Зафіксавана рэкордна хуткае зрушэнне полюсаў Зямлі
31- 22.12.2019, 10:59
- 22,480
Паўночны полюс дрэйфуе з хуткасцю 55 кіламетраў у год.
Даследчыкі выпусцілі абноўленыя звесткі зрушэння паўночнага магнітнага полюса Зямлі, згодна з якімі хуткасць яго руху нечакана ўзрасла. Пра гэта паведамляецца на сайце Нацыянальнага ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў (NOAA), піша lenta.ru.
Спецыялісты адзначаюць, што з часу свайго адкрыцця ў 1831 годзе паўночны магнітны полюс перамясціўся на 2250 кіламетраў. Ён дрэйфуе, як правіла, з павольнай хуткасцю, аднак у апошнія гады полюс паскорыўся да рэкордных 55 кіламетраў у год. Самыя апошнія звесткі прагназуюць, што яго рух у кірунку Расеі замарудзіцца да 40 кіламетраў у год, аднак хуткасць усё адно застанецца высокай.
Нацыянальныя цэнтры экалагічнай інфармацыі ЗША і Брытанская геалагічная служба выпусцілі абноўленую версію Сусветнай магнітнай мадэлі (WMM2010), якая паказвае становішча полюсаў у пэўныя моманты часу і раёне, дзе праца компасаў можа быць ненадзейнай. WMM абнаўляецца кожныя пяць гадоў, аднак сёлета новую версію выпусцілі раней. Прычынай стала незвычайная хуткасць дрэйфу, праз якую мадэль састарэла хутчэй.
Даследчыкі мала ведаюць пра працэсы, якія адбываюцца ў металічным ядры Зямлі, якія маглі стаць прычынай дрэйфу паўночнага магнітнага полюса. Аднак навукоўцы мяркуюць, што перавароту магнітных полюсаў у найбліжэйшай будучыні не здарыцца, бо ў гэтым выпадку іх хуткасць павінна быць нашмат большай.