19 красавiка 2019, Пятніца, 0:38
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Простае пытанне - куды ўцякаць?

44
КРЫНІЦА: RACYJA.COM

Легенда пра адзін акоп на дваіх ужо не кранае.

Аншлюс падкраўся незаўважна. Ён быў гэтым разам без каскі, у прыстойным гарнітуры. Нават з гальштукам. Руку наперад у характэрным прывітанні не выкідваў. Гранат ды іншага неадэкватнага рыштунку пры сабе не меў. Надзвычай строгая і пільная тутэйшая ахова нічога падазронага не заўважыла. І ўся шаноўная публіка, уважаючы яго за сябра і брата, знаходзілася ў трапяткім замілаванні. А потым пачалося!..

Яшчэ зусім нядаўна свет здаваўся трывалым, непахісным. І магутная наша вертыкаль, натхнёная лампасамі правадыра, мерылася даць смелы адпор інтрыгам падступнага NАТО. Плячом да пляча з усходнім братам і суседам мерылася стаць сцяной дзе-небудзь пад Берасцем. Або пад прыцэлам найноўшых тэлекамер паўзці са звязкамі гранат насустрач танкам тыпу "Абрахамс". Але гэтую натхнёную карціну ўсенароднага подзвігу дарэшты сапсаваў нейкі Мядзведзеў Д.А. і што самае крыўднае - у тым жа Берасці.

І высветлілася раптам, што легенда пра адзін акоп на дваіх ужо не канае. А рэальнасць пра адзіную прастору будучага подзвігу жорсткая і грубая. У маркітантаў свой закон. Узяў грошы ў пазыку – будзь ласкавы, аддаць з гакам. Хочаш нафты і газу - плаці напоўніцу. А таму вышэй узгаданы быццам бы хаўруснік бесцырымонна выставіў тутэйшаму кіраўніку непад'ёмны кошт. З мноствам лічбаў і шалёнай колькасцю нулёў. Нават крыўдна было спачатку: калі так шмат паспела набегчы?..

Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Той жа расейскі чыноўнік нагадаў, што 8 снежня 1999 года кіраўнік уласнаручна чыркануў дамову аб нейкай Саюзнай дзяржаве. А гэта - агульны парламент, агульная судовая сістэма і адзіная валюта. Найбліжэйшая перспектыва такіх пагадненняў - непазбежнае ўварванне нецярплівага суседа.

Апеляцыя да таварыша Пуціна не прынесла суцяшэння. Той проста паўтарыў асноўныя пункты дакумента. Ды яшчэ заўважыў, што ўтрыманне калгаснага рэжыму цягам 25 гадоў каштавала Маскве сто мільярдаў даляраў. І нагадаў пункты безумоўнай капітуляцыі.

Бязгучная барацьба пад крамлёўскім дываном была настолькі цяжкай і беспрасветнай, што пра вынікі пераднавагодняй сустрэчы не было нават намёку на сутнасць перамоў. Яны не бачаць патрэбы пра нешта паведамляць народу. Але і без гэтых паведамленняў усім было ўжо ясна, у які бок выкіравалася сяброўства двух аскепкаў даўно памерлай імперыі саветаў.

Але чаму гэты танны фокус з зацвілай і ледзь не спісанай у макулатуру дамовай так перапалохаў правадыра? Ён не бачыў, што вырабляе ўвішны хаўруснік амаль з усімі сваімі суседзямі? І хто гэта ў нас калісьці з неймавернай строгасцю выгаворваў сваім жа чыноўнікам за легкавернасць і неапраўданы давер да такіх ненадзейных партнёраў па той бок усходняй мяжы?

"Чаго вы лезеце ў гэтую Расею, дзе вас штурхаюць? Няўжо не разумееце, што ўжо не першы раз ствараецца сітуацыя, калі нас хочуць узяць голенькімі і голенькімі рукамі, бясплатна?.. З сённяшняга дня гэты час скончыўся, пачынаецца іншы час. Не атрымліваецца ў Расеі, не трэба кланяцца, канькаць, плакаць, трэба шукаць сваё шчасце ў іншай частцы планеты. Я гэта наўмысна публічна кажу". Вось такія думкі гучалі 25 траўня 2009 года. Цалкам асэнсаваныя пажаданні даваў сваім падручным. Чаму ж сам гэтых парад не пільнаваўся?

І вось цяпер здарылася тое, ад чаго тады перасцерагаў. Цынічны сусед прапануе жыць у адным калгасе, бо яму так лепш. Апошнія рамантыкі яшчэ спадзяюцца, што правадыра, калі вельмі пашанцуе, новае начальства пакіне ў якасці губернатара анэксаваных тэрыторый. А то як жа, быццам яны не ведаюць гэтую публіку! І вось куды ўцякаць, калі чатыры мяхі з бульбай не выканаюць сваю гістарычную ролю? Шэйхі наўрад ці раптоўнаму госцю будуць радыя. На Саламонавых выспах пра яго ўжо ведаюць. А папуасам ягоныя горкія пакуты наогул мала абыходзяць. Усё руйнуецца праз адну неабдумана падпісаную паперку. І гэта ў той час, калі ўжо задумалі пабудову шыкоўнага лыжнага манежа, калі быццам бы наладзілася жыццё і так удала развязалася пытанне з персанальным жыллём паблізу таго самага снежнага манежа і ўласнага працоўнага месца. Дзе справядлівасць?..

Прэзідэнты сыходзяць прыгожа. Засноўваюць потым свае фонды. Чытаюць лекцыі ў прэстыжных універсітэтах. Або проста садзяць ружы. Зазвычай, былым спадарожнічаюць павага і пашана суграмадзян.

Дыктатары і ўзурпатары сыходзяць агідна. Лепш пра гэта не ўзгадваць.

А таму крамлёўскі чэкіст-прагматык ніякіх ілюзій на гэты конт сабе не дазваляе. Надзейных гарантый бяспекі пасля сыходу з пасады яму ніхто абяцаць не можа. Сітуацыя ў краіне, а тым больш ва ўладзе, там амаль непрадказальная. Ёсць толькі адзін магчымы варыянт - прэзідэнцкае крэсла ніколі не пакідаць. А паколькі гэтая кадэнцыя Пуціна апошняя, паўстаў цалкам рэальны праект з рэанімацыяй добра прызабытай дамовы аб адзінай дзяржаве. Варта толькі "напоўніць дамову канкрэтным зместам", як усе клопаты, трывогі, а заадно і ранейшыя тэрміны знікнуць імгненна. І цудоўным чынам абірацца можна паноў. Хто ж ўпусціць такую магчымасць?

І ўсе размовы пра тое, што Расея толькі палохае тутэйшы рэжым, каб вытрасці для сябе нейкія прэферэнцыі на заходнім кірунку - гэта навагоднія казкі для бедных або вельмі наіўных. Расея ўзялася за гэты праект сур'ёзна. Імперыя згаладнела - тэрмінова патрабуюцца новыя землі. А таму варта было б адкінуць усе сантыменты, спароджаныя калгаснай прапагандай. Успомніць нахабны захоп Крыма з усімі наступствамі, кароткую гісторыю Лугандоніі, танкавы паход на Тбілісі. А ўжо які там перш тост гучаў, якія брацкія пачуцці ўзнікалі пры сустрэчы! А потым прыйшлі чорныя рыэлтары, каб хітрасцю і нахабствам выселіць учорашніх сяброў і братоў з іх утульнага дома. І вось цяпер яны нагледзелі нерухомасць на заходнім кірунку.

Нават драздоўскі правадыр ужо ўсвядоміў, што ніводнага шанцу яны яму не пакінуць. Спрабуе вырвацца з крамлёўскай пасткі. То чатыры мяхі бульбы закіне ў Крэмль, то раптам пачынае распавядаць пра дзевяць мільёнаў аўтаматаў, якія раздасць народу. Але гэта ўсё пустое - позна! Пра народ варта было памятаць з першага дня, а не ў хвіліну надзвычайнай небяспекі. Інтарэсы яго і народа разышліся даўно і незваротна.

І гэтая апошняя бясслаўная кадэнцыя ўжо заканчваецца. Як і ў саюзнага правадыра, у яго перспектывы няма. Усе парывы бескарысныя. Гэта новы год закружыў ім галовы. І яны замахнуліся на новыя тэрміны, на новыя землі. Снуюць ашаламляльныя планы. І не могуць зразумець, што іх час ужо даўно прамінуў. У свае правы ўступіў 2019 год.

А ў яго зусім іншыя планы.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org