Пуцін спрабуе сысці ад адказнасці
12- 24.11.2019, 16:10
- 21,191
Экспэртка прааналізавала дзеянні расейскага кіраўніка.
Выхад Расеі з пратаколу Жэнеўскай канвенцыі пашырае ёй індульгенцыю на парушэнне правоў чалавека ў зоне баявых дзеянняў, у тым ліку на Данбасе.
Да такой высновы прыйшла дырэктарка Усходняй праваабарончай групы Вера Ястрабава, прааналізаваўшы сітуацыю для «Апострофа».
На думку экспэрткі, выхад Расеі з адмысловага пратаколу 4-й Жэнеўскай канвенцыі аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас міжнародных канфліктаў кажа пра тое, што Расея спрабуе сысці ад адказнасці. А таксама пацвярджае той факт, што Расея парушала Жэнеўскую канвенцыю на тэрыторыі Украіны.
«Пуцін скарыстаўся шчылінай у міжнародным заканадаўстве і зрабіў фактычна немагчымым прыцягненне сябе да адказнасці. Канвенцыя была ратыфікаваная яшчэ ў 1977 годзе і ў РФ дагэтуль не ўздымалася пытанне аб выхадзе з гэтага пратаколу. Ануляцыя такога міжнароднага акта сведчыць аб тым, што ў Расейскай Федэрацыі і далей нівеліруюцца правы чалавека», - падкрэсліла Вера Ястрабава.
Акрамя таго, такім чынам Расея фактычна пашырае сабе індульгенцыю на парушэнне правоў чалавека, у тым ліку, і ў тых краінах, у якіх яна вядзе баявыя дзеянні. «Цяпер РФ атрымала свабоду ад легітымнага асуджэння, таму гэта можа стаць асновай для яшчэ больш цынічных злачынстваў на тэрыторыі Украіны», - папярэджвае экспэртка.
Пры гэтым Вера Ястрабава нагадала, што ў акупаванай частцы Данбаса назіраецца абвастрэнне наступу на свабоду слова. Напрыклад, студэнта Сяргея Русінава на 6 гадоў асудзілі так званыя «суды» «ЛНР» і кінулі за краты так званай «пенітэнцыярнай сістэмы» за тое, што ён падтрымліваў у сацсетках праўкраінскія паведамленні і прынцыпова не падтрымліваў палітыку акупанта.
«Жанчына з «ДНР» Марына Чуйкова мела ў тэлефоннай кнізе кантакт чалавека, які быў пэўным чынам звязаны з СБУ. Пасля затрымання сваякі не маглі знайсці яе цягам двух месяцаў. Пасля даведаліся, што яна знаходзіцца ў так званым СІЗА Данецка. Цяпер яна асуджаная так званым «судом» «ДНР» на 11 гадоў і працуе на эканоміку «народнай рэспублікі» - шые ў турме вопратку. Дзеці не могуць з ёй звязацца, забяспечыць ёй абаронцу ці ж падтрымаць іншым чынам», - паведаміла праваабаронца.