27 студзеня 2020, панядзелак, 17:59
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Джонсан паабяцаў аб'яднаць брытанцаў і захаваць сяброўства з ЕЗ

Джонсан паабяцаў аб'яднаць брытанцаў і захаваць сяброўства з ЕЗ
БАРЫС ДЖОНСАН

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі заклікаў зрабіць паўзу ў палітычных баталіях.

У Вялікабрытаніі падведзены канчатковыя вынікі выбараў у Палату абшчын парламента, якія прайшлі ў чацвер. Кансерватары прэм'ер-міністра Барыса Джонсана дамагліся пераканаўчай перамогі - у іх будзе 365 месцаў з 650, паведамляе «Радио Свобода».


Гэта лепшы вынік за сучасную гісторыю партыі. Наадварот, вынік іх галоўных апанентаў - лейбарыстаў горшы за апошнія больш чым 80 гадоў. У іх толькі 203 месцы. Поспеху дасягнула Шатландская нацыянальная партыя, якая атрымала 48 мандатаў, перамогшы ў пераважнай большасці акругаў у Шатландыі. Ліберальна-дэмакратычная партыя атрымала толькі 11 мандатаў, Партыя Уэльса - 4, зялёныя - 1, паведамляе BBC. У Паўночнай Ірландыі адноснага поспеху дамагліся прыхільнікі аб'яднання Ірландыі.

За кансерватараў па ўсёй краіне прагаласавалі 43,6 адсотка выбарцаў, за лейбарыстаў 32,2 адсотка.

Барыс Джонсан захавае крэсла прэм'ера і сфармуе аднапартыйны кабінет, які ён назваў «народным агульнанацыянальным урадам». Выступаючы перад сваёй рэзідэнцыяй на Даўнінг-стрыт у Лондане, Джонсан адзначыў, што кансерватары перамаглі нават у тых акругах, дзе не перамагалі 100 гадоў, і прадстаўляюць інтарэсы ўсёй нацыі. Ён пацвердзіў, што мае намер вывесці Брытанію з ЕЗ да канца студзеня - новы склад парламента павінен без праблем ратыфікаваць дасягнутае раней пагадненне пра Брэкзіт.

У той жа час, Джонсан звярнуўся з прымірэнчымі словамі да тых, хто не галасаваў за яго, праціўнікаў Брэкзіта. Ён сказаў, што Брытанія захавае сяброўства з ЕЗ і будзе супрацоўнічаць з Еўразвязам у пытаннях барацьбы са зменамі клімату і тэрарызмам, у гандлі, навуцы і культуры. Прэм'ер заклікаў зрабіць паўзу ў палітычных баталіях, заявіўшы, што Брытанія заслужыла таго, каб перадыхнуць і замест спрэчак пра Брэкзіт заняцца ўнутранымі праблемамі. Ён адзначыў, што ўрад мае намер маштабна інвеставаць у ахову здароўя, адукацыю і інфраструктуру. «Трэба аб'яднацца і рухацца ўверх» - сказаў Джонсан.

Адным з першых выклікаў для прэм'ера будуць заклікі Шатландскай нацыянальнай партыі правесці паўторны рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі. Шатландскія нацыяналісты сцвярджаюць, што атрымалі на выбарах моцны мандат для перамоў з Лонданам.