У Берасці «дэпутаты» спалохаліся актывістаў
4- 13.03.2019, 15:49
- 12,958
Берасцейскім актывістам не далі выступіць на паседжанні «савета дэпутатаў».
Выступіць на пасяджэнні мясцовага «савета дэпутатаў» не далі прадстаўнікам Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) і актывістам арганізацыі «За свой горад!» у Берасці. Пра гэта «Радыё Рацыя» паведаміў палітык Ігар Маслоўскі. Актывісты хацелі падняць тэму кіёскаў «Тытунь» у горадзе.
«Дэпутаты» хутка заслухалі і амаль аднагалосна цягам гадзіны прагаласавалі аб трынаццаці пытаннях.
- На сесію мы ішлі і рыхтаваліся выступіць, бо мы неслі ад імя грамадзян праект для галасавання «дэпутатаў». На жаль, наша пытанне не было ўключанае ў парадак дня. Пасля заканчэння сесіі я спытаў аб гэтым у выканаўцы абавязкаў старшыні. Ён сказаў, што наша «пытанне разгледжанае на прэзідыуме, і ўжо дадзены адказ». Адказ мы яшчэ не атрымалі, але, я думаю, што мы будзем яго абскарджваць, - распавёў Маслоўскі.
Грамадскім дзеячам таксама забаранілі весці відэаздымку. Таму ім удалося зняць на камеру толькі пачатак пасяджэння.