаўна ягоная дачка Ксенія, журналістка, увагу расейскіх СМІ прыцягнула роля цяперашняга прэзідэнта Пуціна, які займаўся рознымі фінансавымі справамі ў адміністрацыі піцерскага кіраўніка.

Некаторыя аперацыі выглядаюць з адлегласці часу сумнеўна, пісалі яны.

Ігар Гермянчук далей расказаў чытачам, што Арцыменя перад тым судзіўся з газетай «Свабода» і нават была прынятая пастанова яму на судовыя выдаткі спагнаць з рэдакцыі пяць тысяч рублёў.

Газета напісала, што ён прыватызаваў свой асабняк за чатырнаццаць тысяч, што выявілася праўдай. Але суд заўсёды на баку начальства, у чым рэдакцыя будзе мець магчымасць пераканацца яшчэ не раз.

Гермянчук напісаў тады яшчэ нямала цікавага пра былога гарадзенскага начальніка, пра што не паведамляла дзяржаўная прэса. «Свабода» была газетай новага часу, вось толькі час гэты вельмі хутка скончыцца...Дык хто і за што замовіў, і хто ўчыніў забойства Арцымені? - гэтай таямніцы сёлета спаўняецца 25 гадоў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках