Праціўнікі акумулятарнага завода ў Берасці зноў выйшлі на плошчу
3- 22.12.2019, 15:10
- 31,072
Гараджанаў абурыла баязлівасць мясцовых чыноўнікаў.
Апоўдні нядзелі 22 снежня на плошчы Леніна ў Берасці, дзе напярэдадні ўрачыста запалілі агні галоўнай ялінкі горада, сабралася блізу 100 актывістаў.
Гараджане абмяркоўвалі распачаты судовы працэс супраць кампаніі «АйПаўэр», апавёў «Брестской газете» праваабаронца Раман Кісляк.

«Людзі абураюцца, што прадстаўнікі аблвыканкама патрабавалі зрабіць працэс закрытым», – паведаміў праваабаронца.
Акрамя таго, актывісты казалі, што меркавалі, прадстаўнікі завода не прызнаюць пазоў Берасцейскага аблвыканкама, што і адбылося.

Нагадаем, у эканамічным судзе Берасцейскай вобласці 17 снежня прайшло папярэдняе пасяджэнне паводле пазову Берасцейскага аблвыканкама да ТАА «АйПаўэр». Паколькі ў названы тэрмін завод не быў уведзены ў эксплуатацыю (ён да гэтага часу не ўведзены – заўв. аўт.), аблвыканкам ў аднабаковым парадку скасаваў дамову і запатрабаваў кампанію вярнуць грошы – адпаведны ліст быў адпраўлены «АйПаўэру» ў жніўні 2019 года. Аднак гэтае патрабаванне кампанія не выканала. Таму выканкам звярнуўся з пазовам у суд.
Як паведаміў naviny.by актывіст Дзмітрый Андрасюк, які прысутнічаў на судовым паседжанні, аблвыканкам заявіў хадайніцтва пра разгляд пазову ў закрытым пасяджэнні. Суддзя адхіліў гэтае хадайніцтва, але забараніў прысутным весці аўдыязапіс у судзе.

Андрасюк не выключае, што наступнае судовае паседжанне будзе закрытым: «Напэўна, чыноўнікі баяцца, што іхнія абмылы вылезуць вонкі».
Пасля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12:40, праціўнікі будаўніцтва завода традыцыйна прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця – Пушкінскай і Савецкай – да кінатэатра «Беларусь». У сустрэчы ўдзельнічалі блізу ста чалавек.