2 траўня 2024, Чацвер, 11:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Настоящее время»: Як беларускія «дармаеды» змагаюцца супраць незаконнага дэкрэта

23
«Настоящее время»: Як беларускія «дармаеды» змагаюцца супраць незаконнага дэкрэта
Фота: bortnikau.livejournal.com

Беларускія ўлады налічылі 425 тысяч «дармаедаў».

Тыя, хто трапіў у гэты спіс, будуць аплачваць усе камунальныя паслугі без дзяржаўных субсідый. Гэта значыць, што выдаткі на ЖКГ амаль у паўмільёна беспрацоўных у Беларусі вырастуць у некалькі разоў, паведамляе «Настоящее время».

Новы закон прыйшоў на змену дэкрэтам 2015 года «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Ён прадугледжваў выплату збору сумай блізу $180 грамадзянамі Беларусі, якія жылі на тэрыторыі краіны, але не працавалі больш за 183 дзён.

У 2017 годзе Дэкрэт №3, які ў народзе празвалі «дармаедскім», выклікаў ва ўсіх буйных гарадах Беларусі адну з самых масавых хваляў пратэсту.

У студзені 2018 года пад ціскам пратэстоўцаў «дармаедскі» закон скасавалі. На змену яму прыйшоў новы дакумент, які падзяліў беларусаў на «ўдзельнікаў» і «няўдзельнiкаў» у фінансаванні дзяржвыдаткаў. З 1 студзеня 2019 года тыя, каго спецыяльныя камісіі пры выканкамах вызначылі як «не ўцягнутых у фінансаванне дзяржаўных выдаткаў», павінны будуць плаціць за паслугі ЖКГ паводле поўнай стаўкі.

Для даведкі: кошт камунальных паслуг у менскай стандартнай двухпакаёвай кватэры плошчай 48 кв м, дзе пражывае сям'я з трох чалавек, зімой каштавацьме прыкладна 160 беларускіх рублёў - гэта блізу $80 у эквіваленце.

Калі, напрыклад, непрацуючы жыхар тыпавой двухпакаёўкі будзе прызнаны дармаедам, то ягоная штомесячная квітанцыя за гарачую ваду, газазабеспячэнне і ацяпленне вырасце прыкладна на $50. Такую ацэнку дае савет міністраў Беларусі.

Пра мэты новага дэкрэта неаднаразова выказваўся Лукашэнка, які ўжо чатыры гады кажа аб барацьбе з дармаедамі ў краіне:

«200 тысяч мы можам вызваліць - шматдзетных, хворых, інвалідаў. Людзей, якія, магчыма, хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца ў сілу жыццёвых абставінаў. Але 300 тысяч дзе? Дэкрэт №3 - гэта 300 тысяч тых, хто павінен працаваць, але не працуе. і мы павінны прымусіць іх працаваць. Вось і ўся ідэалогія», - казаў Лукашэнка ў 2017 годзе.

Гомельская хатняя гаспадыня Марыя Тарасенка пакуль адзіная з амаль паўмільёна так званых «дармаедаў», хто спрабуе праз суд дамагчыся скасавання абноўленага дэкрэта. Яна даводзіць, што ўсё адно ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў.

МАРЫЯ ТАРАСЕНКА

«Мы выплачваем ускосныя, ненаўпроставыя падаткі - ПДВ і акцызы. Акцызамі ў нас абляпілі даслоўна ўсё: у нас тавары першай неабходнасці усе ў акцызах», - тлумачыць сваю пазіцыю Марыя.

Складаннем спісу дармаедаў займаюцца спецыяльна створаныя камісіі садзейнічання занятасці пры выканкамах. Тарасенка падала ў суд Чыгуначнага раёна Гомеля скаргу праз уключэнне яе звестак у базу не занятых у эканоміцы. Адказ суда жанчыну здзівіў.

«Мы падалі пазоў на падставе таго, што дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі, і мы ўдзельнічаем у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Нам прыйшло паведамленне, што суду гэта непадсуднае, што яны гэта не будуць разглядаць. І яшчэ ўказалі, што, маўляў, ніякіх дзеянняў у дачыненні да вас не адбылося - за горла вас не ўзялі, у кішэню да вас ня залезлі, ну чаго вы хвалюецеся так?» - распавядае Марыя Тарасенка.

Адмову раённага суда яна абскардзіла ў апеляцыйнай інстанцыі абласнога суда. 15 сакавіка суд разгледзіць яе пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды. Адказчыкамі ў справе выступяць камісія для садзейнічання занятасці насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля і Камітэт працы, занятасцi i сацыяльнай абароны аблвыканкама, якія ўносяць людзей у спісы «дармаедаў».

Юрыдычную падтрымку Марыі надае праваабаронца і юрыст прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Леанід Судаленка. Леанід ужо два гады займаецца такімі справамі і нават атрымаў мянушку «адвакат дармаедаў».

ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА

У 2017 годзе Леанід займаўся дзвюма такімі справамі. Тады ён патрабаваў прызнаць дэкрэт неканстытуцыйным і давёў удзел сваіх падабаронных у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Два гады таму суд таксама прыняў пастанову аб непадсуднасці такіх скаргаў - як і цяпер у выпадку з яго падабароннай.

«У скарзе мы прасілі выключыць Марыю Тарасенку са спісу не занятых у эканоміцы і больш яе ў гэтым пытанні не турбаваць. Аднак суд адмовіў. Фактычна суд у Гомелі сказаў, што ўсе 500 тысяч незанятых у эканоміцы - паўмільёна беларусаў, якіх улада занесла ў гэты спіс, - не маюць права на судовую праверку дзеянняў так званых «дармаедскіх «камісій», - кажа юрыст Судаленка.

Паводле папярэдніх звестак Мінпрацы і сацабароны, у найбліжэйшыя тыдні першыя 54 тысячы чалавек, якія трапілі пад дзеянне абноўленага дэкрэта, атрымаюць квітанцыі з поўнай сумай да аплаты за падагрэў вады за студзень і люты. Паводле звестак дзяржаўнага агенцтва Белстат, у 2018 годзе 65% беларусаў жылі на суму, меншую за $250 на месяц.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках