28 снежня 2025, Нядзеля, 20:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы паведамляюць аб новых масавых выпадках анулявання tax free польскай мытняй

Беларусы паведамляюць аб новых масавых выпадках анулявання tax free польскай мытняй

Што адбываецца?

Каб прывезці нешта з Польшчы, мала ўкласціся ў беларускія мытныя ліміты: трэба яшчэ, каб польская мытня не мела прэтэнзій, піша kp.by.

- Хто ў курсе, што з ватамі ў Дамачаве? Праз аднаго анулююць ваты, - такое паведамленне днямі з'явілася ў тэлеграм-канале, дзе людзі абмяркоўваюць сітуацыю на памежных пераходах каля Берасця.

Ватамі (VAT па-польску, то бок, ПДВ) у простамоўі называюць дакумент на вяртанне tax free. Каб аформіць ваты, у Польшчы дастаткова зрабіць закупы на суму ад 200 злотых - гэта крыху больш за 50 даляраў - у адным чэку. У краме да чэку прымацуюць дакумент (ён называецца faktura VAT), у якім указваецца пералік тавараў з коштамі брута і нета і сума, якую пакупнік зможа атрымаць назад. Зрабіць гэта можна падчас наступнай паездкі або ў Беларусі ў адным з банкаў. Максімальна можна вярнуць да 23% ад кошту пакупкі. Напрыклад, смартфон за 350 даляраў можа каштаваць у выніку прыблізна 270 даляраў.

Тыя, што часта ездзяць у Польшчу на закупы, ахвотна карыстаюцца вяртаннем ватаў. Не абавязкова набываць тэхніку: зэканоміць 23% можна нават на вопратцы і бытавой хіміі. Толькі для таго, каб вярнуць грошы, на мяжы трэба паставіць адзнаку аб тым, што тавар вывезены. Гэтым займаюцца польскія мытнікі: яны звяраюць пералік пакупак з тым, што пазначана ў дакументах і ставяць сваю пячатку. Але нечакана беларусы на гэтым этапе сутыкнуліся з праблемамі. Польскія мытнікі сталі ставіць штам аб ануляванні фактуры ватаў! У тлумачэнні да адмовы ёсць спасылкі на розныя законы Польшчы і Еўразвяза, але іх сутнасць зводзіцца да таго, што везці можна толькі тавары для асабістага карыстання.

- Калі цягам года паўтараюцца аднатыпныя пазіцыі тавару, то без варыянтаў - ануляцыя. А далей, сказалі, звяртайся да начальніка ў Тэрэспалі, потым у Бяла-Падлясцы, потым, пры жаданні, у суд, - дзеліцца досведам Раман.

Прэтэнзіі ў мытнікаў узнікалі, у асноўным, да тых, хто часта ездзіць на закупы.

- Мытнік сказаў, што глядзяць, каб на продаж не вазілі, - кажа Ганна.

Камусьці ўдалося нават сфатаграфаваць на стале ў польскага мытніка раздрукаваны ліст ад 20 лістапада з загалоўкамі: «Прававыя асновы для анулявання» і «Інструкцыя для вандроўцы». Там сказана, што ў вандроўцы ёсць права абскардзіць ануляванне - звярнуцца пісьмова да начальніка Любельскай мытна-падатковай інспекцыі ў Бяла-Падлясцы праз аддзел дарожнай мытні ў Тэрэспалі цягам 14 дзён.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках