Бюджэт-дня 2020: як у Беларусі будуць зводзіць канцы з канцамі
9- 22.12.2019, 21:38
- 26,107
Паступіў характэрны «званочак».
Галоўны фінансавы дакумент на 2020 год звярстаны з дэфіцытам, чаго не было ўжо вельмі даўно. Гэты факт выклікае занепакоенасць у кабінетах улады, прычым нават там, дзе бюджэт на будучы год аднагалосна падтрымалі, піша Зміцер Заяц у артыкуле на сайце gazetaby.com.
Трывожны званочак
Расходы рэспубліканскага бюджэту ў 2020 годзе вызначаны сумаю 25,4 рублёў (з ростам на 11,4% да чаканага выканання бюджэту у 2019 годзе). У той жа час даходы чакаюцца сумаю 24,43 мільярда рублёў, што ўсяго толькі на 0,3% больш у параўнанні з чаканым узроўнем 2019 года.
Улічваючы, што ў будучым годзе прагназуецца інфляцыя на ўзроўні 5%, можна сказаць, што бюджэт-2020 звярстаны з улікам зніжэння даходаў у рэальным выразе. Мала гэтага, упершыню за многія гады бюджэт звярстаны з дэфіцытам, які вызначаны сумаю амаль мільярд рублёў (дакладная сума - 995,1 млн).
Як удалося высветліць БелаПАН, праект бюджэту прадугледжвае, што дэфіцыт будзе прафінансаваны за кошт замежных дзяржаўных пазык, якія прыцягваюцца для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, у суме 869,2 мільёнаў рублёў і рэшткаў сродкаў рэспубліканскага бюджэту сумаю 125,9 млн руб.
Агулам, галоўны фінансавы дакумент не выклікае пазітыўнага ўражання нават у тых, хто яго аднагалосна падтрымаў.
«Дэфіцыт бюджэту - гэта трывожны званочак. Калі раней мы абслугоўвалі дзяржаўную запазычанасць за кошт прафіцыту бюджэту, то цяпер даводзіцца адшукваць (іншыя) сродкі для плацяжоў дзяржаўнай запазычанасці», - казаў намеснік старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі шостага склікання Міхаіл Сіцько.
Прадстаўляючы праект бюджэту на будучы год, ён звярнуў увагу, што на фоне змяншэння непадатковых паступленняў бюджэту (выкліканых падатковым манеўраў у нафтавай галіне Расеі) расце залежнасць казны ад яе напаўнення падаткамі.
«Калі ў 2016-м доля падатковых паступленняў у агульнай структуры даходаў бюджэту складала 73,7%, то ў 2020-м - 81%. І гэта пры тым, што мы гаворым пра (неабходнасць) зніжэння падатковай нагрузкі», - адзначаў Сіцько.
На яго думку, бюджэт на 2020 год «нельга назваць бюджэтам развіцця».
«Запланавана зніжэнне (у параўнанні з 2019 годам) долі выдаткаў на нацыянальную эканоміку з 16% да 13,9%, на рэалізацыю сацыяльнай палітыкі - з 10% да 7,9%. У той жа час доля выдаткаў на судовую сістэму вырасце з 9,4% да 9,8%», - канстатаваў Сіцько.
Ён адзначаў, што змяненне структуры выдаткаў бюджэту выклікае пэўныя турботы. «Бюджэт не павінен стаць бюджэтам спажывання», - падкрэсліваў Сіцько.
Пры гэтым змяненне структуры выдаткаў казны ў 2020 годзе паказвае на тое, што зроблены крок менавіта да бюджэту спажывання. Дарэчы, у наступным годзе 10,1 млрд рублёў з кансалідаванага бюджэту будзе накіравана на выплату заробкаў бюджэтнікам, што на 16% больш у параўнанні з узроўнем 2019 года.
Акрамя гэтага, 2 млрд рублёў (амаль 8% у адносінах да сукупных выдаткаў рэспубліканскага бюджэту) казна павінна будзе накіраваць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва для павелічэння пенсій, дапамог і іншых выплат.
У выніку, упершыню за многія гады бюджэт у наступным годзе можа быць выкананы з дэфіцытам сумаю амаль мільярд рублёў.
Стан дзяржаўных фінансаў Беларусі залежыць ад Расеі
Ці з'яўляецца гэты дэфіцыт часовым, выкліканы выдаткамі ў год прэзідэнцкіх выбараў? Ці трывожны званочак паказвае на тое, што дэфіцыт у бюджэце захаваецца і ў будучыні? І наколькі істотны гэты дэфіцыт?
«Мяркуючы са статыстыкі, Мінфін праводзіць агрэсіўную палітыку з мэтай бюджэтнай эканоміі і назапашвае запасы. Прафіцыт рэспубліканскага бюджэту ў студзені-кастрычніку сфармаваны сумаю 3,7 млрд рублёў. Акрамя гэтага, валютныя запасы ўрада на рахунках у Нацбанку, якія ўваходзяць у ЗВР, на 1 лістапада складалі 4,66 млрд даляраў», - адзначыў у каментары для БелаПАН фінансавы аналітык Аляксандр Муха.
Такім чынам, кажуць эксперты, назапашаная сур'ёзная падушка бяспекі, і, магчыма, запазычанні для фінансавання дэфіцыту бюджэту ў наступным годзе прыцягваць не спатрэбіцца.
«Пакуль у гадавой перспектыве з улікам назапашаных ашчаджанняў мінулых гадоў дзяржава зможа без асаблівых цяжкасцяў прафінансаваць дэфіцыт у бюджэце, які можа ўзнікнуць налета», - выказала здагадку ў размове з карэспандэнтам БелаПАН акадэмічная дырэктарка Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
А вось як будзе развівацца сітуацыя ў сферы дзяржаўных фінансаў Беларусі пасля 2020 года, залежыць ад пастаноў Расеі, мяркуюць эканамісты.
Дарэчы, Даследчы цэнтр ДПМ нядаўна падлічыў, што праз расейскі падатковы манеўр у нафтавай сферы страты беларускага бюджэту ў 2019-2024 гадах могуць скласці 6,6 млрд даляраў.
«Страты, якія прадбачацца, - гэта сур'ёзны выклік для Беларусі, улічваючы, што нашы рэзервы цяпер складаюць крыху больш за 9 млрд даляраў. Калі прыбыткі казны, што выпадуць, будуць такія істотныя, казаць пра бюджэт развіцця або бюджэт спажывання не давядзецца. У нас проста не будзе рэсурсаў для гэтых мэтаў», - перакананы Муха.
Беларускія эканамісты аднадушныя ў меркаванні, што сітуацыя ў сферы дзяржаўных фінансаў Беларусі будзе залежаць ад вынікаў перамоў з Расеяй у нафтагазавых пытаннях.
«Але па тым, як гэтыя перамовы ідуць, можна меркаваць, што вялікага прафіцыту ў бюджэце, які мы назіралі ў апошнія гады, у нас не будзе. Вялікі дэфіцыт мы сабе дазволіць таксама не зможам. А калі Расея нам не дасць хоць бы частковую кампенсацыю за падатковы манеўр, вялікая верагоднасць бюджэтна-падатковай рэформы», - мяркуе Барнукова.