Гары Паганяйла: Паглядзім, як павядуць сябе ўлады пасля прызнання Гараўскага
28- 22.12.2019, 17:46
- 28,567
Павінна быць праведзенае маштабнае і аб'ектыўнае расследаванне справы знікнення апанентаў Лукашэнкі.
Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла пракаментаваў сайту palitviazni.info гучныя заявы былога беларускага спецназаўца, які прызнаўся ў забойстве вядомых палітычных асобаў Беларусі.
Нагадаем, на ютуб-канале нямецкага СМІ «Дойчэ Веле» з'явілася відэаінтэрв'ю з былым байцом САХРа Юрыем Гараўскім, у якім ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у забойстве экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.
Гараўскі падрабязна апавёў, як ён удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму.
– Юрый Гараўскі – не адзін спецназавец, хто меў дачыненне да забойстваў Ганчара і Захаранкі, а потым з'ехаў на Захад. З адным з іх, дарэчы, я асабіста размаўляў у Бельгіі.
– Чаму гэтыя людзі пачынаюць апавядаць падрабязнасці, хоць раней маўчалі? Можа быць, таму, што хочуць атрымаць палітычны прытулак у іншай краіне?
– Гэта таксама не выключаецца, але, магчыма, і таму, што людзі хочуць зняць грэх з душы. Яны хочуць выказацца, тым больш, знаходзячыся за мяжой у бяспекі. На іх цяжка беларускім уладам паўплываць, але дапытаць паводле крымінальнай працэдуры можна, калі да гэтага з боку Беларусі будзе праяўленая цікавасць. Таму пры жаданні сведчанні таго ж Гараўскага можна замацаваць, як доказы, каб потым гэты чалавек мог супрацоўнічаць з судом.
Сёння можна дапытаць паводле відэаканферэнцыі цi даручыць тым дзяржавам, з якімі ў нас ёсць дамова пра юрыдычную дапамогу ў крымінальных справах. Урэшце, беларускія следчыя могуць выехаць і дапытаць Гараўскага і іншых сведак. Можна даведацца, дзе знаходзіцца чалавек, ён жа там на легальным становішчы, не хаваецца. Калі чалавек даў інтэрв'ю, адкрыў свой твар, то яго можна ідэнтыфікаваць. Усё гэта магчыма.
Тым больш, што павінна быць у адпаведных структурах і асабістая справа Гараўскага, усё можна праверыць, наколькі ў рэальнасці факты суадносяцца з заявамі, якія потым дапамогуць у расследаванні справы знікнення палітыкаў. Гэта рэальны сведка, хай пакуль і з нявызначаным працэсуальна-прававым статусам.
– Беларускія ўлады, на Ваш погляд, адрэагуюць на гэтыя прызнанні былога спецназаўца?
– Як ужо казаў, адгукнуцца на такія факты дзяржава павінна абавязкова. Калі ж пачнуць казаць, што гэта лухта і выдумкі чалавека, які такім чынам хоча зарабіць грошай і атрымаць палітычны прытулак, а афіцыйныя ўлады не зробяць ні аднаго кроку, каб высветліць праўдзівасць словаў былога спецназаўца, то гэта будзе азначаць, што Гараўскі сказаў праўду і ад грамадскасці хочуць схаваць гэтую праўду.
І грамадскасць, і міжнародныя структуры ўжо дваццаць гадоў гавораць, што ў краіне павінна быць праведзенае маштабнае і аб'ектыўнае расследаванне справы знікнення апанентаў Лукашэнкі, каб вінаватыя былі вызначаныя і паўсталі перад судом.
Таму цяпер мы паглядзім, як павядуць сябе ўлады пасля прызнання Гараўскага. Гэта будзе своеасаблівая лакмусавая паперка для таго, каб убачыць, ці маюць улады дачыненне да гэтай гучнай справы. Каб даказаць адваротнае, улады цяпер павінны правесці паўнавартаснае расследаванне паводле факта інтэрв'ю спецназаўца і ягоных заяваў.
Цяпер справа аб знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага прыпыненая, але толькі паводле адной заявы Гараўскага трэба скасаваць пастанову аб прыпыненні крымінальнай справы і аднавіць расследаванне.