Калі ўцякаць Ярмошынай?
96- 24.11.2019, 8:04
- 175,080
Аргументы на карысць больш хуткай змены ўлады ў Беларусі.
Пасля так званых «выбараў» беларусы прапанавалі некалькі крэатыўных ідэй, як пакараць фальсіфікатараў.
Напрыклад, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выступіў з прапановай ануляваць усім удзельнікам фальсіфікацый шэнгенскія візы і не выдаваць новыя.
Ягоную ідэю падтрымаў і вядомы прадпрымальнік і блогер Віктар Гарбачоў, які прапанаваў стварыць усебеларускую «базу фальсіфікатараў» і перадаваць звесткі пра іх у консульскія ўстановы заходніх краінаў, каб зрабіць неўязнымі ў ЕЗ.
Наколькі рэальна пакараць фальсіфікатараў і які лёс чакае іх надалей? На пытанні Charter97.org адказвае старшыня юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі хельсінкскі камітэт» Гары Паганяйла.
– Фальсіфікацыя выбараў юрыдычна з'яўляецца злачынствам. Ці можна на гэтай падставе паспрабаваць дамагчыся прызнання тых, хто да гэтага датычны, персонамі нон грата ў заходніх краінах?
– Магу сказаць так: мы гэта ўжо праходзілі: «маральныя» санкцыі, якія абмяжоўваюць уезды, магчымасці вучыцца ці жыць на Захадзе. Таму тэхнічна гэта зрабіць магчыма. Пытанне толькі ў тым – наколькі гэта эфектыўна ў сэнсе прадухілення далейшых фальсіфікацый?
Вы ведаеце, у камісіях удзельнічала блізу 62–64 тысячаў чалавек. Таму ўзнікае заканамернае пытанне: хто будзе адсочваць, паедзе атаварвацца ў «Акропаліс» той ці іншы чыноўнік ці не паедзе?
Таму гэтыя наскокі на ўчастковыя камісіі праблему ў корані не развяжуць. Выйсце тут адно: трэба мяняць уладу ў краіне. Тады можна казаць пра пакаранне і вінаватых у фальсіфікацыі.
– Як зрабіць, каб у выніку вінаватыя панеслі пакаранне?
– Ёсць рызыка, што, пакуль улада зменіцца, могуць скончыцца тэрміны даўнасці для змушэння вінаватых. Акрамя таго, іх вінаватасць яшчэ трэба ў законным парадку даказаць – і толькі потым можна весці гаворку пра судовы разгляд і пра крымінальнае пакаранне.
Пры цяперашняй уладзе такія спробы рабіліся неаднаразова. Ніводнай крымінальнай справы распачата не было. І не будзе, таму што гэтая ўлада, на тое яна і такая нелегітымная, адабрала ў людзей саму магчымасць абіраць. Выбараў у краіне няма.
Як я ўжо казаў: трэба мяняць уладу. І рабіць гэта без затрымак, каб, калі ўлада памяняецца, не скончыліся тэрміны даўнасці, інакш усё гэта можа апынуцца пустымі размовамі.
– Не хочацца думаць пра тое, што назіральнікі на ўчастках фіксавалі ўсе гэтыя парушэнні дарма...
– У любым выпадку пратаколы парушэнняў, складзеныя назіральнікамі на ўчастках, згуляюць сваю ролю – для гісторыі, для таго каб мець доказы, што ўлада была паганая, што ўлада фальсіфікавала, што ўлада адабрала такую дэмакратычную працэдуру, як выбары. Нарэшце, для таго каб мяняць гэтую ўладу цывілізаваным шляхам.
Яны і сёння служаць менавіта для таго, каб даказваць усім – і гэтым уладам, і міжнародным інстытутам – што выбараў у Беларусі няма.
Але калі гаворка ідзе пра магчымыя акты адказнасці, то многае залежыць ад таго, калі да ўлады ў Беларусі прыйдзе дэмакратычны ўрад – каб не скончыўся тэрмін даўнасці зафіксаваных парушэнняў.
Іншая рэч, што без уліку тэрміну даўнасці ўжываецца такі спосаб пакарання, як люстрацыя: адхіленне ад пасадаў тых, хто апынуўся вінаватым перад грамадствам за тыя агіднасці, якія рабіліся пры аўтарытарным рэжыме – за гвалт, за незаконныя судовыя прысуды, за тыя ж фальсіфікацыі выбарчага працэсу. Вось за гэта – так, можна панесці адказнасць, калі практыка люстрацыі будзе ўжытая новым дэмакратычным урадам.
– На днях «балівійская Ярмошына» Марыя Эўхенія Чоке спрабавала ўцячы з краіны, пераапрануўшыся мужчынам. Які, на Вашу думку, лёс чакае беларускіх фальсіфікатарў выбараў – пачынаючы ад самых галоўных?
– Думаю, што Ярмошына хоча правесці найбліжэйшыя прэзідэнцкія выбары і сысці ціхенька на пенсію. А ўжо як яно атрымаецца і куды яна «сыдзе», залежыць ад шматлікіх чыннікаў.
Яна спадзяецца вось на што: дажываць ціхенька сваё на пенсіі, а ўжо калі паўстане пытанне аб змушэнні яе да адказнасці, каб да гэтага часу тэрміны даўнасці для яе маглі скончыцца. Таму, каб змусіць Ярмошыну да адказнасці, улада ў краіне павінна памяняцца хутка, інакш такая пастаноўка пытання можа страціць сэнс.
Разумееце, тое, што адбываецца ў Балівіі – гэта справа свежая. У Балівіі якраз, нават пры такім адносна «вегетарыянскім» рэжыме, пры такой, у параўнанні з намі, адноснай дэмакратыі, людзі ўсталі і сказалі: «Не! Ёсць пастанова Канстытуцыйнага суда, што Эва Маралес не мае права балатавацца на наступны тэрмін».
Ён жа, насуперак пастанове Канстытуцыйнага суда, усё ж такі пайшоў на выбары і меркаваў сябе «абраным» прэзідэнтам. Пасля гэтага ўсё і адбылося. Разумееце?
У нас такая магчымасць – адхіліць ад улады «прэзідэнта» і вывесці на чыстую ваду ягоных фальсіфікатараў – з'явілася ў 2004 годзе (гэта калі праводзіць паралелі з Балівіяй). Тады, у 2004 годзе, Лукашэнка пайшоў на чарговы рэспубліканскі «рэферэндум», паводле якога было зразумела, што будуць прыбраныя з Канстытуцыі артыкулы, якія абмяжоўваюць ягоныя паўнамоцтвы двума тэрмінамі.
Вось тады і трэба было арганізаваць справу так, каб тыя «выбары» і сам «рэферэндум» не адбыліся. Калі б людзям даходліва тлумачылі, што яны кансервуюць гэты рэжым на доўгія і доўгія гады, што яны не будуць бачыць прасвету, што ім давядзецца ўцякаць з гэтай краіны, што давядзецца расхлёбваць не толькі ім, але і іхнім дзецям, то, думаю, многія адумаліся б і паводзілі б сябе зусім інакш.
Калі б тады сканцэнтраваць свае сілы на недапушчэнні «рэферэндуму» 2004 года, то сітуацыя ў нас даўно пайшла б паводле балівійскага сцэнару. І калі б Лукашэнка, надумаў насуперак Канстытуцыі, вылучыцца на чарговы тэрмін, то народ тады мог бы сказаць: «Не, ты парушаеш Канстытуцыю, мы не можам гэтага дапусціць». Гэта быў бы класічны балівійскі сцэнар для Лукашэнкі і Ярмошынай.
Але, як гаворыцца, гэта падзеі мінулых гадоў. А апазіцыі трэба атрымаць з іх урокі, каб не дапускаць памылак у будучыні.