2 траўня 2024, Чацвер, 8:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскага журналіста судзяць за матэрыял, які перамог на конкурсе

3
Віцебскага журналіста судзяць за матэрыял, які перамог на конкурсе
ВІТАЛЬ СКРЫЛЬ
ФОТА: БАЖ

Выявілася, што супрацоўнікі Сенненскага РАУС уважліва глядзяць тэлеканал «Белсат».

Журналіста-фрылансера Віталя Скрыля абвінавачваюць у «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» на падставе ч.2 арт.22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь, за матэрыял, паказаны на тэлеканале «Белсат», піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Гэты відэасюжэт быў прызнаны адным з найлепшых на конкурсе, які праводзіў Віцебскі рэгіянальны медыяцэнтр. І хоць у матэрыяле гучыць імя аўтара сюжэту, у суд 14 сакавіка выклікалі менавіта Віталя Скрыля.

Паводле міліцэйскіх дакументаў, відэасюжэт аб мясцовым сырзаводе, які не працуе ў сувязі з недахопам сыравіны, супрацоўнікі Сенненскага РАУС убачылі на тэлеканале «Белсат» 26 студзеня. Міліцыянты апыталі 13 работнікаў, ці скардзіліся яны на стан прадпрыемства, і што за рэпарцёры запісвалі іх словы на відэа.

Усе апытаныя паказалі, што рэпарцёраў было двое, але ніхто не назваў ні іх імёнаў, ні характэрных прыкмет. На гэтым міліцэйская праверка скончылася. 25 лютага справу паводле падазрэння ў парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 КаАП скасавалі.

Аднак пракурор Сенненскага раёна, дарадца юстыцыі Ігар Лісоўскі вярнуў справу на паўторную праверку - расследаванне, на ягоную думку, было няпоўным.

Пракурор параіў праглядзець запісы з камер назірання сырзавода і суседніх прадпрыемстваў, каб вызначыць, хто прыязджаў у Сянно. Але відэакамеры, як высветлілася, запісаў не захоўваюць - працуюць толькі ў онлайн-рэжыме.

Тады супрацоўнікі міліцыі наважылі шукаць звесткі аб магчымых візіцёрах у інтэрнэце. І нейкім чынам трапілі адразу на сайт ГА «БАЖ», дзе прачыталі аб конкурсе журналісцкіх работ. Праўда, ні фатаграфіі Віталя Скрыля, ні згадкі пра тое, што менавіта ён з'яўляецца аўтарам матэрыялу «Белсата» там не знайшлося. Затое здымкі журналіста знайшліся ў пабліку «Твой Віцебск» - групе «Вконтакте», у якой усяго 102 удзельнікі.

Па фотаздымках, узятых з віцебскага пабліка, Віталя Скрыля пазналі ўсе, да каго звярнуліся супрацоўнікі міліцыі. Прычым даведаліся «слова ў слова»: запісы ў пратаколах апытання, складзеных старэйшым лейтэнантам Паўлам Осіпавым, практычна не адрозніваюцца.

Менавіта на гэтым апазнанні і грунтуецца ўся адміністрацыйная справа Віталя Скрыля. І яшчэ на тым, што ён з'яўляецца журналістам. Ніякіх довадаў таго, што ён незаконна вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю СМІ, сярод 44-х дакументаў, перададзеных у суд, няма.

Сенненскі раённы суд адправіў справу журналіста-фрылансера ў Віцебск, так што нікуды ехаць яму не давядзецца. Справа сёння будзе разглядацца ў судзе Віцебскага раёна, суддзём прызначаны Міхаіл Зубеня.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках