2 траўня 2024, Чацвер, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін падтрымаў абвінавачванні ў адрас Ізраіля за катастрофу Іл-20 у Сірыі

Пуцін падтрымаў абвінавачванні ў адрас Ізраіля за катастрофу Іл-20 у Сірыі

ЦАХАЛ зняпраўджвае версію Расеі.

Уладзімір Пуцін заявіў, што адказам на катастрофу самалёта Іл-20 у Сірыі будзе ўзмацненне бяспекі расейскіх вайскоўцаў у рэгіёне. Прэзідэнт Расеі выказаў спачуванні сваякам загінулых, назваўшы здарэнне «ланцугом трагічных выпадковых абставінаў». Пры гэтым ён адзначыў, што пазіцыя Масквы пра ролю Ізраіля ў інцыдэнце цалкам выкладзеная ў заяве Міністэрства абароны. Са слоў Пуціна, заява міністэрства была асабіста з ім узгодненая. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

Расейскі вайсковы самалёт Іл-20 пацярпеў катастрофу напярэдадні вечарам ля берагоў Сірыі ў Міжземным моры. Ён быў збіты сіламі супрацьпаветранай абароны войска Башара Асада - хаўрусніка Расеі. Падчас катастрофы загінулі 15 расейскіх вайскоўцаў. Масква абвінаваціла ў катастрофе Ізраіль. Мінабароны Расеі сцвярджае, што ізраільскія знішчальнікі, якія наносілі ўдар па вайсковых аб'ектах Асада ў сірыйскай правінцыі Латакія, нібыта выкарыстоўвалі Іл-20 як прыкрыццё і такім чынам падставілі яго пад удар.

Ізраіль выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю расейскіх вайскоўцаў, але адхіліў абвінавачванні Масквы. У ізраільскім войску сцвярджаюць, што Іл-20 знаходзіўся за межамі зоны аперацыі ў Латакіі, а ізраільскія знішчальнікі ў момант катастрофы расейскага самалёта ўжо знаходзіліся ў паветранай прасторы сваёй краіны. Ізраіль прыйшоў да высновы, што зенітчыкі войска Асада стралялі «недакладна», і прапанаваў Крамлю дапамогу пры расследаванні інцыдэнту. Чакаецца, што Пуцін сёння абмяркуе сітуацыю з прэм'ер-міністрам Ізраіля.

Армія абароны Ізраіля рэгулярна наносіць удары па вайсковых аб'ектах Асада. Пры гэтым Расея - галоўны хаўруснік сірыйскага прэзідэнта. Апошнім часам расейская авіяцыя ўдзельнічае ў бамбаванні правінцыі Ідліб, дзе застаюцца ўзброеныя паўстанцы. Міжнародная супольнасць выступае супраць наступу і асцерагаецца выкарыстання хімічнай зброі ў рэгіёне.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках