2 траўня 2024, Чацвер, 5:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Швэдскую школьніцу вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру

3
Швэдскую школьніцу вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру
ГРЭТА ТУНБЕРГ
ФОТА: MARKUS SCHREIBER/AP

16-гадовая Грэта Тунберг захапіла сваім прыкладам тысячы аднагодкаў.

Швэдскія і нарвежскія палітыкі намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру 16-гадовую швэдскую школьніцу Грэту Тунберг за яе ўнёсак у экалагічны рух. Пра гэта паведамляе мясцовае выданне Aftonbladet (пераклад - РБК).

З ініцыятывай выступілі швэдскія дэпутаты Енс Хольм і Хокан Свенелінг з Левай партыі (складае ў парламенце меншасць), а таксама прадстаўнікі нарвежскага стортынгу (аднапалатнага парламента. - РБК) палітыкі Фрэдзі Андрэ Оўстэгорд, Мона Фагерас і Ларс Халтбрэкен з апазіцыйнага ўраду Сацыялістычнай левай партыі.

«Рух, які распачала Грэта, з'яўляецца вельмі важным унёскам у справу ўсёй планеты», - адзначыў Оўстэгорд.

Сама Грэта Тунберг адзначыла, што навіна аб вылучэнні яе кандыдатуры стала вельмі прыемнай. «Вельмі ганарова і прыемна быць намінаванай на такую выбітную прэмію. Гэта неймаверна і крыху дзіўна», - сказала школьніца ў размове з Aftonbladet.

Тунберг прыцягнула да сябе ўвагу грамадскасці ў жніўні мінулага года - пасля таго, як пачала «школьны страйк» перад будынкам парламента ў Стакгольме. Кожную пятніцу яна стаяла перад рыксдагам з заклікам да палітыкаў пачаць выконваць умовы Парыжскай дамовы ў скарачэнні шкодных выкідаў, заявіўшы, што не будзе наведваць школу, пакуль яе пажаданні не будуць выкананыя. Сваімі лозунгамі аб праблемах змены клімату дзяўчынка натхніла на пратэсты тысячы школьнікаў ва ўсёй Еўропе.

Парыжскае пагадненне аб клімаце - дакумент, які ў 2015 годзе падпісалі 170 краін у рамках намаганняў для стрымлівання працэсу глабальнага пацяплення. Сусветная супольнасць абавязалася зніжаць выкіды ў атмасферу, правесці найбліжэйшым часам тэхналагічнае пераўзбраенне ўсёй вытворчасці, а таксама адаптацыю да зменаў клімату. Прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што ЗША не будуць выконваць пагадненне. Ён спаслаўся на тое, што пры выкананні ўсіх пунктаў дамовы Злучаныя Штаты да 2025 года страцяць 2,7 млн працоўных месцаў.

У канцы лютага Тунберг правяла дэманстрацыю ў Берліне, у якой узялі ўдзел блізу 4 тысяч маладзёнаў. Юную актывістку павітала канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Яе запрашалі на канферэнцыю ААН у пытаннях клімату і на Сусветны эканамічны форум у Давосе. Швэдскія СМІ падчас нядаўняга апытання, прымеркаванага да Міжнароднага жаночага дня, называлі Тунберг жанчынай года.

На Нобелеўскую прэмію міру - 2019 намінавалі больш за 300 кандыдатаў

Сёлета на Нобелеўскую прэмію міру намінаваныя ўжо больш за 300 кандыдатаў (85 з іх - арганізацыі, 219 - людзі). Хто менавіта трапіў у спіс намінантаў, невядома. У Нобелеўскім камітэце адзначылі, што згодна з правіламі ні імёны намінантаў, ні звесткі аб чальцах Нобелеўскага камітэта не могуць быць раскрытыя цягам наступных 50 гадоў.

Летась прэмію прысудзілі лекару з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Дзянісу Муквеге і іракскай праваабаронцы Надзе Мурад Басе Таха. У 2014 годзе Нобелеўскую прэмію міру атрымала актывістка з Пакістана Малала Юсуфзай, якая змагаецца за права на адукацыю для мусульманскіх дзяўчат. На момант узнагароджання ёй было 17 гадоў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках