У Гомелі праз ДТЗ апора ЛЭП павалілася на тралейбус
4- 22.12.2019, 20:31
- 14,413
ДТЗ адбылося на скрыжаванні вуліц Савецкай і Кожара.
Увечары 22 снежня на скрыжаванні вуліц Савецкай і Кожара ў Гомелі адбылося сур'ёзнае ДТЗ з удзелам тралейбуса і двух легкавых аўтамабіляў.
Пра гэта паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама.
Паводле папярэдняй інфармацыі, а 17.45, 19-гадовы кіроўца Opel рухаўся вуліцай Савецкая з боку вуліцы Малайчука ў крайняй правай паласе. Пры пад'ездзе да скрыжавання з вуліцай Кожара, маладзён надумаў апярэдзіць тралейбус і пераехаў на крайнюю левую паласу. У гэты час на ёй стаяў аўтамабіль BMW з уключаным левым паваротам.

Opel, паспрабаваўшы апярэдзіць грамадскі транспарт, пры пераездзе назад у крайнюю правую паласу зачапіў BMW. Ад удару Opel адкінула направа, дзе адбылося сутыкненне з тралейбусам. Opel выкінула за межы праезнай часткі, дзе ён рэзнуўся ў апору ЛЭП і апынуўся паміж збітым слупам і тралейбусам.

Да месца ДТЗ прыбылі супрацоўнікі ДАІ, работнікі МНС і медыкі. На гэты час па медыцынскую дапамогу звярнуўся пасажыр грамадскага транспарту. Высвятляюцца ўсе абставіны аварыі.
