Надвор'е ў Беларусі: на тыдні будзе ад -3 да +20°С
3- 24.09.2018, 19:16
- 13,151
Сіноптыкі распавялі пра надвор'е на тыдзень.
У мінулыя выхадныя ў Беларусі скончылася кліматычнае лета. І ў апошні тыдзень верасня пераважны ўплыў на надвор'е ў краіне будуць рабіць атлантычныя цыклоны - да нас прыйшла восень. У пачатку тыдня атлантычны цыклон, шлях якога праходзіць праз тэрыторыю нашай краіны, прынёс дажджлівае і ветранае надвор'е. У аўторак цыклон перамесціцца на цэнтральныя раёны Расеі. Дажджы аслабеюць, але ў тыле цыклона на тэрыторыі нашай краіны захаваецца моцны парывісты вецер. Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на Белгідрамет Мінпрыроды.
25 верасня, у аўторак, уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У многіх раёнах краіны захаваецца моцны парывісты вецер, уначы месцамі на паўночным усходзе парывы ветру чакаюцца да 22-27 м/с. Тэмпература паветра мінімальная ўначы складзе +3...8°С, максімальная тэмпература ўдзень усяго +7...13°С.
У сераду, 26 верасня, тэрыторыя Беларусі будзе ненадоўга ў вобласці павышанага ціску, уначы будзе без ападкаў, але холадна - мінімальная тэмпература паветра ўначы панізіцца да +1...6°С, месцамі замаразкі да 0...-3°С. Удзень на паўночна-заходнюю палову Беларусі будуць уплываць атмасферныя франты чарговага паўночнаатлантычнага цыклону, і там чакаюцца дажджы і моцны парывісты вецер. Максімальная тэмпература паветра ўдзень у краіне складзе 8...15°С.
27 верасня, у чацвер, варункі надвор'я на тэрыторыі Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты, якія змяшчаюцца з паўночнага захаду Еўропы. Чакаецца ветранае і дажджлівае надвор'е. Тэмпература паветра мінімальная ўначы +4...10°С, максімальная тэмпература ўдзень +10...16°С, на паўднёвым захадзе да +18°С.
У пятніцу, 28 верасня, захаваецца няўстойлівае, але даволі цёплае надвор'е. Уначы ў асобных раёнах, раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Захаваецца парывісты вецер. Тэмпература паветра мінімальная ўначы +3...10°С, максімальная ўдзень +10...16°С, на поўдні +17...20°С.