2 траўня 2024, Чацвер, 11:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандыдат у прэзідэнты Украіны Раман Бяссмертны прапанаваў замяніць Канстытуцыю краіны

8
Кандыдат у прэзідэнты Украіны Раман Бяссмертны прапанаваў замяніць Канстытуцыю краіны
РАМАН БЯССМЕРТНЫ
ФОТА: GLAVCOM.UA

Экс-амбасадар у Беларусі бачыць Украіну парламенцкай дзяржавай.

Кандыдат у прэзідэнты Украіны Раман Бяссмертны прадставіў праект Канстытуцыйнага акту, распрацаваны групай спецыялістаў на чале з Уладзімірам Шапавалам, паведаміў афіцыйны сайт палітыка.

Бяссмертны адзначыў, што Асноўны закон Украіны шматкроць перапісваўся пад кожнага прэзідэнта, а апошнія змены з парушэннем закона былі ўнесеныя 22 лютага 2014 года. На думку кандыдата ў прэзідэнты, пасля гэтага ўлада так і не вярнулася ў легітымнае поле.

"Асноўны закон павінен быць прыняты легітымным спосабам. А да гэтага моманту патрэбны пераходны дакумент. Нейкі масток паміж неканстытуцыйным сёння і ўпарадкаванай будучыняй. Я прапаную Канстытуцыйны акт. Гэта своеасаблівая дарожная карта. Дакумент выпісвае правілы арганізацыі дзяржавы ў пераходны перыяд і дазваляе распрацаваць і ўкараніць у жыццё новую Канстытуцыю", - заявіў Бяссмертны.

Распрацоўшчыкі дакумента мяркуюць, што Вярхоўная Рада павінна прыняць часовы дакумент канстытуцыйнай большасцю, пасля чаго парламент і прэзідэнт супольна ўтвараюць канстытуцыйную камісію для падрыхтоўкі праекта новай Канстытуцыі. На іх думку, распрацоўка і абмеркаванне дакумента зоймуць блізу паўтара гада. Затым за дакумент прагаласуе Вярхоўная Рада або яго прымуць на прызначаным прэзідэнтам усеўкраінскім рэферэндуме.

"На час пераходнага перыяду менавіта прэзідэнт павінен узяць на сябе ўсю адказнасць за перазаснаванне дзяржавы і прывесці краіну да новай мадэлі. Я бачу Украіну парламенцкай дзяржавай. У новай Канстытуцыі ключавой часткай павінны быць правы чалавека. Што да органаў улады і гэтак далей, гэта павінна быць адзначана, аднак падрабязна прапісана ў законах", - распавёў Бяссмертны.

Канстытуцыя Украіны была прынятая ў 1996 годзе, у яе сем разоў уносілі змены. Апошнія - у лютым 2019 года, калі ў Асноўным законе замацавалі стратэгічны курс Украіны на набыццё паўнапраўнага сяброўства ў Еўрапейскім Звязе і NАТО.

22 лютага 2014 Вярхоўная Рада прыняла пастанову №750-VII "Аб тэксце Канстытуцыі Украіны ў рэдакцыі 28 чэрвеня 1996 года, са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі законамі Украіны ад 8 снежня 2004 года №2222-IV, ад 1 лютага 2011 года №2952- VI, ад 19 верасня 2013 г. № 586-VII", але яна страціла моц у сакавіку 2014 года ў сувязі з уваходжаннем у дзеянне закона Украіны №742-VII "Аб аднаўленні дзеянняў асобных пунктаў Канстытуцыі Украіны" 21 лютага 2014 года. Гэты закон вяртаў Канстытуцыю ў рэдакцыі 2004 года, якая ўзмацняла паўнамоцтвы парламента і аслабляла ролю кіраўніка дзяржавы.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках