2 траўня 2024, Чацвер, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каму належыць Месяц і яго карысныя выкапні?

7
Каму належыць Месяц і яго карысныя выкапні?

Некаторыя кампаніі сур'ёзна разглядаюць магчымасць здабычы карысных выкапняў на Месяцы.

Але ці існуюць нейкія правілы, якія рэгулююць гэты працэс, і каму ў прынцыпе належаць скарбы месячных нетраў?

Прамінула амаль 50 гадоў з моманту, калі Ніл Армстранг стаў першым чалавекам, які ступіў на паверхню Месяца. "Гэта адзін маленькі крок для чалавека і велізарны скачок для чалавецтва", - сказаў тады амэрыканскі астранаўт. Гэтая фраза стала крылатай, піша ВВС.

ФОТА: NASA

Затым да яго далучыўся ягоны калега Баз Олдрын. Спусціўшыся па прыступках пасадачнага месячнага модуля "Арол", ён паглядзеў на пустэльны ландшафт і сказаў: "Цудоўнае запусценне".

Яны былі ўдзельнікамі місіі "Апалон 11", якая адбылася ў ліпені 1969 года. Апошні раз чалавек хадзіў па Месяцы ў 1972 годзе, але найбліжэйшым часам сітуацыя можа кардынальна памяняцца.

Ужо некалькі кампаній заявілі аб жаданні правесці там геолагаразведачныя работы і пры магчымасці пачаць здабычу карысных выкапняў, якія ўключаюць золата, плаціну і іншыя рэдкія на зямлі элементы.

На пачатку студзеня Кітайскі касмічны зонд "Чан'э-4" з першай спробы паспяхова прызямліўся на цёмным баку Месяца. Станцыя правяла першы эксперымент вырошчвання раслін на месяцы, у выніку якога дастаўленае туды насенне дало парасткі.

Навукоўцы спадзяюцца ўжыць вынікі тэстаў пры стварэнні месячнай эксперыментальнай базы.

Японская кампанія iSpace плануе стварыць транспартную платформу Зямля-Месяц і правесці даследаванні вады, якая знаходзіцца ў цвёрдым стане ў кратэрах на канцавоссях месяца.

З улікам падзей, ці існуюць нейкія законы, якія б ахоўвалі апісанае Олдрынам запусценне? І ці можа адзіны натуральны спадарожнік Зямлі ператварыцца ў месца камерцыйнай і палітычнай калатнечы, якое дзеляць дзеля здабычы карысных выкапняў?

Прыналежнасць нябесных целаўпачалі абмяркоўваць з самага пачатку палёту чалавека ў космас, гэта значыць у часы Халоднай вайны. Пакуль у NASА планавалі адправіць першых астранаўтаў на Месяц, ААН распрацавала пагадненне аб космасе, якое было падпісанае ў 1967 годзе. Сярод краін, што ўхвалілі яго, былі ЗША, СССР і Вялікабрытанія.

У ім гаварылася: "Касмічная прастора, у тым ліку Месяц ды іншыя нябесныя целы, не падлягае нацыянальнаму прысваенню ні шляхам абвяшчэння на іх суверэнітэту, ні шляхам выкарыстання або акупацыі, ні ўсякімі іншымі сродкамі".

Кіраўнік кампаніі Alden Advisers Джаан Уілер называе пагадненне Вялікай хартыяй вольнасцяў у космасе. Дзякуючы яе існаванню ўсталяванне Дзяржаўнага сцяга на Месяцы (а менавіта так зрабілі Армстранг ды іншыя астранаўты) зусім нічога не значыць, бо юрыдычна "пазначыць" там тэрыторыю не можа ніхто - ні чалавек, ні кампанія, ні краіна, сказала Уілер.

У практычным сэнсе да 1969 года пытанне аб правах валоданнем тэрыторыямі Месяца і распрацоўку яго нетраў было неактуальнае. Але дзякуючы развіццю тэхналогій камерцыйная здабыча карысных выкапняў на спадарожніку Зямлі ўжо не здаецца фантастыкай з далёкай будучыні.

У 1979 у ААН было прынятае пагадненне аб дзейнасці дзяржаў на Месяцы ды іншых нябесных целах, якое яшчэ называюць "месячным пагадненнем". У ім абвяшчаецца прынцып выключна мірнага выкарыстання Месяца і падкрэсліваецца, што будаўніцтва і выбар размяшчэння месячных станцый трэб ўзгадняць з ААН, патлумачыўшы пры гэтым прычыны іх будаўніцтва.

У дакуменце гаворыцца, што Месяц і яго карысныя выкапні з'яўляюцца агульным здабыткам усяго чалавецтва, а дзяржавы-ўдзельніцы абавязваюцца "ўсталяваць міжнародны рэжым, у тым ліку адпаведныя працэдуры, для рэгулявання эксплуатацыі прыродных рэсурсаў месяца, калі будзе відавочна, што такая эксплуатацыя стане магчымай найбліжэйшым часам".

Галоўная праблема "месячнага пагаднення" ў тым, што яго ратыфікавалі толькі 11 краін. Сярод іх - Францыя ды Індыя. Іншыя краіны з касмічнымі праграмамі, у ліку якіх Кітай, ЗША і Расея, дакумент не падпісалі. Таксама засталася ў баку і Брытанія.

Са слоў Уілера, сачыць за выкананнем тэзісаў, якія змяшчаюцца ў пагадненнях, вельмі няпроста. Гэтым маюць займацца самі краіны, якія падпісаліся пад гэтымі дакументамі і ўключылі іх у сваё заканадаўства. Яны маюць сачыць за тым, што асобныя людзі і кампаніі пільнуюцца літары закона.

Былая галоўная рэдактарка "Часопіса аб касмічным праве" Джаан Айрын Габрыновіч мяркуе, што міжнародныя пагадненні нічога не гарантуюць. На іх выкананне ўплывае сумесь палітыкі, эканомікі і грамадскай думкі, сказала яна.

ДАКУМЕНТ 1955 АБ УЛАСНАСЦІ ДЗЯЛЯНКІ НА МЕСЯЦЫ
ФОТА: GETTY IMAGES

У апошнія гады існыя пагаднення, якія забараняюць дзяржавам забіраць ва ўласнасць нябесныя целы, актыўна выпрабоўваюцца на трываласць.

У 2015 годзе ў ЗША была прыняты закон аб канкурэнцыі ў пытанні камерцыйных касмічных стартаў, у якім гаворыцца аб праве грамадзян здабываць карысныя выкапні з астэроідаў. Ён не распаўсюджваецца на Месяц, але яго механізм дзеяння ў прынцыпе можа быць павялічаны.

Адзін з заснавальнікаў кампаніі Planetary Resources Эрык Андэрсан назваў гэты закон самым вялікім у гісторыі прызнаннем права ўласнасці.

У 2017 годзе аналагічны закон прынялі ў Люксэмбургу. У ім гаворыцца аб праве ўласнасці на рэсурсы, выяўленыя ў космасе. Намеснік Прэм'ер-міністра Эцьен Шнайдэр сказаў, што дзякуючы гэтаму закону Люксэмбург стане еўрапейскім першапраходцам і лідарам у гэтай галіне.

Імкненне да даследаванняў і камерцыялізацыі, безумоўна, ёсць. Усё больш краін выяўляюць жаданне дапамагаць у гэтым кампаніям.

"Ясна, што здабыча карысных выкапняў, альбо для транспартавання на зямлю, альбо для выкарыстання іх у вытворчасці на Месяцы, з'яўляецца поўнай супрацьлегласцю прынцыпу "не нашкодзь", - сказала адвакатка фірмы Naledi Space Law and Policy Гелен Нтабэні.

Паводле ейных слоў, можна сказаць, што ЗША і Люксэмбург нахабна адмовіліся выконваць пастановы пагаднення аб космасе. "Я вельмі сумняваюся, што высокамаральны прынцып аб супольным даследаванні космасу краінамі з роўнымі правамі будзе захаваны", - сказала яна.

ФОТА: GETTY IMAGES
Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках