25 снежня 2025, Чацвер, 13:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Станем салдатамі незалежнасці»

7
«Станем салдатамі незалежнасці»
Фото: «Наша Ніва»

На акцыі ў Менску папярэдзілі «інтэгратараў».

Удзельнікі акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй, якая прайшла 21 снежня на Кастрычніцкай плошчы Менска, прынялі рэзалюцыю «Народная мабілізацыя ў абарону незалежнасці Беларусі», паведамляюць naviny.by.

Тэкст рэзалюцыі зачытаў дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі. У дакуменце сцвярджаецца, што чыноўнікі на чале з Лукашэнкам «пагадзіліся на здраду, здаюць Расеі ўсё наўзамен нафты і газу».

«Трэба спыніць незаконную дзейнасць чыноўніцкай групоўкі па продажы інтарэсаў Беларусі, - гаворыцца ў рэзалюцыі. - Гэтыя людзі не маюць права вырашаць лёс суверэнітэту і народа. Іх дзейнасць - незаконная і неканстытуцыйная. Тое, што яны робяць на вачах ва ўсіх, - змова прадажнікаў. Такія людзі падлягаюць суду i пакаранню - здраднікі Радзімы не павінны быць ва ўладзе ў Беларусі».

«Народ павінен браць уладу ў свае рукі і спыніць акупацыю краіны, якую праводзяць пад маркай так званай інтэграцыі. Заклікаем беларусаў ствараць супольнасць абароны Радзімы па ўсёй краіне. Іх задача - інфармаваць пра небяспеку расейскай акупацыі, падтрымліваць нашых людзей, назапашваць сілы для барацьбы, рыхтаваць спецыялістаў для рэалізацыі самакіравання ў сваёй мясцовасці», - падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

Выступаючы на мітынгу, Беленькі таксама заявіў: «Мы, беларусы, маем тут усю ўладу. Тыя чыноўнікі, тыя службовыя асобы, якія ажыццяўляюць любыя дзеянні супраць суверэннага, незалежнага статусу Рэспублікі Беларусь, учыняюць крымінальнае злачынства. Мы сёння папярэджваем іх: спыніцеся! Спыніце свае дарожныя карты. Вы не ведаеце, што робіце, вы ўжо нарабілі шмат зла. Беларусы трывалі да гэтага моманту, далей трываць не будуць».

Палітык папярэдзіў, што калі будзе створаны адзіны эмісійны цэнтр і парламент, то беларускі народ пачне супраціў. «Вы апынецеся па-за законам! Калі не ўключыцца пракуратура, мы да яе звяртаемся, то ўключайцеся. На вас у адпаведнасці з законам ляжыць адказнасць, каб спыняць любыя незаконныя дзеянні. Чаму вы маўчыце?!»

Паэт Уладзімір Някляеў нагадаў, што беларусы - нашчадкі тых, каго называлі люцічамі, ліцьвінамі. «Іх кроў у нашай крыві. Не буду агітаваць вас абараняць радзіму, вы і так тут сабраліся. Нядаўна адзін расейскі пісьменнік з дэмакратычнымі поглядамі (Дзмітрый Быкаў) абвінаваціў беларусаў у тым, што яны запалоханыя, дэградавалі ў культурным і палітычным сэнсах. Але галоўнае, каб у нас саміх была самапавага і пачуццё нацыянальнай годнасці. Вы тут, а значыць, у вас гэта ёсць», - заявіў Някляеў.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргей Антончык звярнуўся да дыктатара. «Аляксандр, я памятаю ў пачатку 1990-х міністр замежных спраў Расеі Козыраў заявіў, што «той, хто хоча прадаць хоць пядзю расейскай зямлі, з'яўляецца палітычным вырадкам». Падумай, што будуць думаць пра вас у тых кабінетах, калі ваша групоўка здасць цэлую краіну, прыпаўзе на жываце. Працэс здачы краіны пачаўся не сёння, а амаль адразу пасля 1994 года. Сёння ў нас ёсць хатняе заданне - зрабіць так, каб мы ўсе разам сталі салдатамі незалежнасці».

Мастак Аляксей Марачкін заклікаў творчых асоб, творчыя саюзы не быць у баку ад тае «здрады, якае адбываецца ў Пецярбургу».

Сустаршыня руху салідарнасці «Разам» Алена Таўстая згадала акцыі ў Кіеве і Львове ў падтрымку незалежнасці Беларусі: «Там няма лозунгаў пра саюз з Расеяй. Там адзін лозунг - Масква забівае! І ўкраінцы добра гэта ведаюць». Яна заклікала не дапусціць ніякіх саюзаў з Расеяй.

Мітынг прадоўжыўся ў фармаце «свабоднага мікрафона».

Блогер з Воршы Дзмітрый Казлоў сказаў: «Мяне часта пытаюцца, калі вы ўжо зменіце ўладу? Тады, калі на гэтай плошчы збяруцца сотні тысяч, калі вы адарвяце свае задніцы ад канапаў і прыйдзеце сюды, а не будзеце чакаць, калі Севярынец і Сіўчык нешта зробяць. Досыць усяго 3,5%, для нас гэта 300 тысяч чалавек, каб аўтарытарны рэжым змяніўся. Трэба дэцэнтралізаваны рух, новыя фарматы пратэстаў. Пакуль народ не возьме ўладу ў свае рукі, хто б тут ні быў - Лукашэнка, Пуцін - нічога не зменіцца».

У завяршэнне мітынгу Вячаслаў Сіўчык падзякаваў тым, хто прыйшлі. «За гэтыя дні, калі мы былі на вуліцах Менску, мы паказалі ўсяму свету, хто з'яўляецца ворагамі беларускага народа - гэта пуцінская Расея і халуйскі рэжым Лукашэнкі. Гэта дало шанцы для беларускага народа. Свет адазваўся, у нас ёсць хаўруснікі, усе краіны Усходняй Еўропы, і калі ў беларусаў хопіць волі бараніць сваю краіну, яны не будуць адны», - падсумаваў палітык.

Гэта была ўжо чацвёртая па ліку вулічная акцыя супраць інтэграцыі ў цэнтры Менска. Дзве першыя акцыі прайшлі 7 і 8 снежня. Яны былі прымеркаваны да перамоў Лукашэнкі і Пуціна 7 снежня ў Сочы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках