2 траўня 2024, Чацвер, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп паставіў OPEC у нявыкрутку

Трамп паставіў OPEC у нявыкрутку

Гэта прыкметна са звестак аб штодзённых плынях нафты.

OPEC і яе хаўруснікаў, відавочна, чакае яшчэ адна спрэчная сустрэча ў Алжыры ў гэтыя выходныя: Іран, пацярпелы ад санкцый ЗША, гаворыць аб здрадзе і пагражае накласці вета на пастановы, піша finanz.ru.

Аднак усё гэта не мае вялікага значэння для нафтавага рынку.

Сваркі з нагоды "парушэнняў" пагаднення аб пастаўках або дэбаты аб тым, як вымераць аб'ёмы выканання ўгоды, у асноўным з'яўляюцца фонавым шумам. Усё таму, што Саудаўская Арабія і Расея - два найбуйнейшыя вытворцы групы - ужо выйшлі за рамкі ўгоды 2016 года ў скарачэнні вытворчасці, а прэзідэнт ЗША Дональд Трамп стымулюе іх ісці яшчэ далей.

"Хутчэй за ўсё, гэта будзе шмат у чым палітычная сустрэча, па выніках якой не будзе сур'ёзных пастаноў", - сказаў Оле Слот Хансэн, кіраўнік сыравінных стратэгій у Saxo Bank A/S. "Вытворцы, якіх прымаюць у разлік, здабываюць паводле свайго меркавання", і як Саудаўская Арабія, так і Расея, магчыма, будуць нарошчваць здабычу і далей, сказаў ён.

Гэта прыкметна ў штодзённых плынях нафты. Абедзве краіны ўжо пачалі нарошчваць аб'ёмы паставак у траўні, за месяц да таго, як Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты і яе хаўруснікі пагадзіліся аслабіць скарачэнне здабычы. Дадатковы 1 мільён барэляў паставак на дзень, абвешчаны ў чэрвені, павінен быў быць размеркаваны камітэтам, які збіраецца ў гэтыя выходныя ў Алжыры, але ніводная краіна не дачакалася гэтага абмеркавання.

Расея поўнасцю аднавіла свае скарачэнні, а затым яшчэ нарасціла здабычу, абнавіўшы постсавецкі рэкорд. Саудаўская Арабія яшчэ не выканала сваё абяцанне падняць здабычу да рэкорднага ўзроўню, але каралеўства з траўня ўжо павялічыла пастаўкі амаль на паўмільёна барэляў за дзень.

Гэта з'яўляецца парушэннем чэрвеньскага пагаднення, сцвярджае міністр нафты Ірана Біджан Намдар Занганэ, які сказаў журналістам у Тэгеране на гэтым тыдні, што некаторыя чальцы выступаюць "на баку ЗША" і праводзяць "антыіранскую палітыку".

Яго пратэсты грунтуюцца на розным тлумачэнні заблытанага і супярэчлівага тэксту, які стаў вынікам апошняй нарады групы на ўзроўні міністраў у Вене. Ці дазваляе гэта пагадненне іншым чальцам кампенсаваць страты ад паставак з Ірана і Венесуэлы, як сцвярджае Саудаўская Арабія? Або ў ім проста паўтараецца, што кожная краіна павінна пампаваць нафту ў адпаведнасці з індывідуальнай квотай, як мяркуе Іран?

Такія тэхнічныя аргументы могуць распаліць запал унутры дэлегацый OPEC, але іх заглушаюць твіты Трампа, якія гучалі гучна і выразна ў чацвер. "Манаполія OPEC павінна неадкладна знізіць кошты, - напісаў Трамп. - Мы абараняем краіны Блізкага Усходу, без нас яны б нядоўга заставаліся ў бяспецы, і ўсё ж яны працягваюць імкнуцца да ўсё больш і больш высокіх коштах нафты. Мы гэта запомнім!"

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках