У Менску хочуць зрабіць платным уезд у цэнтр
40- 22.12.2019, 15:40
- 50,166
Пачаць хочуць з грузавікоў.
Мянчане прапанавалі гарадскім уладам увесці плату за ўезд у зону ўнутры першага кальца на асабістым транспарце. Высветлілася, над падобным праектам ужо працуюць – і пачаць хочуць з грузавікоў.
Петыцыю з прапановай увесці плату за ўезд у зону ўнутры першага кальца апублікавалі на сайце Petitions.by. Яна сабрала 155 подпісаў, і яе адправілі ў Менгарвыканкам, піша tut.by.
«Мяркуем, што такі захад вызваліць цэнтр горада ад затораў і дазволіць "адваяваць" дарогі для палосаў грамадскага транспарту, роварных дарожак і пашырэння ходнікаў, – гаворыцца ў петыцыі. – Мяркуем, што цэнтр горада больш чым забяспечаны грамадскім транспартам і няма вялікай неабходнасці прывозіць сваё аўто ў перагружаны раён з асабістых мэтаў. Большасць мянчанаў, рухаючыся з заходняй часткі горада ва ўсходнюю, паводле наяўных у нас звестак, выкарыстоўваюць другое кальцо і МКАД. Асноўная транзітная плынь у цэнтры прыпадае на пр. Незалежнасці і вул. Нямігу».
Частку аўто актывісты прапануюць вызваліць ад платы – напрыклад мясцовых жыхароў, а таксама тых, хто едзе па пэўных вуліцах.
Складальнікам петыцыі прыйшоў адказ з подпісам дырэктара ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валерыя Шкуратава. Высветлілася, падобны праект ужо прапрацоўваюць – і пачаць збіраць плату хочуць з грузавікоў.
«Адпаведнымі падраздзяленнямі Менгарвыканкама прапрацоўваецца пытанне разгрузкі МКАД і вулічна-дарожнай сеткі горада ад грузавога аўтатранспарту шляхам збору платы за праезд ТС з дапушчальнай агульнай масай больш за 3.5 тоны, – гаворыцца ў дакуменце. – У выпадку паспяховай рэалізацыі дадзенага этапу будзе прынятая пастанова пра мэтазгоднасць пераносу прынцыпу працы дадзенай сістэмы на іншыя віды транспарту».
Праўда, канкрэтных тэрмінаў улады не называюць, як і межаў тэрыторыі, уезд на якую стане платным.