25 снежня 2025, Чацвер, 13:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПВК «Вагнера» на баку Хафтара: Ці стане Лівія для РФ другой Сірыяй?

ПВК «Вагнера» на баку Хафтара: Ці стане Лівія для РФ другой Сірыяй?

Крэмль увязае ў канфлікце ўсё глыбей.

Паводле звестак шэрагу СМІ, расейская ПВК Вагнера актыўна ўдзельнічае ў вайне ў Лівіі

У студзені 2020 года ў Берліне павінна прайсці міжнародная канферэнцыя пра мірнае ўрэгуляванне ў Лівіі. Запрашэнне ўдзельнічаць у ёй ужо атрымалі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. Аднак ні той, ні іншы пакуль цалкам не пацвердзілі свайго намеру там прысутнічаць, піша dw.com.

Выступаючы перад журналістамі 18 снежня ў Жэневе, турэцкі лідар заявіў наступнае: "Паглядзім, хто возьме ўдзел у сустрэчы ў студзені, і тады пастановім, хто будзе ўдзельнічаць з нашага боку". У сваю чаргу Уладзімір Пуцін, размаўляючы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Меркель (Angela Merkel) у сярэдзіне снежня, падкрэсліў гатоўнасць Расеі да прадаўжэння спрыяння пасярэдніцкім намаганням у гэтым кірунку з боку Нямеччыны і ААН. Аднак і ён пакінуў адкрытым пытанне пра свой удзел у берлінскай канферэнцыі пра Лівію ў студзені.

Як сказала Меркель 13 снежня ў Брусэлі, канфлікт у Лівіі – гэта "вайна праз пасярэднікаў", вайна чужымі рукамі. Гэтае меркаванне падзяляюць многія эксперты, уважаючы Расею і Турцыю ў гэтай сувязі важнымі гульцамі.

У апошні час шэраг міжнародных СМІ паведамляў, што Масква актыўна ўмешваецца ў ваенны канфлікт у Лівіі. Як кажа Андрэас Дытман (Andreas Dittmann) – эксперт у Лівіі з Гісенскага ўніверсітэта, у паўночнаафрыканскай краіне цяпер ідзе вайна з удзелам многіх цяжка аддзельных адзін ад аднаго франтоў.

Храналогія вайны ў Лівіі

Пасля скідання рэжыму Муамара Кадафі і ягонага забойства ў 2011 годзе ў Лівіі пачалася барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі і палітычнымі сіламі. У чэрвені 2014 года ў краіне прайшлі парламенцкія выбары: перамогу на іх атрымала антыісламісцкае аб'яднанне нацыяналістаў і лібералаў, якое падтрымліваў генерал Халіфа Хафтар.

Ісламісты, якія саступілі, адмовіліся прызнаваць вынікі галасавання. Узніклы паміж бакамі канфлікт перарос у грамадзянскую вайну, якая доўжыцца да гэтага часу. Абраны парламент быў вымушаны перамясціцца з Трыпалі ў Тобрук на ўсходзе краіны.

ААН паспрабавала прымірыць два варожыя лагеры і спыніць кровапраліцце. У Трыпалі быў створаны прызнаны міжнароднай супольнасцю ўрад нацыянальнай згоды (УНЗ), які ўзначаліў Фаіз Сарадж. УНС з пачатку 2016 года кіруе краінай, але да сёння кантралюе толькі невялікую тэрыторыю, якая прымыкае да Трыпалі.

Парламент у Тобруку прызначыў генерала Хафтара камандавальнікам самаабвешчанай "Лівійскай нацыянальнай арміяй". Генерал Хафтар і палітычныя структуры на ўсходзе краіны не хочуць прызнаваць урад Сараджа. З красавіка 2019 года Хафтар прадпрымае спробы наступу на Трыпалі.

Пытанне пра прысутнасць ПВК Вагнера ў Лівіі

Паводле звестак часопіса Foreign Policy, з верасня 2019 года Расея задзейнічае ў вайне ў Лівіі сваіх вайскоўцаў. Сярод іншага, гаворка ідзе пра выдатна падрыхтаваных і высока дысцыплінаваных байцоў структуры ПВК Вагнера, піша выданне. Як расказаў карэспандэнту часопіса лівійскі камандзір Махамед аль-Дарат, які змагаецца на баку УНС, пра прафесіяналізм снайпераў ПВК Вагнера кажуць высокадакладныя стрэлы ў грудзі і галаву, ад якіх загінулі 30 адсоткаў даручаных яму салдатаў.

Пра ПВК Вагнера казаў і Эрдаган, калі ў пачатку снежня паведаміў, што ягоная краіна гатовая адправіць войскі ў Лівію, калі ўрад Фаіза Сараджа папросіць яго пра гэта. Нягледзячы на тое, што Расея дагэтуль аспрэчвае існаванне гэтай структуры, турэцкі лідар, мяркуючы з усяго, прытрымліваецца іншага меркавання. З паведамленняў некаторых СМІ, у сярэдзіне снежня Эрдаган заяўляў, што, паводле ягоных звестак, "ахоўная кампанія з Расеі пад назвай Вагнер існуе, і яе супрацоўнікі былі адпраўленыя ў Лівію".

Да восені гэтага года генерала Хафтара падтрымліваў і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Аднак у лістападзе дэлегацыя з Вашынгтона пад кіраўніцтвам пасла ЗША ў Лівіі Рычарда Норланда дала Хафтару зразумець, што яму варта спыніць распачаты вясной наступ на Трыпалі. Пры гэтым амерыканскія дыпламаты заявілі, Злучаныя Штаты занепакоеныя тым, што "расейскі бок выкарыстоўвае канфлікт у Лівіі ва ўласных інтарэсах".

Інтарэсы Масквы ў вайне ў Лівіі

Масква падтрымлівае кантакты з урадам у Тобруку, а расейскія энэргакампаніі маюць кантракты з лівійскай Нацыянальнай нафтавай карпарацыяй (NOC). І тым не менш многае сведчыць пра тое, што Пуцін робіць стаўку на перамогу генерала Хафтара ў барацьбе за ўладу ў Лівіі.

На сёння пад кантролем арміі Халіфа Хафтара знаходзяцца практычна ўсе буйныя радовішчы нафты ў Лівіі. Адно з іх – радовішча Гадамес на поўначы краіны – ужо сёння актыўна асвойваецца расейскім прадпрыемствам "Татнафта". Калі ў Масквы атрымаецца замацавацца ў лівійскім нафтавым сектары, у яе ў руках апынуцца і важныя вагары ўплыву на міжнародным рынку, якія ў выпадку неабходнасці можна было б задзейнічаць і для развязання палітычных пытанняў.

Гэта ж адносіцца і да праблемы міграцыі. Лівія на поўначы Афрыкі з'яўляецца сёння важным "перавалачным пунктам" для мігрантаў, якія рухаюцца ў напрамку Еўропы. Калі б Масква магла ўплываць на гэтыя міграцыйныя плыні, яе палітычная вага ў дыялогу з Еўропай магла б сур'ёзна павялічыцца.

Пазіцыя ЕЗ у лівійскім канфлікце

На думку гісторыка Адэля аль-Латыфа, выкладніка Парыжскага ўніверсітэта, на фоне цяперашніх падзей у Лівіі стрыманасць Еўропы кідаецца ў вочы. "Сітуацыя, у якой Еўропа вагаецца і не займае выразную пазіцыю, не новая, – адзначае ён у інтэрв'ю DW. – Раней тую ж карціну можна было назіраць у Сірыі і Украіне, і гэта пры тым, што Украіна знаходзіцца так блізка ад ЕЗ". "Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў краінаў Еўразвязу няма адзінай пазіцыі датычна Лівіі. Так, Італія выступае на баку ўрада ў Тобруку, а Францыя падтрымлівае генерала Хафтара", – дадае эксперт.

Што тычыцца Нямеччыны, то Берлін у пошуках развязання лівійскага канфлікту па-ранейшаму робіць стаўку на дыпламатыю. Для многіх іншых дзяржаваў ЕЗ прыярытэтам з'яўляюцца ўласныя інтарэсы ў рэгіёне.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках