«Нямецкая хваля»: У Менску прайшла чацвёртая акцыя пратэсту за апошнія два тыдні
3- 21.12.2019, 22:59
- 14,107
На акцыі зачыталі выняткі з канстытуцыі Беларусі, якія датычацца суверэнітэту краіны.
У беларускай сталіцы ў суботу, 21 снежня, прадоўжыліся акцыі пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» з Расейскай Федэрацыяй, піша «Нямецкая хваля».
Людзі трымалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, крычалі лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Ніякіх саюзаў з імперскай Расеяй».
Пратэстоўцы аднагалосна прынялі рэзалюцыю, у якой абвінавацілі «групу чыноўнікаў» на чале з Лукашэнкам «у здрадзе і незаконным гандлі інтарэсамі беларускага народа». Яны заклікалі ствараць ва ўсёй краіне «групы абароны радзімы», задачай якіх павінна стаць інфармаванне людзей «пра небяспеку расейскай акупацыі», заваёва аўтарытэту ў грамадстве і назапашванне «сіл для барацьбы».
На мітынгу выступілі беларускія апазіцыйныя палітыкі, сярод якіх і арганізатар акцыі, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. Ён зачытаў выняткі з канстытуцыі Беларусі, якія тычацца суверэнітэту краіны.
Мітынг прадоўжыўся ў фармаце адкрытага мікрафона. Студэнт Андрэй з Пінска заклікаў моладзь не баяцца выходзіць на акцыі пратэсту. Скончылася акцыя пратэсту выкананнем рэлігійнага гімна «Магутны Божа».
Чацвёртая акцыя пратэсту за апошнія два тыдні
Напярэдадні ў цэнтры Менска прайшла акцыя пратэсту супраць «інтэграцыі» Беларусі і Расеі і перамоў Лукашэнкі і Пуціна. Калона прайшла па праспекце Незалежнасці і вярнулася назад да Кастрычніцкай плошчы, дзе стала ў «жывы ланцуг».
Дзве першыя акцыі прайшлі 7 і 8 снежня і былі прымеркаваны да перамоў кіраўнікоў Беларусі і Расеі.
У пятніцу, 20 снежня, правадыры Беларусі і Расеі правялі ў Санкт-Пецярбургу чарговы раўнд перамоў аб «паглыбленні інтэграцыі» ў рамках «саюзнай дзяржавы». Аб іх выніках міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін заявіў, што з 31 блока пытанняў «дарожнай карты» няўзгодненымі засталіся толькі тры - у нафтавай, газавай і падатковай сферы.