2 траўня 2024, Чацвер, 19:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Былі прычыны»: вытворцы патлумачылі, чаму ў Беларусі падаражэла кураціна

16
«Былі прычыны»: вытворцы патлумачылі, чаму ў Беларусі падаражэла кураціна

Ці будуць кошты мяса птушкі расці і далей?

У Беларусі тры месяцы запар раслі кошты курыцы. Прычым паднялі іх менавіта вытворцы, гандлёвыя надбаўкі ў крамах засталіся ранейшымі, а ў некаторых і знізіліся. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю нават западозрыла коштавую змова вытворцаў гэтай прадукцыі, але праверкі нічога такоўскага не выявілі.

Сайт tut.by пагаварыў з гендырэктарам Саюза птушкагадоўлі «Белптушкасаюз» і даведаўся, што напраўду паслужыла прычынай росту коштаў курыцы і ці будзе мяса птушкі даражэць далей.

Генеральны дырэктар саюза птушкагадоўцаў «Белптушкасаюз» Уладзімір Вашкоў сцвярджае, што для падаражэння былі аб'ектыўныя прычыны - гэта вонкавыя чыннікі.

- Пытанне кошту кармоў - ключавое для тых, хто вырошчвае бройлераў. Дзель кармоў у сабекошце гадавання птушкі складае 70 -75%. У 2017 годзе камбікорм складаў у сабекошце мяса птушкі 70%, а у 2018 годзе чакаецца рост да 75%. Нават нязначнае змяненне кошту кармавой сыравіны прыводзіць да істотнага росту сабекошту, - распавядае Уладзімір Вашкоў.

Гендырэктар адзначае, што рост коштаў збожжавых у жніўні гэтага года ў дачыненні да жніўня 2017 года склаў у сярэднім 30%.

Спецыяліст адзначае, што ў гэтым годзе надвор'е падвяло, таму ўраджай збожжавых кепскі. Гэта прывяло да сусветнага спаду вытворчасці ўсіх тыпаў збожжа да трохгадовага мінімуму. Да прыкладу, у Расеі ў гэтым годзе збожжавых сабралі на 20% менш, чым у 2017-м, таму экспартныя кошты расейскай пшаніцы дасягнулі самага высокага ўзроўню з 2014 года.

- А мы імпартуем збожжа ў асноўным з Расеі ды Украіны. Нягледзячы на тое што закупкавы рэкамендаваны кошт у Беларусі 232,7 рубля за тону, фактычна збожжа на ўнутраным рынку куплялі па 300-320 руб за тону. Але ў нас неабходнага для вытворцаў мяса бройлераў аб'ёму збожжавых недастаткова, - кажа Уладзімір Вашкоў. - А кошт імпартнага - 350 рублёў за тону.

Гандлёва-эканамічныя сусветныя войны і складаныя кліматычныя варункі справакавалі значны рост сусветных закупкавых коштаў і на бялковыя складнікі кармоў: соевы і сланечнікавы шрот. Змяненне курсу беларускага рубля адбілася на коштах на ўсе імпартныя камбікормавыя кампаненты: вітаміны, мінералы, алей.

Якія яшчэ прычыны росту кошту мяса курыцы?

Яшчэ адным выклікам для беларускіх вытворцаў мяса птушкі было ўвядзенне часовых абмежаванняў на пастаўкі іх прадукцыі ў Расею, адзначае спецыяліст. Усё непрададзенае мяса яны былі вымушаныя збываць на ўнутраным рынку вельмі нізкімі коштамі. Даводзілася прапаноўваць вялікія зніжкі гандлёвым сеткам. Менавіта таму ў крамах таксама былі даволі нізкія кошты мяса птушкі.

- Скасаванне абмежаванняў і аднаўленне паставак у Расею вярнулі кошты прадукцыі да ўзроўню мінулага года. Але нават гэтае вяртанне недастатковае для падвышаных цягам усяго года выдаткаў, - падкрэслівае гендырэктар саюза.

- Агулам у Беларусі тэмпы росту коштаў птушкі адстаюць ад павелічэння сабекошту ў 2 разы. Птушкагадоўля пачынае балансаваць на мяжы рэнтабельнасці. Да прыкладу, у 2017 годзе рэнтабельнасць продажаў беларускіх птушкагадоўцаў складала 7,5%, за 2018 год - 1,6%.

Уладзімір Вашкоў тлумачыць, што такая сітуацыя не толькі ў беларускіх вытворцаў, але і ў расейскіх. Нават лідары рынку адчуваюць праблемы. Некаторым нават давялося прыняць пастанову пра банкруцтва. Гэта прытым што расейскім птушкагадоўцам энэрганосьбіты (газ, электрычнасць) каштуюць значна танней, чым беларускім. Спецыяліст адзначае, што кошт электраэнэргіі ў Беларусі вышэйшы у параўнанні з Расеяй, газ беларускім птушкагадоўцам даводзіцца купляць даражэй, чым вытворцам мяса з краіны-суседкі.

- Гэтыя ж праблемы - адставанне росту коштаў ад сабекошту, розніца паміж экспартам і ўнутранымі продажамі - актуальныя і для птушкагадоўчых рынкаў Польшчы, Літвы, Аўстрыі, Славеніі, Чэхіі. Рост коштаў у ЕЗ за паўгода склаў 15%, у той жа Расеі - на 30%. У Польшчы зафіксаваныя рэкордныя кошты птушкі за апошнія 10 гадоў. Бягучы ўзровень коштаў прадуктаў з мяса птушкі ў Беларусі блізкі да ўзроўню 2016 года, - адзначае Уладзімір Вашкоў.

Але ці будуць кошты мяса птушкі расці і далей? Гендырэктар саюза птушкагадоўцаў кажа, што калі не будуць уплываць вонкавыя чыннікі, то і кошты не будуць змяняцца.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках