У Ганконгу на фоне пратэстаў праходзяць мясцовыя выбары
- 24.11.2019, 12:45
- 5,252
ФОТА: REUTERS
Яўка ў першыя гадзіны ўтрая перавысіла паказнік 2015 года, на ўчастках – вялікія чэргі.
У Ганконгу ў нядзелю, 24 лістапада, на фоне антыўрадавых пратэстаў праходзяць выбары дэпутатаў раённых саветаў. Перад выбарчымі ўчасткамі назіраюцца доўгія чэргі ахвотных прагаласаваць. Паводле звестак ганконгскіх уладаў, толькі за першыя дзве гадзіны яўка ўтрая перавысіла паказнік 2015 года. Парадак на вуліцах і каля выбарчых участкаў забяспечваюць службоўцы паліцыі, паведамляе dw.com.
Прыхільнікі дэмакратычных рэформаў спадзяюцца, што высокая яўка паслужыць папярэджаннем ураду Ганконга. Яны заклікалі прыйсці на выбары і абвесцілі пра прыпыненне пратэстаў супраць пракітайскіх мясцовых уладаў. Актывісты таксама распаўсюдзілі ў сацыяльных сетках заклікі не ставіць галасаванне пад пагрозу.
Права ўдзельнічаць у галасаванні маюць больш як 4 млн жыхароў – амаль на 400 тысячаў чалавек больш, чым у 2015 годзе. Ім трэба будзе абраць 452 дэпутатаў у 18 акругах.
Масавыя пратэсты праз планы ўладаў дазволіць экстрадыцыю ў Кітай
З чэрвеня ў Ганконгу праходзяць шматтысячныя акцыі пратэсту. Іх удзельнікі першапачаткова выступалі супраць планаў урада дазволіць выдачу меркаваных правапарушальнікаў уладам Кітая. Пазней пратэстоўцы сталі патрабаваць правядзення дэмакратычных рэформаў, увядзення ўсеагульнага выбарчага права і адстаўкі кіраўніцы адміністрацыі Ганконга Кэры Лам. Акрамя таго, дэманстранты заклікаюць да незалежнага расследавання выпадкаў паліцэйскага гвалту на ранейшых акцыях.
Спецыяльны адміністрацыйны раён Ганконг (Сянган) з'яўляецца часткай Кітая з 1997 года. Да 2047 года Ганконгу гарантаваныя шырокія спецыяльныя правы, сярод якіх – свабода прэсы, сходаў і выказвання меркаванняў.
У кастрычніку міністр Ганконга ў пытаннях бяспекі Джон Лі зняў з разгляду законапраект аб выдачы меркаваных злачынцаў уладам КНР. Аднак самыя масавыя пратэсты ў Ганконгу з часу перадачы гэтай былой брытанскай калоніі Кітаю не сціхаюць.