3 траўня 2024, Пятніца, 4:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў Беларусі пастанавілі змяніць вонкавы выгляд грошай

8
Чаму ў Беларусі пастанавілі змяніць вонкавы выгляд грошай

Наколькі мэтазгодная пастанова Нацбанка?

Управа Нацбанка пастанавіла мадыфікаваць Беларускія папяровыя грошы, якія цяпер знаходзяцца ў абарачэнні. З моманту іх выпуску прайшло без малога 10 гадоў, і некаторыя дэталі на іх ужо не актуальныя. Да прыкладу, вонкавы выгляд помнікаў архітэктуры, выяўленых на пярэднім баку купюр, або подпіс старшыні ўправы Нацбанка. Сайт tut.by даведаўся, ці будуць нешта рабіць з манетамі і што з нагоды зменаў на банкнотах думаюць філолагі і архітэктары.

Патрэба ў замове грашовай гатоўкі з'явілася праз тое, што ў папяровых грошай дробнага і сярэдняга наміналу невялікі тэрмін службы. З часам банкноты становяцца трухлявымі і іх неабходна замяняць. Са звестак Нацбанка, пачынаючы з кастрычніка 2017 года паступленне старых банкнотаў наміналам 5 і 10 рублёў узрасло ў 3 і 2 разы адпаведна. Са снежня 2017 года павялічылася больш чым удвая паступленне старых банкнот наміналам 20 рублёў.

Тэрмін службы дробных папяровых грошай невялікі - ад 1 да 3 гадоў. І так не толькі ў нас. У іншых краінах у дробных купюр таксама непрацяглы тэрмін службы. Да прыкладу, сярэдні тэрмін службы банкноты наміналам 5 еўра складае 13 месяцаў, банкноты наміналам 1 даляр ЗША - 22 месяцы, 50 расейскіх рублёў - 8,3 месяца.

Нацбанк стала замаўляе банкноты, якіх не стае. Гэта звычайная практыка нацыянальных банкаў для забеспячэння эканомікі гатоўкай. Але дадатковы выраб гатовых грошай не азначае павелічэнне грашовай масы.

- Выпуск у абарачэнне дадатковых грошай прыводзіць да пераходу грашовых сродкаў з безгатоўкавай формы ў гатоўкавую, бо банкі за атрыманыя грашовыя знакі пералічваюць Нацыянальнаму банку іх безгатоўкавы эквівалент — - растлумачылі ў Нацбанку.

Мадыфікаваныя банкноты наміналам 5 і 10 рублёў з'явяцца ўжо ў 2019 годзе, а 20 і 50 рублёў — у 2020-м.

Якія ж збіраюцца ўнесці змены ў вонкавы выгляд беларускіх грошай і з чым яны звязаны

Па-першае, з мадыфікаваных банкнотах знікне рэквізіт «Старшыня Управы» і факсіміле подпісу старшыні ўправы Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча. Гэта звязана з тым, што Пракаповіч з 2011 года не з'яўляецца старшынём управы Нацбанка.

Па-другое, на банкноце наміналам 50 рублёў надпіс «пяцьдзесят» будзе выпраўлены на «пяцьдзясят». Гэта звязана з тым, што з 1 верасня 2010 года ў Беларусі з'явілася новая рэдакцыя Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.

Грошы выпускаліся ў 2009-м, таму атрымліваецца, што цяпер на іх надпіс з памылкай.

— У адпаведнасці з новымі правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, якія цяпер дзейнічаюць, мы мусім пісаць пяцьдзясят. Правіла акання пасля мяккіх зычных пашырана на гэтае слова. Дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць цяпер таксама пішацца праз «я». Адпаведна і пяцьдзясят, — растлумачылі нам выкладчык кафедры сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ.

Што не так з выявамі помнікаў

Таксама змены закрануць выявы помнікаў архітэктуры, якія выяўленыя на адным баку купюр. Іх збіраюцца прывесці ў адпаведнасць з актуальным вонкавым выглядам. Акрамя таго, на купюрах з'явяцца подпісы да таго, што на іх выяўлена. Людзі адзначаюць, што з подпісамі — ідэя добрая, бо не ўсе помнікі архітэктуры на банкнотах пазнавальныя. А вось ці мэтазгодна нешта мяняць у саміх выявах на купюрах, спецыялісты ў галіне архітэктуры не могуць адказаць.

- Выявы на грошах вельмі схематычныя, дакладна ніякія дэталі не перададзеныя. Там не прысутнічае архітэктурнага чарцяжу, кампазіцыі. Будзе праблемай прывесці хаця б адзін з помнікаў архітэктуры да нейкага сучаснага варыянту, - выказаўся загадчык кафедры архітэктуры інжынерна-будаўнічага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Аўсейчык. - За апошні час калі і праводзілася нейкая рэстаўрацыя архітэктурных помнікаў, выяўленых на грошах, то нязначная. Яна такая, што на малюнках наўрад ці атрымаецца адлюстраваць яе. Я не ведаю, наколькі гэта лагічна і мэтазгодна — відазмяняць выявы.

У Нацбанку ўдакладнілі, што выявы будуць мадыфікавацца толькі на тых купюрах, якія будуць перавыпускацца. 200 рублёў або 500 яшчэ доўга перавыпускаць не спатрэбіцца — гэтых банкнот дастатковая колькасць, яны не інтэнсіўна выкарыстоўваюцца. Аб іх мадыфікацыі гаворкі не ідзе. Спецыяльна праводзіць замену грошай ніхто не будзе. Замяняць будуць толькі хадавыя купюры па меры неабходнасці.

Пазней, перад выпускам у абарачэнне банкнот новых гадоў, Нацыянальны банк абяцае даць падрабязную інфармацыю пра іх вонкавы выгляд і прыметы сапраўднасці.

А ці закрануць змены манеты?

На іх было нямала нараканняў ад людзей. Да прыкладу, што на 1 і 2 капейках вельмі дрэнна бачная лічба, даводзіцца доўга прыглядацца і выбіраць. Пальцамі рэльеф на іх таксама не прамацваецца. Акрамя таго, яны цямнеюць, што яшчэ больш пагаршае сітуацыю.

— Прымаючы пад увагу тое, што ў людзей з аслабленым зрокам узнікаюць аб'ектыўныя цяжкасці з распазнаннем наміналаў манет, Нацыянальны банк супольна з Манетным дваром пры наступных замовах на іх выраб павялічыць рэльефную выяву, - распавядалі нам раней у Нацбанку.

Цяпер у Цэнтральным банку кажуць, што «гэта пытанне не сённяшняга і нават не заўтрашняга дня».

- Калі будзе патрэба ў вырабе манет, магчыма, іх вонкавы выгляд і матэрыял, з якога яны будуць выраблены, таксама зменіцца. Калі манеты дробных наміналаў асядуць, да прыкладу, у скарбонках і іх не будзе ставаць для разлікаў, тады спатрэбіцца нейкая колькасць. Тады і будзе ставіцца пытанне дызайну, матэрыялу і г.д, — сказалі ў Нацбанку.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках