Настаўніца сарвала ўрок: Ёй не спадабаўся пірсінг вучаніцы
70- 24.11.2019, 11:34
- 37,793
Ці мае педагог права чапляцца да вонкавага выгляду школьнікаў?
У рамках праекта «Адваротны бок медаля» чытачка «Салідарнасці» расказала пра канфлікт, які адбыўся ў школе ў яе дачкі-адзінаццацікласніцы.
– Аднакласніца маёй дачкі Алеся зрабіла пірсінг. Колца ў носе выклікала негатыўную рэакцыю настаўніцы замежнай мовы. На ўроку яна запатрабавала дзяўчынку зняць колца. Тая адмовілася. Настаўніца сказала, што яна не можа глядзець на пірсінг і весці ўрок. Звярнулася да вучаніцы са словамі: «Пераходзь у іншую групу».
Проста на ўроку яна пайшла да калегі, каб тая забрала яе вучаніцу. Алеся не вытрымала і пайшла з урока, у гэты дзень яна больш у школе не з'яўлялася. Настаўніца вярнулася і выбачылася перад класам за тое, што перапыніўся ўрок.
Пазней дачка апавяла, што мама Алесі паразмаўляла з настаўніцай праз тэлефон, яна засталася ў групе. За інцыдэнт на ўроку настаўніца перад вучаніцай не папрасіла прабачэння.
Мяне зачапіла за жывое гэтая сітуацыя. Пару гадоў таму мая дачка ў канцы навучальнага года таксама рабіла пірсінг, і «цвічок» у носе правакаваў заўвагі з боку адміністрацыі школы, якія ў твар дачцэ казалі: «Навошта ты гэта зрабіла? Табе, напэўна, балюча?» Дачка адказвала, што яе знешні выгляд іх не датычыцца, гэта да вучобы не мае дачынення.
Раскажыце, як развязваць канфлікты «настаўнік – вучань», калі прыдзіркі датычацца вонкавага выгляду? Як правільна расставіць мяжы, каб школа ў асобе адміністрацыі і педагогаў не паказвала падлеткам, як ім стрыгчыся, ці рабіць пірсінг і г.д.? Чаму гэтыя пытанні так хвалююць настаўнікаў?
«Нідзе не прапісаныя нормы, з якой прычоскай або макіяжам павінен прыходзіць вучань у школу»
Псіхолаг Лілія Ахрэмчык нагадвае, што дзейнасць настаўніка рэгламентуецца Законам «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» і службовай інструкцыяй. Згодна з Законам, задачамі агульнай сярэдняй адукацыі з'яўляецца ў тым ліку фармаванне эстэтычнага густу.
– Настаўнік і адміністрацыя школы, прыдзірлівыя да знешняга выгляду вучняў, могуць спаслацца на нібыта выхаванне эстэтычнага густу. Але! Нідзе не прапісаныя нормы, у якім менавіта выглядзе (за выключэннем справавога стылю), з якой прычоскай, з макіяжам або без, з пірсінгам ці без, павінен прыходзіць вучань у школу.
Гэтага і не можа быць, таму што любое абмежаванне волі ў самавызначэнні можна расцаніць як дыскрымінацыю, – мяркуе Лілія Ахрэмчык.
Псіхолаг адзначае, што ў Беларусі няма асобнага закона пра дыскрымінацыю, і гэта стварае шчыліны для вольных інтэрпрэтацый паўсюль, але ў дзяржаве ёсць Канстытуцыя, якая гарантуе роўнасць правоў незалежна ад полу, нацыянальнасці, знешнасці, стану здароўя і іншае.
– Больш за тое, паводле таго ж Закону аб адукацыі супрацоўнікі ўстановы адукацыi абавязаныя забяспечыць «захаванне і ўмацаванне фізічнага і псіхічнага здароўя вучняў», таму любы маніпуляцыйны прэсінг недапушчальны.
Экспертка падкрэслівае, што ў нас няма практыкі фіксаваць у псіхатэрапеўтаў стрэс, дэпрэсію, якія перажывае дзіця, – тое, што можна аднесці заканадаўча да «маральных пакутаў».
– Калі б бацькі гэта часцей рабілі і пісалі адпаведныя заявы ў вышэйшыя органы, жаданне педагогаў выказваць сваё меркаванне адносна знешнасці вучня рэзка паменела б.
«Агрэсіўныя паводзіны настаўніка кажуць пра яго непрафесіяналізм і няведанне ўзроставай псіхалогіі»
Псіхолаг мяркуе: эксперыменты са знешнасцю цалкам нармальныя ў падлеткавым узросце:
– Гэта натуральны вынік псіхічных працэсаў, што адбываюцца з дзіцем – пошук сваёй унікальнасці, пры гэтым жаданне не адбівацца ад зграі, патрэба быць самастойным, скіданне аўтарытэтаў, перагляд сацыяльных стандартаў і іншае. Знешнасць – ледзь не адзінае, чым падлетак кіруецца насамрэч пры ягонай несуцішнай цязе да незалежнасці. Змагацца з гэтым – тое самае, што змагацца з самой прыродай. Агрэсіўныя паводзіны настаўніка, які выявіў нейкія змены ў знешнасці вучня, кажуць пра яго непрафесіяналізм і няведанне ўзроставай псіхалогіі.
Да таго ж заканадаўча настаўніка не абавязваюць падчас навучання і пасля праходзіць асабістую псіхатэрапію, таму дзейнічаюць звычайныя механізмы псіхалагічнай абароны – праекцыі, пераносы, адмаўленне і іншае. Скажам, сабе чалавек нечага не дазваляе, таму тое, што гэта робіць хтосьці іншы, так раздражняе. Ці, напрыклад, настаўніца адчувае неўсвядомленую зайздрасць да вучаніцы, таму што тая юная і прыгожая, і таму змушае стаць незаўважнай, зняць «гэта ўсё» або змыць макіяж. Нішто чалавечае не чужое, як той казаў.
Акрамя таго, школа, як пастаўшчык працоўных кадраў, не зацікаўленая ва ўмацаванні індывідуальнасці – сістэме патрэбныя стандартызаваныя шрубкі, кажа Лілія Ахрэмчык. Таму творчы патэнцыял, захаванне асобасных межаў і самабытнасці дзіцяці – цалкам адказнасць бацькоў.
– Што рабіць бацькам? Быць на баку свайго дзіцяці – гэта галоўнае. І памятаць, што яны маюць справу з бюракратычнай сістэмай, таму ў адстойванні сваіх правоў неабходна выкарыстоўваць нормы і дакументы, мінімум эмоцый.