22 красавiка 2019, панядзелак, 22:11
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Беларус, які ўцёк з рабства ў РФ: На цагляным заводзе ёсць людзі з Салігорска, Гомеля, Віцебска

51
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Як 20-гадовы жыхар Слуцкага раёна выратаваўся з рабства ў Дагестане.

20-гадовы жыхар Слуцкага раёна трапіў у рабства ў Дагестане. 22 сакавіка яму ўдалося збегчы і дзякуючы валанцёрам выехаць у бяспечнае месца. «Кур'ер» распавядае пра тое, як прадаўжаецца выратавальная аперацыя і якія шанцы хлопца неўзабаве вярнуцца дадому.

У нядзелю, 24 сакавіка, маладзён яшчэ знаходзіўся ў Кізляры ў бяспечным месцы. За гэтыя дні Ігару спрабавалі зрабіць даведку. Але, са слоў Віктара, каардынатара пошукава-выратавальнага атрада «Сімуран», мясцовая міліцыя адмовілася выдаць хлопцу часовы дакумент. Гэта магчыма толькі праз афіцыйны запыт з боку МУС РФ.

Журналістам удалося звязацца з Ігарам і пагаварыць з ім. «Я дома не быў два гады. Да таго, як трапіў на цагляны завод, працаваў у некалькіх гарадах Расеі. Быў у Махачкале, Каспійску, Майкопе і іншых. Працаваў на фермах. Аднойчы прыехаў у Маскву, на вакзале пазнаёміўся з чалавекам. Пасядзелі, выпілі. Прыйшоў да цямы на заводзе», - распавёў хлопец.

Ігар распавёў, што, акрамя яго, на цагельні знаходзяцца людзі з Салігорска, Гомеля, Віцебска. Таксама ў рабстве ёсць мужчыны з расейскіх гарадоў - з Чэлябінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Тулы, Цверы і іншых.

Віктар, каардынатар пошукава-выратавальнага атрада, распавёў, што хлопцу набылі куртку і красоўкі. Ён знаходзіцца пад кругласутачным наглядам валанцёраў. Скардзіцца, што не выпускаюць на вуліцу папаліць.

Ігару ўдалося звязацца з роднымі і пагаварыць. Да гэтага сувязі з домам не было блізу года. Хлопец кажа, што размова была нядоўгай і бязрадаснай. Яму сказалі, што дома ўсё добра.

Сёння, 25 сакавіка, Ігара павінны пераправіць у Маскву, дзе яго перададуць супрацоўнікам міліцыі. Пасля гэтага ён некалькі дзён прабудзе ў аддзяленні для высвятлення асобы. Дадому адправяць толькі ў суправаджэнні.

«На гэты момант адчуваю сябе добра. Вельмі хачу дадому», - сказаў Ігар.

Дзякуючы сігналу ў сацсетках і пасля публікацыі ў СМІ ў той жа вечар удзельнікі «Слуцкага аўтаканала» з'ездзілі да сваякоў хлапца і паведамілі ім пра лёс сына.