Ва Узбекістане праходзяць першыя парламенцкія выбары пасля смерці Карымава
- 22.12.2019, 16:08
- 6,075
Да ўдзелу ў выбарах дапушчаныя пяць партый і палітычных аб'яднанняў.
Ва Узбекістане праходзяць першыя парламенцкія выбары пасля смерці прэзідэнта Іслама Карымава ў 2016 годзе. У нядзелю, 22 снежня па ўсёй краіне адкрыліся 10,2 тысячы выбарчых участкаў, яшчэ 55 – за мяжой. Блізу 20,5 мільёна ўзбекскіх выбарнікаў маюць права ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах у Заканадальную палату парламента Олій мажліс, а таксама ў мясцовыя рады – кенгашы, паведамляе DW.
Упершыню права галасавання прапанаванае зняволеным, якiя адбываюць пакаранне за ўчыненне няцяжкіх злачынстваў. У датэрміновым галасаванні з 12 да 18 снежня удзельнічалі амаль 150 тысячаў грамадзянаў, у тым ліку амаль 90 тысячаў за межамі краіны. На парламенцкіх выбарах у 2014 годзе датэрмінова прагаласавалі толькі 8,3 тысячы чалавек.
Пяць партый
Да ўдзелу ў выбарах дапушчаныя пяць партый і палітычных аб'яднанняў: Рух прадпрымальнікаў і справавых людзей – Ліберальна-дэмакратычная партыя Узбекістана (УзЛіДэП), Дэмакратычная партыя Узбекістана "Мілій цікланіш", Сацыял-дэмакратычная партыя "Адалат", Народна-дэмакратычная партыя Узбекістана і Экалагічная партыя Узбекістана. 65 адсоткаў кандыдатаў упершыню балатуюцца на парламенцкіх выбараў, значная іх частка маладзейшая за 40 гадоў. 41 адсотак прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты – жанчыны.
Выбары праходзяць у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, прынятым у чэрвені з ініцыятывы прэзідэнта Шаўката Мірзіёева. Сярод іншага быў уведзены адзіны электронны спіс выбарнікаў, які выключаў шматразовае галасаванне.
Яўка выбарнікаў за тры гадзіны пасля адкрыцця ўчасткаў перавысіла 24 адсоткі, паведаміў ЦВК. Выбарчыя ўчасткі зачыняцца а 18-й гадзіне паводле Менска, папярэднія вынікі плануецца апублікаваць 23 снежня. Заканадальная палата Олій мажліса налічвае 150 дэпутатаў. 135 з іх абіраюцца на аснове прамога галасавання, яшчэ 15 дэлегуе Экалагічны рух Узбекістана.
Узбекістан – краіна года паводле версіі The Economist
У снежні брытанскі часопіс The Economist назваў Узбекістан краінай года. Эксперты выдання асабліва вылучылі рэформы, якія прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў ініцыяваў у пачатку 2018 года. Паводле іхніх словаў, яшчэ ў 2016 годзе Узбекістан з'яўляўся "старамоднай постсавецкай дыктатурай" і "закрытым грамадствам, кіраваным выключнай жорсткасцю і некампетэнтнасцю".
Аднак прапагандаваныя цяперашнім прэзідэнтам пераўтварэнні "паскорыліся за апошні год", падкрэсліваюць аўтары. Сярод іншага ўлады рэспублікі "ў значнай ступені спынілі" прымусовую працу і зачынілі турму "Жаслык" – адну з самых вядомых пенітэнцыярных установаў краіны з благой рэпутацыяй.