13 траўня 2024, панядзелак, 7:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЕЗ прынялі новую пастанову пра «Паўночны струмень-2»

1
У ЕЗ прынялі новую пастанову пра «Паўночны струмень-2»
ФОТА: NORD STREAM 2/AXEL SCHMIDT

Нямеччына павінна ўзгадніць свае прапановы з Еўракамісіяй.

У спрэчцы пра папраўкі да еўрапейскай Газавай дырэктывы (частка Трэцяга энэргапакета ЕЗ), якія тычацца трубаправодных праектаў, падобных да «Паўночнага струменя-2», у Еўразвязе дасягнуты новы кампраміс. Камітэту сталых прадстаўнікоў ЕЗ і Еўрапарламенту ўдалося дасягнуць пагаднення, паведамляла ў ноч на сераду, 13 лютага, Еўракамісія, піша dw.com.

У сувязі з будаўніцтвам «Паўночнага струменю-2» Еўракамісія яшчэ ў 2017 годзе прапанавала ўнесці змены ў еўрапейскую газавую дырэктыву. Згодна з прапановай Брусэля, на газаправоды з трэціх краін у ЕЗ павінны распаўсюджвацца тыя ж правілы, што і на трубаправоды ўнутры Еўразвязу. Адное з іх: пастаўшчык газу не можа быць адначасова ўладальнікам газаправода, а яго аператар абавязаны даваць доступ да яго іншым пастаўшчыкам блакітнага паліва.

Выключэнні толькі са згоды Еўракамісіі

Нямеччына імкнулася прадухіліць прыняцце гэтых паправак. У выніку ўрад ФРГ на мінулым тыдні пасля спрэчкі з Францыяй дасягнуў кампраміснага развязання, згодна з якім новыя правілы будуць распаўсюджвацца і на «Паўночны струмень-2», аднак Нямеччына атрымлівае права рабіць выключэнні з іх.

Дасягнуты паміж пасламі ЕЗ і Еўрапарламентам кампраміс уносіць яшчэ адно дапаўненне: Нямеччына па-ранейшаму зможа рабіць выключэнні з правілаў ЕЗ для «Паўночнага струменю-2», аднак пасля праверкі і ўхвалення іх Еўракамісіяй.

У Брусэлі задаволены дасягнутым кампрамісам. Цяпер еўрапейская Газавая дырэктыва будзе адпавядаць сваім першапачатковым мэтам, гаворыцца ў заяве Еўракамісіі. Выключэнні з правілаў для еўрапейскага энэргетычнага рынку магчымыя толькі пры жорсткіх умовах, у вызначэнні якіх будзе актыўна ўдзельнічаць Еўракамісія. Новыя правілы будуць распаўсюджвацца на ўвесь Еўразвяз і на тэрытарыяльныя воды краін ЕЗ.

Газаправод «Паўночны струмень-2» павінен пастаўляць газ у Нямеччыну ў абыход іншых краін наўпрост з Расеі, работы для будаўніцтва плануецца закончыць у 2019 годзе. У гэтым жа годзе мінае тэрмін дамоўленасці паміж Масквой і Кіевам пра транзіт газу праз Украіну.

Канцлерка ФРГ Ангела Мэркель (Angela Merkel) выступае ў абарону праекту, адзначаючы, што ён не паставіць Нямеччыну або Еўропу ў залежнасць ад Масквы і не пазбавіць Украіну ролі транзіцёра расейскага газу. У той жа час шэраг еўрапейскіх краін Польшча, Украіна і краіны Балтыі, а таксама ЗША крытыкуюць праект, мяркуючы, што ён пагражае энэргетычнай бяспецы Еўропы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках