Улады ўгаворваюць Сусветны банк даць грошай на чыгунку з Менска ў аэрапорт
20- 13.11.2019, 21:30
- 18,263
Памер інвестыцый на аб'ект ацэньваўся ў 100 млн даляраў.
Урад Беларусі прапанаваў Сусветнаму банку ўзяць удзел у фінансаванні будаўніцтва чыгункі паміж Менскам, кітайска-беларускім індустрыяльным паркам «Вялікі камень» і Нацыянальным аэрапортам. Пра гэта паведаміла Міністэрства транспарту і камунікацый, паведамляе tut.by.
- Гэта вельмі сур'ёзны праект. Разлічваем, што зможам вывучыць гэта пытанне, каб у тым ліку з удзелам Сусветнага банка рэалізаваць гэты праект, - сказаў віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алексам Крэмерам.
Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу, што будаўніцтва чыгункі дапаможа забяспечыць зручнае злучэнне з Нацыянальным аэрапортам Менск. Раней цягнік ужо звязваў горад і аэрапорт, але маршрут быў не вельмі зручным, бо пасажыраў даводзілася падвозіць аўтобусам ад цягніка да аэравакзалаў.
У траўні 2019 года Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду ў сціснутыя тэрміны пабудаваць чыгунку з Менска ў Нацыянальны аэрапорт праз індустрыяльны парк «Вялікі камень». Згодна з першапачатковым праектам, чыгунка павінна прайсці па існым шляху ад станцыі Менск-Пасажырскі праз Калодзішчы да станцыі Гарадзішча, пасля якой у бок аэрапорта плануюць дабудаваць 18 км новых чыгуначных шляхоў. Перад аэрапортам таксама прадугледжаны прыпыначны пункт «Вялікі камень». Працягласць усяго маршруту складзе 41,8 км, арыентыровачны час у шляху 30 хвілін. Сума інвестыцый на аб'ект ацэньвалася ў 100 млн даляраў, з іх 40 млн на набыццё трох цягнікоў.
Паводле звестак прэс-службы ўрада, цяпер разглядаецца некалькі варыянтаў рэалізацыі праекта: будаўніцтва новай чыгункі ўздоўж вул. Ваўпшасава, будаўніцтва адгалінавання ўздоўж трасы М2 на аэрапорт, рэканструкцыя існай чыгуначнай галінкі, якая выкарыстоўваецца для грузавых перавозак.
Вынікам сённяшніх перамоў, як паведамляе прэс-служба Мінтранса, стала дамоўленасць дэталёва абмеркаваць супрацоўніцтва пасля працы сумеснай экспэртнай групы Беларускай чыгункі і Сусветнага банка.