Мільярдэр Майкл Блумбэрг пачаў прэзідэнцкую кампанію ў ЗША
10- 24.11.2019, 22:36
- 16,154
Ён мяркуе, што ніхто з астатніх кандыдатаў не ў стане перамагчы Дональда Трампа.
Мільярдэр і былы мэр Нью-Ёрка Майкл Блумберг афіцыйна ўступіў у барацьбу за пасаду прэзідэнта. Ён мяркуе, што ніхто з астатніх кандыдатаў не ў стане перамагчы Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, паведамляе расейская служба ВВС.
9 лістапада 77-гадовы Блумберг падаў дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ад Дэмакратычнай партыі ЗША на першасных выбарах у Алабаме, але да сённяшняга дня не было ясна, ці збіраецца ён актыўна ўдзельнічаць у барацьбе за прэзідэнцкую пасаду.
Блумбэрг апублікаваў перадвыбарчы ролік, у якім згадвае, што «з нуля» пабудаваў бізнэс-імперыю, «аднавіў з попелу» Нью-Ёрк пасля трагедыі 11 верасня і змагаўся з вугальным лобі за экалогію ў той час як адміністрацыя Трампа ігнаравала праблемы навакольнага асяроддзя. Таксама Блумберг абяцае выбарцам бясплатнае медыцынскае страхаванне.
Асноўны лозунг Блумберга - «Перамагчы Трампа і аднавіць Амерыку». Цяперашняга прэзідэнта ЗША (таксама нью-ёркскага бізнэсоўца) ён называе пагрозай для краіны.
Трамп і Блумберг даўно абменьваюцца з’едлівымі выказваннямі ў сацсетках.
Пасля таго як былы мэр Нью-Ёрка падаў дакументы на рэгістрацыю, Трамп у здзеклівай форме пракаментаваў паведамленні аб намеры Блумберга балатавацца ў прэзідэнты. «Няма нікога [сярод дэмакратаў], супраць каго мне больш хацелася б балатавацца, чым маленькі Майкл», - заявіў прэзідэнт ЗША.
На пачатак кампаніі Блумберга Трамп пакуль не адрэагаваў.
Што мы ведаем пра Майкла Блумбэрга?

Майкл Блумберг і Дональд Трамп былі сябрамі, а сталі палітычнымі апанентамі
Багацце Блумберга ацэньваецца ў 52 млрд даляраў. Гэта амаль у 17 разоў больш, чым багацце Дональда Трампа (3,1 млрд даляраў).
Блумбэрг быў банкірам на Уол-стрыт, а затым заснаваў агенцтва фінансавых навінаў, якое носіць яго імя. Ён ахвяруе мільёны даляраў на праекты ў галіне адукацыі і медыцыны.
Блумбэрг першапачаткова падтрымліваў дэмакратаў, але стаў рэспубліканцам, каб вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду мэра Нью-Ёрка ў 2001 годзе.
Ён тры разы пераабіраўся на пасаду мэра да 2012 года і толькі ў мінулым годзе аднавіў сваё сяброўства ў Дэмакратычнай партыі.
Ён лічыцца ўмераным дэмакратам і выступае за ўдзел ЗША ў міжнародных пагадненнях кантролю за кліматам. Блумбэрг таксама падтрымлівае рух за кантроль над продажам агнястрэльнай зброі, які ён дапамог заснаваць ў 2014 годзе.
Гэты рух, які атрымлівае значную фінансавую падтрымку ад Блумберга, выконваў вядучую ролю ў пераканаўчай перамозе дэмакратаў на выбарах у заканадаўчы сход штата Вірджынія на гэтым тыдні.
Рух уклаў 2,5 млн даляраў у выбарчы фонд дэмакратаў у гэтым штаце. Гэта значна больш, чым ўклад Нацыянальнай стралковай асацыяцыі, якая падтрымлівала рэспубліканцаў і штаб-кватэра якой размешчаная ў Вірджыніі.