Змагары з акумулятарным заводам у Берасці прайшлі па цэнтральных вуліцах горада
2- 24.11.2019, 21:57
- 11,458
Кампанія супраць завода працягваецца.
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці прайшлі па цэнтральных вуліцах горада.
У Берасці на плошчы Леніна сёння сабралася блізу 150 праціўнікаў акумулятарнага завода.
Актывісты абураныя, што экспэртаў і грамадскасць не пусцілі на завод, калі яго наведвалі старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук, з дзяржаўнымі СМІ і прадстаўніком адміністрацыі СЭЗ «Брэст», паведамляе «Радыё Свабода».
ТАА «АйПаўэр» выключыла са спісу актывістаў Дзмітрыя Бекалюка і Дзям'яна Лепясевіча за тое, што яны нібыта з'яўляюцца адказчыкамі ў судовым разглядзе аб абароне дзелавой рэпутацыі «АйПауэр». Актывісты мяркуюць, што спецыялістаў не пусцілі свядома, бо заводу «ёсць што хаваць».
Са слоў Бекалюка, яны хацелі паглядзець, што рэальна адбываецца на прадпрыемстве. Яны ўважаюць, што пасля распараджэння аб прыпыненні будаўніцтва завода ў пачатку лета прадпрыемства ажыццяўляла вытворчую дзейнасць. Таксама ён адзначыў, што ў спісе для наведвання завода ад грамадскасці з'явіліся людзі, якіх яны не заяўлялі.
Бекалюк заявіў, што кампанія супраць завода будзе працягнутая.
Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця - Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».