Польшча на словы Пуціна пра Другую сусветную: Прапаганда ў стылі сталінізму
13- 22.12.2019, 16:18
- 20,298
МЗС Польшчы абвінаваціў улады Расеі ў скажэнні карціны Другой сусветнай вайны.
Міністэрства замежных справаў Польшчы жорстка раскрытыкавала словы Пуціна пра прычыны і ход Другой сусветнай вайны і параўнала іх з прапагандай часоў сталінізму.
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на заяву МЗС Польшчы.
Пазіцыя дыпламатычнай установы, апублікаваная ў суботу, з'яўляецца рэакцыяй на словы расейскага прэзідэнта, які ў пятніцу раскрытыкаваў вераснёвую рэзалюцыю Еўрапейскага парламента адносна пачатку Другой сусветнай вайны.
Пуцін запярэчыў, сярод іншага, што пакт Молатава-Рыбентропа стаў прычынай Другой сусветнай вайны. Ён сказаў, што на Польшчу напала нацысцкая Нямеччына, а СССР увёў свае войскі, паколькі польскі ўрад страціў кантроль над сваімі ўзброенымі сіламі.
Пуцін таксама сказаў, што Польшча выкарыстала Мюнхенскае пагадненне 1938 года, каб рэалізаваць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі і адабраць у Чэхаславакіі Заользе.
"Мы з непакоем і недаверам адзначылі выказванні прадстаўнікоў улады РФ, сярод іншых прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, якія тычацца генезісу і ходу Другой сусветнай вайны, што малююць фальшывы вобраз падзей. Яны нагадваюць прапагандысцкія наратывы эпохі сталінскага таталітарызму, якую асудзіў нават савецкі лідар Мікіта Хрушчоў", – заявіла польскае МЗС.
Міністэрства падкрэсліла, што 1 верасня 1939 года нацысцкая Нямеччына пачала жорсткую ўзброеную агрэсію супраць Польшчы, а 17 верасня, згодна з дамоўленасцямі паміж таталітарнымі рэжымамі, на Польшчу напалі савецкія войскі, парушыўшы тым самым палажэнні Пакта аб ненападзенні 1932 года.
"У той час польская армія змагалася з нямецкай арміяй, а польскі ўрад знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы. Агрэсія Чырвонай арміі была парушэннем міжнароднага права. 28 верасня 1939 Савецкі Саюз падпісаў яшчэ адно пагадненне з Трэцім рэйхам Аб межах і сяброўстве, якое санкцыянавала падзел польскай тэрыторыі паміж двума захопнікамі", – адзначылі ў польскім МЗС.
У міністэрстве падкрэслілі: паводле ацэнак гісторыкаў, савецкія рэпрэсіі ў перыяд паміж 1939 і 1945 гадамі закранулі 566 тысячаў чалавек – столькі людзей былі арыштаваныя, дэпартаваныя і забітыя.
"Польскі бок мяркуе, што правільным шляхам вядзення польска-расейскага гістарычнага дыялогу з'яўляецца аднаўленне працы Групы ў складаных пытаннях, якая мае свае дасягненні, уключаючы дамоўленасці пра ролю Савецкага Саюза ў развязванні Другой сусветнай вайны.
Словы прэзідэнта РФ з'яўляюцца адмаўленнем супольнай працы польскіх і расейскіх экспертаў, а таксама дасягненняў яго папярэднікаў – Міхаіла Гарбачова і Барыса Ельцына, якія, нягледзячы на цяжкасці, спрабавалі шукаць шлях ісціны і прымірэння ў польска-расейскіх стасунках", – дадалі ў міністэрстве.