3 траўня 2024, Пятніца, 4:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая акцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі

45
Новая акцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі
Фото: «Радыё Свабода»

Беларусы зноў выйшлі на вуліцы.

Учора ў Менску прайшла масавая акцыя пратэсту супраць так званай «інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Акцыя працягвалася блізу пяці гадзін і сабрала тысячы ўдзельнікаў.

Пра акцыю за незалежнасць у цэнтры Менска напісалі вядучыя сусветныя СМІ. За пратэстамі ў Беларусі назірае ўвесь свет.

Адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец заклікаў сёння а 12:00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску працягнуць акцыю пратэсту супраць так званай «інтэграцыі» Беларусі і Расеі. У акцыі ўдзельнічала блізу 2 тысяч чалавек. Пасля мітынгу на плошчы прайшло шэсце па цэнтры горада да амбасады Расеі. У амбасаду Расеі ўдзельнікі акцыі перадалі рэзалюцыю, прынятую на мітынгу. У рэзалюцыі выказваецца пратэст супраць так званай «глыбокай інтэграцыі» Беларусі і Расеі, падпісання «дарожных карт», заяўляецца аб нелегітымнасці любых пагадненняў, якія падпішуць улады Беларусі і Расеі. Пагадненні, падпісаныя дыктатарам Лукашэнкам і Пуціным і іх даверанымі асобамі, беларусы не прызнаюць і не будуць ім падпарадкоўвацца. Удзельнікі акцыі заклікаюць міжнародную супольнасць да салідарнасці з беларускім народам, не прызнаваць легітымнымі іх пагаднення і ўвесці санкцыі за з іх падпісанне.

Затым людзі зноў вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу. Мерапрыемствы доўжыліся амаль 5 гадзін. Арганізатары акцыі заклікалі людзей выйсці 20 снежня, а 18-00 на Кастрычніцкую плошчу Менску, калі будуць праходзіць новыя перамовы паміж Пуціным і Лукашэнкам.

Сайт Charter97.org вядзе тэкставую анлайн-трансляцыю падзей на вуліцах Менска.

16:50

Акцыя скончаная, удзельнікі скандуюць «Люблю Беларусь!». Арганізатары заклікалі зноў выйсці 20 снежня, а 18-00 на Кастрычніцкую плошчу. Дзякуй, што былі з намі!

16:47

На плошчу прыйшоў знакаміты мастак Алесь Марачкін. Ён заявіў, што шчаслівы, што беларусы б'юцца за незалежнасць, гэта кажа пра тое, што «Беларусь будзе Жыць!».

16:42

«Хай 20 снежня тысячы людзей скажуць на плошчы Каліноўскага «Жыве Беларусь!», - заявіў Павал Севярынец і даў мікрафон актывісту Змітру Марчуку, які праспяваў песню на словы Генадзя Бураўкіна «Мы здалёк убачылі свабоду».

16:38

«Мы папярэдзілі краіну-агрэсара, што Беларусь будзе вольнай еўрапейскай краінай!», - сказаў на Кастрычніцкай плошчы Вячаслаў Сіўчык.

Ён зноў заклікаў людзей выйсці 20 снежня, а 18-00 на Кастрычніцкую плошчу Менску. Таксама палітык заклікаў прыняць удзел у акцыі прадстаўнікоў усіх апазіцыйных арганізацый і структур, а таксама заклікаў да падтрымкі і салідарнасці з Беларуссю беларускія дыяспары за мяжой. «Мы павінны быць разам!», - сказаў Сіўчык.

16:35

«У мяне цудоўны настрой, нашы людзі выклікаюць энтузіязм. Наша моладзь будзе вольная ад мафіёзных структур Расеі і Беларусі. 7 мільёнаў чалавек - за свабодную Беларусь і мы пераможам!», - сказаў адзін з удзельнікаў акцыі.

16:31

Мінакі вельмі прыхільна вітаюць удзельнікаў акцыі, паказваюць рукамі знак V (перамога).

16:29

Людзі падыходзяць да Кастрычніцкай плошчы. Вялікі сцяг, які неслі ў руках, нанізалі на дрэўка і ён лунае над калонай.

Фота: «Радыё Свабода»

16:24

Людзі прыйшлі на плошчу Свабоды. Развяваюцца шмат бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама сцягі Украіны і Літвы.

16:22

«Я шчаслівы, што ў Беларусі прайшлі гэтыя дзве акцыі. Бог нам дапамагае. Мы молімся, каб Бог нам даў сапраўдную незалежнасць, дэмакратычны ўрад, нацыянальную царкву, а не маскоўска-акупанцкую ўладу», - сказаў мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

16:17

Частка людзей са сцягамі пераходзяць праезную частку на Нямізе. Частка стаіць на прыступках. Выглядае ўражліва і прыцягвае ўвагу мінакоў. Многія здымаюць акцыю на мабільнікі.

16:15

Цяпер яны падымаюцца па прыступках з Нямігі на плошчу Свабоды. Лозунгі гучаць вельмі гучна: «Верым! Можам! Пераможам!».

16:05

Калона знаходзіцца на Нямізе і прыцягвае ўвагу вялікай колькасці мінакоў. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!», «Незалежнасць!».

15:57

Акцыя доўжыцца ўжо 4 гадзіны. Калона пад сцягамі рухаецца па набярэжнай Свіслачы да Нямігі.

15:55

Беларусы ідуць міма так званага «дома Чыжа». Адзін з яго жыхароў вывесіў з балкона бел-чырвона-белы сцяг. Людзі вітаюць яго словамі «Жыве Беларусь!».

Фота: «Радыё Свабода»

15:50

Вячаслаў Сіўчык падвёў вынікі акцыі: «Дзве акцыі былі паспяховымі, улічваючы беларускія рэаліі, людзей выйшла вельмі шмат. Гэта «беларускi чын». Мы заклікалі людзей выходзіць 20 снежня а 18-00 на плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую). Ніякага Лукашэнкі ў Беларусі без падтрымкі Расеі даўно б не было. Беларусы заўсёды выходзілі, калі ўзнікала пагроза незалежнасці Беларусі, і будуць выходзіць. Беларусы здольныя да самаарганізацыі. Маскве не атрымаецца зрабіць так, каб беларусы маўчалі».

15:29

На пытанне, чаму людзі не разыходзяцца, адна з удзельніц адказала: «Вяртаемся на плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую). Нягледзячы на вялікую колькасць АМАПу ля амбасады, дух ёсць, сцягі ёсць, мы застаёмся. Тое, што Лукашэнка і Пуцін учора нічога пакуль не падпісалі, кажа пра тое, што і наш голас мае вагу».

15:26

Частка ўдзельнікаў акцыі пад нацыянальнымі беларускімі сцягамі накіроўваецца ў цэнтр горада. Развяваюцца нават еўрапейскія сцягі і дзяржаўны сцяг Украіны.

15:16

Пасля перадачы петыцыі людзі пачынаюць сыходзіць ад амбасады РФ. Частка з іх зноў накіроўваецца ў цэнтр горада. Шмат хто кажа, што гатовыя абараняць Беларусь, гатовыя да рашучых дзеянняў і прыйдуць на акцыю 20 снежня.

Фота: «Наша Ніва»

15:14

Удзельніца акцыі пенсіённага ўзросту па імі Марыя кажа: «Нам трэба стаяць усім. Не глядзець у вокны і назіраць! Я вось сядзела дома, а потым усё кінула і прыбегла. Я не хачу здавацца!».

15:10

Каля амбасады РФ на вуліцы Старавіленскай працягваецца стыхійны мітынг. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!», «Не - Пуціну, не - Лукашэнку!», «Каліноўскі!».

15:09

Павел Севярынец перадаў петыцыю ўдзельнікаў мітынгу ў абарону незалежнасці супрацоўніку беларускай міліцыі, які абяцае перадаць яе ў расейскую амбасаду. Ён пайшоў з ёй у амбасаду РФ.

У рэзалюцыі выказваецца пратэст супраць так званай «глыбокай інтэграцыі» Беларусі і Расеі, падпісання «дарожных карт», заяўляецца пра нелегітымнасць любых пагадненняў, якія падпішуць ўлады Беларусі і Расеі. Пагадненні, падпісаныя дыктатарамі Лукашэнкам і Пуціным і іх даверанымі асобамі, беларусы не прызнаюць і не будуць ім падпарадкоўвацца. Удзельнікі акцыі заклікаюць міжнародную супольнасць да салідарнасці з беларускім народам, не прызнаваць легітымнымі іх пагадненні і ўвесці санкцыі праз іх падпісанне. Беларусы маюць намер дамагацца вяртання сваіх правоў і свабод.

15:05

Людзей значна больш за амапаўцаў. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!». Севярынец просіць не падыходзіць блізка да амапаўцам і кажа, што сёння «мы абараняем і іх права жыць у свабоднай Беларусі».

15:03

Людзі стаяць насупраць ланцугу АМАПу і скандуюць «Ганьба!».

Фота: «Наша Ніва»
Фота: «Наша Ніва»

15:01

Удзельнікі акцыі ля амбасады РФ скандуюць «Незалежнасць!».

15:00

Павел Севярынец заявіў, што ўдзельнікі акцыі маюць намер перадаць петыцыю мітынгу ў абарону незалежнасці. Начальнік менскага АМАПу Дзмітрый Балаба паведаміў, што запросіць да пратэстоўцаў супрацоўнікаў амбасады РФ.

14:59

Людзі ўсё роўна ідуць да амбасады РФ. Блізу сотні супрацоўнікаў АМАПа разгрупаваныя вакол амбасады.

14:55

Праход да амбасады Расеі перакрыты ланцугом з супрацоўнікаў АМАПа.

14:40

Людзі працягваюць рух да амбасады Расеі.

14:37

Затрыманага кіроўцу пасадзілі ў машыну ДАІ. Людзі крычаць «Фашысты!».

Фота: «Белсат»

14:36

З'явіліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, яны хаваюць свае твары пад шалікамі і балаклавамі. Людзі скандуюць «Ганьба!».

14:35

Людзі крычаць «Адпускай!».

14:34

Людзі акружылі ДАІшнікаў і патрабуюць адпусціць кіроўцу.

14:33

Супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, які вітаў удзельнікаў шэсця сігналам. Людзі крычаць «Ганьба!»

14:29

У шэсці бяруць удзел самыя розныя людзі, вельмі шмат моладзі. Усе яны заяўляюць пра гатоўнасць выходзіць і на наступныя акцыі.

Фота: «Радыё Свабода»

14:27

Калона пад нацыянальнымі сцягамі працягвае рух да амбасады Расеі ў Менску.

14:17

Гучаць новыя папулярныя лозунгі: «Баста інтэграцыі з Расейскай Федэрацыяй!», «Адправім Сашу ў Рашу!».

Фота: «Наша Ніва»
Фота: «Наша Ніва»

14:14

З дынамікаў гучыць песня Сяргея Міхалка «Не быць скотам!». Маладая дзяўчына, якая ідзе наперадзе калоны, падняла плакат «Расея - дзярмо».

14:09

Вячаслаў Сіўчык паведаміў, што людзі ідуць да амбасады Расеі.

14:08

Людзі працягваюць ісці па праспекце Машэрава і скандуюць «Далучайся!».

Фота: «Наша Ніва»
Фота: «Наша Ніва»

13:58

Людзі скандуюць «Не інтэграцыі - слава нацыі!», «Незалежнасць!»

13:54

Малады чалавек нясе плакат, на якім намаляваная карта Расеі і словы «Хопіць жэрці - лопнеш!».

13:53

Удзельнікі акцыі спыніліся каля будынка былой управы Беларускага Народнага Фронту (Машэрава, 8). Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!». Затым людзі рушылі далей.

13:48

Калона звярнула на вуліцу Машэрава (Варвашэні), пастаянна скандуючы патрыятычныя лозунгі.

13:44

Людзі ідуць па праспекце Незалежнасці, пляскаюць, падняўшы рукі, і скандуюць «Жыве Беларусь!».

13:42

Мянчук па імі Яўген кажа: «Не магу ўспомніць, калі можна было так прайсціся па вуліцах Менска. У наш час трэба мець выразныя погляды і адвагу, каб выйсці на вуліцу".

13:40

Калона вельмі моцна расцягнулася, людзі ідуць па вузкіх ходніках. Людзей сапраўды шмат.

Фота: «Радыё Свабода»

13:39

Калона прыйшла на плошчу Перамогі.

13:31

Малады чалавек, які нясе вялікі нацыянальны сцяг, кажа: «Што трэба чалавеку? Свабода. Чалавек нараджаецца вольным, дык чаму ён павінен паміраць несвабодным?».

Фота: «Наша Ніва»

13:30

Удзельнікі акцыі скандуюць «Моладзь - за Беларусь!». Сярод удзельнікаў, сапраўды, шмат маладых людзей.

13:27

Калона рушыць па праспекце Незалежнасці па мосце праз Свіслач у бок вуліцы Машэрава (Варвашэні), дзе раней знаходзілася ўправа Партыі БНФ.

13:25

Мянчук, які ўдзельнічае ў шэсці, кажа, звяртаючыся да суайчыньнікаў: «Выходзьце і далучайцеся да нас. Іначай забяруць краіну. Трэба, каб як мага людзей, зразумелі, што яны адказныя за краіну. Досыць сядзець на канапах у інтэрнэце. Трэба выходзіць».

13:17

Удзельнікі акцыі спяваюць песню Сяргея Міхалка «Грай» словамі «Ганi быкоў - вярнецца доля!». Аўтамабілі вітаюць людзей, сігналамі.

Фота: «Наша Ніва»

13:15

У шэсці за незалежнасць, як і ўчора, удзельнічаюць блізу 2 тысяч чалавек.

Фота: tut.by

13:12

Калона рухаецца па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Перамогі. Гучаць лозунгі «Ніякіх саюзаў з імперскай Расеяй!», «Слава нацыі, няма інтэграцыі!», «Жыве Беларусь!».

13:09

Арганізатары заклікаюць удзельнікаў акцыі прайсціся па вуліцах Менска. У галаве калоны разгарнулі вялікі нацыянальны сцяг.

Фота: «Наша Ніва»

13:05

Маладая дзяўчына трымае ў руках плакат «Мае вочы адкрыліся». Яна кажа, што будзе выходзіць на акцыю ў падтрымку незалежнасці і свабоды Беларусі і ўпэўненая, што беларусы змогуць дамагчыся сваёй мэты. Дзяўчына адзначыла, што нічога не баіцца, таму што «змагаецца за правую справу».

13:01

Павел Севярынец заклікае ўдзельнікаў акцыі далучацца да грамадзянскай кампаніі «Еўрапейскай Беларусі», БХД, «Маладога Фронту» і руху «Разам».

12:54

Аднагалосна прынятая рэзалюцыя ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі. У рэзалюцыі выказваецца пратэст супраць так званай «глыбокай інтэграцыі» Беларусі і Расеі, падпісання «дарожных карт», заяўляецца пра нелегітымнасць любых пагадненняў, якія падпішуць улады Беларусі і Расеі. Пагадненні, падпісаныя дыктатарамі Лукашэнкам і Пуціным і іх даверанымі асобамі, беларусы не прызнаюць і не будуць ім падпарадкоўвацца. Удзельнікі акцыі заклікаюць міжнародную супольнасць да салідарнасці з беларускім народам, не прызнаваць легітымнымі іх пагадненняў і ўвесці санкцыі за іх падпісанне. Беларусы маюць намер дамагацца вяртання сваіх правоў і свабод.

Фота: «Радыё Свабода»

12:46

Менскі студэнт прыйшоў на плошчу з плакатам са словамі Кастуся Каліноўскага «Тады Толькі зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля не будзе».

«Расея нічога добрага дня нас ні зрабіла. Яна прыносіла толькі вайны. Я буду выходзіць на ўсе акцыі ў падтрымку незалежнасці», - кажа малады чалавек.

12:43

Выступіў адзін з кіраўнікоў руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Ён адзначыў, што 8 снежня 1991 году на нашай зямлі «быў убіты асінавы кол у імперыю зла». Ён заклікае беларусаў не здавацца і змагацца за сваю краіну.

12:40

На Кастрычніцкай плошчы ўжо больш за 1000 чалавек. Людзі працягваюць падыходзіць.

Фота: «Наша Ніва»

12:38

Выступае пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў. Ён чытае сваё эсэ «Незалежнасць - гэта...»

12:36

Людзі становяцца ланцугом, каб абараніць удзельнікаў акцыі.

Фота: «Радыё Свабода»

12:34

Міліцыянты спрабуюць затрымліваць удзельнікаў акцыі. Удзельнікі акцыі блакуюць міліцыю і не даюць нікога схапіць.

12:31

Супрацоўнікі міліцыі зноў папярэджваюць удзельнікаў акцыі і патрабуюць разысціся. Людзі крычаць «Не разумеем! Па-беларуску!», патрабуючы, каб яны спынілі размаўляць на расейскай мове, і «Ганьба!».

Фота: «Радыё Свабода»

12:28

Святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы чытае малітву за Беларусь.

12:26

Гучаць лозунгі «Не аншлюсу!», «Верым! Можам! Пераможам!». Пачынаецца мітынг.

Фота: «Наша Ніва»

12:24

Людзі ідуць да Палаца рэспублікі, каб правесці там мітынг.

Фота: «Радыё Свабода»

12:22

На плошчы ўжо больш за 500 чалавек. Людзі скандуюць «Ніякіх саюзаў з Расеяй!».

Фота: spring96.org

12:19

Мужчына з Баранавічаў распавядае, чаму прыехаў на акцыю: «Праз тое, што Лукашэнка ўчора з'ехаў з Сочы мы не павінны спыняцца, нам не трэба супакойвацца, нічога напраўду не змянілася. Апетыты Крамля адносна Беларусі не сталі меншымі і гатоўнасць Лукашэнкі здаць краіну засталася ранейшай. Яму як не было веры, так і няма».

12:16

Павел Севярынец робіць пераклічку, каб даведацца з якіх рэгіёнаў прыехалі на акцыю людзі. Называюцца шмат гарадоў Беларусі.

Фота: «Радыё Свабода»

12:15

Актывістка партыі «Народная Грамада, якая трымае ў руках плакат «Бывай немытая Расея!», Заклікае беларусаў быць больш актыўнымі і не сядзець у інтэрнэце. «Я заўсёды буду ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, таму што мне не ўсё роўна!», - кажа маладая дзяўчына.

Фота: «Наша Ніва»

12:11

Малады мянчук кажа журналістам: «Мы маем сёння ў Беларусі аўтарытарны рэжым, як і ў Расеі. Але ў беларусаў больш магчымасцяў змяніць сітуацыю. Мы не хочам патрапіць у расейскае «балота». Мы розныя людзі з расейцамі, у нас ёсць культурны кантраст, мы павінны самі выбіраць сваю ўладу і ў ідэале далучыцца да Еўрапейскага звязу».

12:09

На плошчы ўжо знаходзіцца блізу двухсот чалавек. Людзі падымаюць нацыянальныя сцягі, разгортваюць плакаты з лозунгамі супраць інтэграцыі Беларусі і РФ.

12:05

Павел Севярынец заклікае людзей не баяцца і прыходзіць на плошчу. Ён нагадвае, што сёння - гадавіна распаду СССР і падпісання Белавежскіх пагадненняў. Людзі вітаюць яго словы лозунгам «Жыве Беларусь!».

Фота: «Наша Ніва»

12:03

Людзі працягваюць падыходзіць на Кастрычніцкую плошчу. Многія накінулі на плечы нацыянальныя сцягі, частка людзей узняла сцягі. Падышла міліцыя, патрабуе разысціся. Людзі крычаць «Жыве Беларусь!» і патрабуюць, каб міліцыянты з імі размаўлялі па-беларуску.

Фота: spring96.org

11:56

Павел Севярынец падзякаваў за арганізацыю акцый у падтрымку незалежнасці Беларусі актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, рух «Разам», «Малады Фронт». З яго слоў, план сённяшняй акцыі будзе агучаны пазней.

11:54

На плошчы ўжо знаходзяцца лідар БХД Павал Севярынец, актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Казлоў, Васіль Жораў, адзін з лідараў сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Валянцін Трокскі і іншыя.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках